Калі працэс навучання жывы і займальны

- 10:20Адукацыйная прастора

Развіваць чытацкую пісьменнасць вучняў — адна з галоўных задач настаўнікаў-філолагаў. Менавіта ўдумлівае, асэнсаванае чытанне дапамагае набываць веды, развівае лагічнае мысленне, вучыць разважаць і рабіць высновы. Як жа дапамагчы вучню сфарміраваць чытацкія ўменні і навыкі, актывізаваць іх пазнавальную дзейнасць на ўроках літаратурнага чытання? Адказ відавочны: шукаць такія метады і прыёмы, якія будуць цікавыя вучням, дазволяць выйсці за межы статычных ведаў, паспрыяюць развіццю творчых здольнасцей.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 43 Магілёва Таццяна Мікалаеўна Галанава лічыць, што развіццю чытацкай пісьменнасці садзейнічае прыём актыўнага чытання. Перад знаёмствам з артыкулам падручніка “Беларуская літаратура перыяду 1966—1985 гадоў” школьнікі задаюцца пытаннем: “Чаму вылучаны менавіта такія храналагічныя рамкі?” Каб даць адказ, вучні павінны ўспомніць матэрыял, вывучаны ў 10 класе, уважліва прачытаць артыкул і звярнуцца да ведаў па гісторыі. Пры знаёмстве з тэмай “Беларуская літаратура на сучасным этапе” выкарыстоўваецца азнаямленчае чытанне, пры якім неабходна вызначыць галоўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай паэзіі, прозы і драматургіі. Вывучаючы жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава, карысна правесці аналітычнае чытанне, каб суаднесці розныя этапы біяграфіі пісьменніка і перыяды яго літаратурнай дзейнасці з развіццём тэматыкі і праблематыкі твораў аўтара. Сінтэтычнае чытанне эфектыўна прымяняецца педагогам пры вывучэнні навэл Георгія Марчука “Канон Маці”, “Канон Гарыні”, а таксама пры аналізе паэзіі Алеся Разанава, бо больш увагі звяртаецца не на незвычайную форму мастацкага твора, а на яго змест. Эмацыянальнае чытанне прадукцыйна выкарыстоўваецца пры вывучэнні паэзіі Яўгеніі Янішчыц.

Пасля прачытання аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў” вучні з задавальненнем выконваюць наступнае заданне: дзеляць герояў твора на дзве групы. Да першай адносяць тых, якіх можна назваць сапраўднымі людзьмі. Да другой — тых, каго лічаць “нелюдзямі”. Таксама перад чытаннем аповесці Васіля Быкава “Знак бяды” вучням прапануецца запоўніць табліцу “Свае” і “Чужынцы”. Гэты падзел юнакі і дзяўчаты павінны абгрунтаваць, пацвярджаючы свае меркаванні адпаведнымі радкамі тэксту, што дапаможа далейшай характарыстыцы мастацкіх вобразаў.

— Развіццё чытацкай пісьменнасці фарміруе здольнасць да разумення і асэнсавання тэкстаў, да прымянення іх зместу пры дасягненні ўласных мэт, дае магчымасці для ўдзелу ў жыцці грамадства і развівае здольнасці асобы разумець інфармацыю ў дакументальных, навуковых і мастацкіх тэкстах, — мяркуе Таццяна Мікалаеўна.

Уменні бачыць галоўнае ў тэксце, рабіць пэўныя высновы з апорай на прачытаны тэкст, выказваць свае меркаванні, умець іх абгрунтоўваць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 6 Мінска Таццяне Уладзіміраўне Аксютчык дапамагае развіваць прыём “Кросэнс”. Пабудова кросэнса, яго тлумачэнне — гэта эфектыўнае практыкаванне для развіцця творчага і лагічнага мыслення вучняў, удасканалення чытацкіх навыкаў.

