Калі праца ў радасць

- 11:20Вышэйшая школа

Больш за 4 тысячы сталічных студатрадаўцаў задзейнічаны на аб’ектах Мінска, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Асноўны кірунак работы — сэрвісны, але захоўваюць свае пазіцыі таксама будаўнічы і педагагічны. Сёння ўпершыню будзе працаваць медыцынскі атрад — на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы.

У Фрунзенскім раёне студэнцкі атрад у сферы аказання паслуг імя Героя Савецкага Саюза Лёні Голікава на працягу цэлага месяца будзе займацца ўборкай і добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля вуліц Фрунзенскага раёна і прыпыначных пунктаў, размешчаных там. Для многіх студатрадаўцаў Фрунзенскі раён родны, і яны не раз выходзілі на суботнікі — афіцыйныя і неафіцыйныя, бо прыемна штовечар вяртацца дадому па прыбраных вуліцах. А цяпер за гэтую ініцыятыву яны яшчэ змогуць атрымаць грошы. Напрыклад, арганізацыя-наймальнік УП “Рамаўтадар” абяцае сярэдні заробак каля 600 рублёў, які, па словах юных работнікаў, дазволіць атрымаць калі не поўную фінансавую незалежнасць ад бацькоў, то дакладна магчымасць купіць сабе добры падарунак або абнавіць гардэроб.

Марта Ганцоўская, першы сакратар Фрунзенскага раённага камітэта БРСМ, адзначае, што традыцыйна ў іх шмат жадаючых папрацаваць летам. Нават чарга ёсць. І прычын гэтаму шмат:

— Па-першае, гэта добры спосаб падзарабіць (індывідуальна працаўладкавацца непаўналетнім складана); па-другое, гэта магчымасць знайсці сяброў, з карысцю правесці час; па-трэцяе, для ўдзель­нікаў студатрадаў праводзяцца выхаваўчыя мерапрыем­ствы: і паездкі, і кіно, і паходы ў музеі, і інш. Усё ж лепш, чым ся­дзець дома. Можна зрабіць сабе палёгку і папрацаваць на паўстаўкі, а можна максімальна сябе заняць. Працягласць рабочага дня залежыць ад узросту студатрадаўцаў: 14—15-гадовыя працуюць 4 гадзіны ў дзень, 16—17-гадовыя — 7 гадзін, а ў паўналетніх 8-гадзінны рабочы дзень.

У мінулым годзе Фрунзенскі раённы камітэт БРСМ перамог у конкурсе “Працоўны семестр”, і ўжо цяпер відавочна: лідзіруючыя пазіцыі тут здаваць не збіраюцца.

Аляксандра Скачкова, камандзір тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Фрунзенскага раённага камітэта БРСМ, гаворыць:

— Сёлета ў нас у раёне будуць працаваць 38 студатрадаў. Гэта больш за 450 чалавек. У асноўным яны будуць задзейнічаны на камунальных унітарных прадпрыемствах нашага раёна. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца сэрвісныя атрады — юнакі і дзяўчаты працуюць камплектоўшчыкамі тавараў у буйных гіпермаркетах сталіцы. Другі год запар былі сфарміраваны атрады ў сферы аказання паслуг на базе дзіцячых садоў сумесна з упраўленнем па адукацыі Фрунзенскага раёна. Сярод паўналетніх навучэнцаў каледжаў ёсць у нас і сэрвісныя атрады ў “Рамаўтадары”, будаўнічыя — у ААТ “МАПІД”. Актыўна бярэ да сябе на працу моладзь прадпрыемства “Мінскхлебпрам”. У арганізацыях “Зелянбуд Фрунзенскага раёна” і “Мінскзелянбуд” сфарміраваны атрады ў напрамку аховы навакольнага асяроддзя. Навучэнцы Індустрыяльна-педагагічнага каледжа ў жніўні пачнуць працаваць у складзе педагагічнага атрада ў лагеры “Барок”, што ў Валожынскім раёне. На базе ўстановы будуць задзейнічаны 8 студэнцкіх атрадаў: 5 — у сферы паслуг, 3 — педагагічныя.

Не менш папулярныя сэрвісныя атрады Кастрычніцкага раёна. Так, маладыя людзі прыбіраюць памяшканні пансіяната “Зорны”, што знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне, займаюцца выкладваннем тавараў на гандлёвых аб’ектах прадпрыемства “ДарОрс”, будучыя кухары ўжо сёння спрабуюць сябе ў справе, гатуючы бургеры і бульбу фры ў адным з сеткавых рэстаранаў хуткага харчавання.

Школьнікі найчасцей знаёмяцца з асновамі прафесіі азеляніцеля. Асноўным месцам іх дыслакацыі стала зялёная тэрыторыя завода “Інтэграл”. У найбліжэйшы канікулярны месяц ім трэба будзе азнаёміцца з асновамі гарадскога азелянення і папрактыкавацца ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, даведацца пра асаблівасці догляду кветак на клумбах і ў кашпо. Пакуль пад наглядам вопытных май­строў-азеляніцеляў навучэнцы, узброіўшыся секатарамі і садовымі нажніцамі, асвойваюць паркава-цырульніцкае майстэрства сярод ядлоўцаў. 

Цяперашняе лета выпрабоўвае студатрадаўцаў не толькі на працавітасць, але і на здольнасць хутка бегаць — па дзесяць разоў на дзень, “тасуючы” сонца з хмарамі, прымушае хавацца ад праліўнога дажджу ў фае завода і ўжо праз пару хвілін сустракае іх на рабочых месцах у кветніках і ў міні-дэндрарыі цёплымі прамянямі. Калі работа ў радасць, такія вымушаныя фізкультхвілінкі толькі дабаўляюць добрага настрою.

Святлана НІКІФАРАВА.