— На маю думку, гэты метад дапамагае ісці ў нагу з часам, бо заснаваны на ўзаемадзеянні вучняў з уласным чытацкім і жыццёвым вопытам, а таксама з вопытам аднакласнікаў. Настаўнік выступае толькі як арганізатар, стваральнік умоў для праяўлення ініцыятывы вучняў, — заўважае Таццяна Уладзіміраўна. — На ўроках літаратуры я выкарыстоўваю кросэнсы як пры аналізе мастацкіх твораў, так і пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменнікаў. 

Кросэнс уяўляе сабой асацыятыўны ланцужок, замкнёны ў полі з 9 квадратаў, у якіх змешчаны выявы. Кожная выява звязана з папярэдняй і наступнай па сэнсе. Задача вучняў — стварыць кросэнс і растлумачыць яго, склаўшы аповед па ўзаема-звязаных выявах.

— Для таго каб стварыць кросэнс, вучню неабходна, ведаючы тэму, вызначыцца з агульнай ідэяй, — тлумачыць настаўніца. — Затым вылучыць 8—9 элементаў, якія маюць дачыненне да тэмы і ідэі і дапамагаюць у іх раскрыцці. Важна прадумаць сувязь паміж элементамі, іх паслядоўнасць. Асноўная ідэя павінна быць адлюстравана ў цэнтры. Калі элементы прадуманы, ідэя вызначана, неабходна падабраць выявы, якія будуць іх ілюстраваць. Пажадана прамыя вобразы замяніць сімвалічнымі. Пры гэтым вучань павінен прадумаць асацыятыўныя сувязі паміж вобразамі. Сувязі могуць быць як павярхоўнымі, так і глыбіннымі (гэта залежыць ад вопыту вучня, які стварыў кросэнс). Каб растлумачыць кросэнс, вучням неабходна зразумець асацыятыўны ланцужок.

У мінулым навучальным годзе вучнямі Т.У.Аксютчык былі створаны кросэнсы па апавяданнях М.Стральцова “Сена на асфальце” і І.Навуменкі “Сямнаццатай вясной”, па біяграфіях Р.Барадуліна і Я.Янішчыц.

Практыка паказвае, што работа з кросэнсам развівае вобразнае мысленне вучняў, іх крэатыўнасць. Выкарыстанне гэтага прыёму дапамагае больш глыбока разумець тэкст, бо ў кожнага вучня сваё асабістае ўспрыманне мастацкай ідэі, якую ён адлюстроўвае з дапамогай асацыятыўнага ланцужка. Разважаючы над змешчанымі ў кросэнсах выявамі, вучні вучацца выказваць і аргументаваць свае думкі, задаваць пытанні, спрачацца, актыўна асэнсоўваць змест, прыходзіць да агульных высноў, а значыць, глыбей разумець мастацкую ідэю твора. Актыўная вобразная і слоўная работа становіцца асновай для разумення і запамінання атрыманай інфармацыі. Вучні з задавальненнем працуюць з кросэнсам. Пры гэтым цяжка вызначыць, што ім падабаецца больш: складаць кросэнс ці разгадваць яго.

У метадычнай скарбонцы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Полацка імя Ф.Скарыны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Уладзіміраўны Казловай назапашаны шэраг эфектыўных прыёмаў для фарміравання камунікатыўных навыкаў вучняў. Так, прыём “Тры факты” выкарыстоўваецца пры аглядавым вывучэнні біяграфіі і творчасці пісьменніка. Настаўніца прапануе вучням у якасці дамашняга задання падабраць тры цікавыя факты з біяграфіі і творчасці пісьменніка і запісаць на асобныя лісткі паперы. На ўроку вучні ў групах (па 3—5 чалавек) агучваюць падабраныя факты і калектыўна выбіраюць тры найбольш цікавыя ад групы. На наступным этапе ўрока члены групы прадстаўляюць факты і наклейваюць лісткі з інфармацыяй на агульны калаж. У якасці дамашняга задання педагог можа прапанаваць падрыхтаваць на аснове атрыманага калажу маналагічнае выказванне. Асобна вызначаюцца крытэрыі ацэнкі: тэкст з 10 сказаў, абавязковыя факты як па біяграфіі, так і па творчасці, выказванне на беларускай мове, выступленне павінна мець уступ, асноўную частку і заключэнне. Такі прыём быў выкарыстаны на першым уроку пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Янкі Купалы: вучні падабралі малавядомыя факты з жыцця класіка, потым кожны дабавіў да іх яшчэ мінімум 10 фактаў, якія прагучалі ад аднакласнікаў. Стварэнне калажу — зрокавы вобраз інфармацыі, які сведчыць пра выніковасць сумеснай работы на ўроку.

Прыём “Характарыстыка персанажа, вобраза” Алена Уладзіміраўна прымяняе пры вывучэнні літаратурных вобразаў твора. Пры выкарыстанні такога прыёму развіваецца ўменне дамаўляцца, планаваць і арганізоўваць сумеснае дзеянне, калектыўна абмяркоўваць тэму, планаваць калектыўнае выступленне. У якасці дамашняга задання настаўніца прапаноўвае падабраць найбольш яркія цытаты для характарыстыкі асноўных вобразаў твора. На ўроку групы павінны за 7—10 хвілін абмеркаваць і аформіць інфармацыю на паперы: запісаць імя персанажа на блакітным прамавугольніку, ключавыя словы, што характарызуюць персанаж, — на аранжавых авалах, аформіць на жоўтым сцікеры цытату-характарыстыку вобраза, на ружовае воблака змясціць найбольш характэрную цытату (якую можна назваць дэвізам гэтага героя). Членам групы неабходна на месцах выбудаваць структуру прадстаўлення героя перад класам і агучыць сваю характарыстыку. Такім чынам можна працаваць з любым эпічным і ліраэпічным творам (напрыклад, па паэме Якуба Коласа “Новая зямля”, паэме Янкі Купалы “Бандароўна”).

На апошнім уроку па вывучэнні твора настаўніца прапаноўвае вучням творча прадставіць свой погляд на твор у выглядзе воблака слоў, сінквейна, міні-даследавання, новай дадатковай інфармацыі праз экранізацыю і г.д. На ўроку кожны вучань выходзіць да дошкі і прадстаўляе падрыхтаваную інфармацыю. Паралельна ствараецца калаж з вучнёўскіх работ, што дазваляе візуалізаваць інфармацыю, зрабіць яе больш запамінальнай, убачыць і пачуць сваё меркаванне ў параўнанні з меркаваннем аднакласнікаў, самавыявіцца.

— Да сумеснай работы вучняў трэба паступова рыхтаваць. Прымяненне прапанаваных прыёмаў, магчыма, не адразу будзе эфектыўным. У вучнёўскім калектыве павінна быць выпрацавана павага да меркавання іншых, сфарміравана ўменне прызнаваць іншы пункт гледжання, які адрозніваецца ад ўласнага, уменне працаваць у групах. І калі настаўнік прыкладзе намаганні для фарміравання асноўных камунікатыўных навыкаў у сваіх вучняў, то работа з вышэй прапанаванымі прыёмамі прынясе задавальненне як вучням, так і педагогу, — мяркуе А.У.Казлова.  

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 39 Магілёва Галіна Віктараўна Ларыёнава важнымі ў рабоце з вучнямі лічыць моманты, якія неабходна ўлічваць пры пастаноўцы пытанняў і атрыманні адказаў на іх. Да іх адносяцца: час на абдумванне адказу, пастаноўка пэўных недвухсэнсоўных пытанняў, зваротная сувязь на кожны адказ вучня, задаванне ўдакладняльных пытанняў ці пытанняў на роздум, заахвочванне вучняў прыводзіць дакладныя прыклады, якія пацвярджаюць зробленыя высновы.

Каб урок быў цікавым, педагог прытрымліваецца прынцыпу навізны. Пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка прапануе вучням пашукаць цікавыя факты пра яго, якія могуць зачапіць дзяцей. Дае вучням заданне “Знайсці 10 фактаў пра…”. Дзеці знаходзяць інфармацыю, якой няма ў школьным падручніку. У такім выпадку пісьменнік паўстае перад вучнямі як рэальная асоба і вывучэнне твораў атрымліваецца больш запамінальным і яркім. 

Падабаецца школьнікам і метад прагназавання. Чытаючы новы твор, настаўніца спыняецца на самым цікавым ці напружаным моманце і прапануе вучням прадказаць далейшае развіццё падзей. 

— Некаторыя варыянты бываюць вельмі цікавымі, — расказвае Галіна Віктараўна. — Потым вучні дачытваюць твор і выказваюць свае меркаванні: які варыянт ім больш спадабаўся і чаму. Гэты від работы над творам выпрацоўвае ў вучняў уменне прагназаваць далейшае развіццё падзей, складаць звязны тэкст, паслядоўна выказваць свае думкі перад класам. Выкарыстоўваць прыём прагназавання можна і пры аб’яўленні тэмы ўрока: можна папрасіць вучняў успомніць назвы ўжо вядомых ім твораў, назваць іх аўтара, успомніць яго сапраўднае імя, біяграфічныя звесткі. Напрыклад, пры вывучэнні ўрыўка “Дзядзька-кухар” з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа вучні прыгадваюць творы “Дарэктар”, “На рэчцы”, называюць аўтара і яго сапраўднае імя.

Часта вучні чытаюць тэкст у кароткім змесце. На ўроку можна падаць гэты тэкст з памылкамі. Вучні, працуючы ў парах, знаходзяць памылкі і падкрэсліваюць іх. У гэтым ім дапамогуць веданне гістарычных абставін, часу, калі пісаўся твор, асабісты вопыт вучняў, лагічнае мысленне. Вядома, тэкст павінен быць невялікім па змесце.

Метад “Гасцініца” садзейнічае развіццю ўменняў абагульняць, параўноўваць, рабіць высновы, самастойна мысліць. Аповесць В.Быкава “Жураўліны крык”: “Уявіце сябе адміністратарам гасцініцы. Вам трэба размясціць герояў аповесці так, каб усім было зручна і камфортна. Ёсць тры свабодныя нумары: аднамесны, двухмесны і трохмесны. Вашы прапановы? Абгрунтуйце іх (аднамесны — Карпенка; двухмесны — Аўсееў і Пшанічны; трохмесны — Свіст, Глечык, Фішар)”. Такім чынам, героі размяркоўваюцца па іх статусе ў атрадзе і ў адпаведнасці з тым выбарам, які яны робяць, апынуўшыся ў складаных абставінах.

Метад “5 з 25” педагог выкарыстоўвае падчас характарыстыкі герояў. Так, пры характарыстыцы вобразаў Міхала і Антося (паэма Якуба Коласа “Новая зямля”) вучні атрымліваюць дыдактычны матэрыял, дзе пералічваецца 25 варыянтаў адказу з рысамі нацыянальнага характару беларусаў. Кожны вучань павінен сам выбраць з прапанаванага пераліку 5 рыс, якія ён лічыць характэрнымі для вобразаў герояў (спачатку для вобраза Міхала, затым — Антося). Калі кожны вучань вызначыўся з выбарам, клас дзеліцца на групы па 5—7 чалавек. У групе дзеці разам выбіраюць агульныя 5 рыс, з якімі згодны ўсе члены падгрупы. Выбар робіцца шляхам дыскутавання, пераканання. На дошцы адводзіцца месца для запісу вынікаў выбару кожнай групы. Прадстаўнікі кожнай групы прэзентуюць свае вынікі і тлумачаць свой выбар. Па меркаванні Г.В.Ларыёнавай, каштоўнасць выкарыстання гэтага метаду ў тым, што працэс навучання робіцца жывым і займальным. Навучэнцы лягчэй засвойваюць вучэбны матэрыял, актывізуецца разумовая дзейнасць вучняў, яны вучацца аргументаваць, пераконваць, дасягаць згоды.

Выкарыстанне названых метадаў і прыёмаў у адпаведнасці з мэтай урока, зместам вучэбнага матэрыялу, улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей прыводзіць да змены адносін вучняў да працэсу навучання, павышае цікавасць і матывацыю да вывучэння прадмета.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.