Калі прызванне — выхаванне

Расказваць пра чалавека, з якім даўно знаёмы, лёгка і цяжка адначасова. Лёгка, бо добра ведаеш. Цяжка, бо рызыкуеш не пазбегнуць залішняга пафасу. У адносінах да Людмілы Іванаўны Мемех любая пафаснасць будзе недарэчнай, улічваючы спецыфіку яе прафесійнай дзейнасці. Выхаваўчая работа патрабуе канкрэтыкі, сур’ёзнага і адказнага падыходу, без якіх ператвараецца ў прафанацыю.

— Бацькі марылі, што іх трэцяя дачка стане ўрачом, а я бачыла сябе толькі настаўніцай, — прызнаецца начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Людміла Мемех. — З самага ранняга ўзросту літаральна расла ў школе. Маці, Марыя Ільінічна Банцэвіч, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Урокі, рэпетыцыі, школьныя вечарыны і іншыя мерапрыемствы здаваліся мне казачным падарожжам у чароўную краіну. Хацелася хутчэй вырасці і стаць вучаніцай. Старэйшых сясцёр дапякала просьбамі пачытаць мне што-небудзь. З 4 гадоў амаль не расставалася з кнігамі. У далейшым школа стала для мяне тым месцам, дзе не толькі набываюць веды. Прыём у піянеры, затым — у камсамол. Я з галавой акунулася ў грамадскую работу. Першы вопыт арганізатарскай дзейнасці атрымала на пасадах старшыні савета дружыны і сакратара школьнай камсамольскай арганізацыі. Граматы аддзела адукацыі, райкама і абкама камсамола паказалі, што ты нешта можаш і чагосьці варты.

Людміла Іванаўна з усмешкай гаворыць, што ў момант, калі неабходна было рабіць прафесійны выбар, выбару ў яе ўжо не заставалася: старэйшая сястра — настаўніца гісторыі, сярэдняя — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Большасць сямейных размоў — пра школу. Але пасля яе заканчэння (дарэчы, з залатым медалём) дзяўчына вырашыла не паступаць у інстытут. Атрымаўшы накіраванне райкама камсамола, яна прыйшла ў родную Пагост-Загародскую сярэднюю школу Пінскага раёна старшай піянерважатай. І толькі праз год паступіла на фізіка-матэматычны факультэт тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Трэцякурсніцай упершыню пераступіла парог 5 класа ў ролі настаўніцы матэматыкі, атрымала класнае кіраўніцтва. Пасля заканчэння інстытута здольнай дзяўчыне прапанавалі пасаду арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы.

— Бурлівае школьнае жыццё цалкам паглынула мяне, — успамінае Людміла Мемех. — Падчас летняга адпачынку вельмі сумавала па школьнай кругаверці. У школе сустрэла будучага мужа, з якім пераехала ў Брэст. Пэўны час працавала настаўніцай матэматыкі ў Гершонскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, затым — намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ў Брэсцкім эксперыментальным цэнтры падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі беспрацоўных. З 2009 года — у абласным ІРА. Кожная новая пасада станавілася выдатнай магчымасцю для набыцця новага вопыту. На сённяшняй пасадзе працягваю жыць праблемамі школы, толькі бачацца яны ўжо іншымі. Сярод самых сур’ёзных — раздзяленне адказнасці за выхаванне дзяцей паміж сям’ёй і школай. Глыбока пераканана, што адказнасць бацькоў за выхаванне ўласных дзяцей трэба павышаць.

Другая праблема — гэта гатоўнасць маладых спецыялістаў выконваць выхаваўчыя функцыі. Сёння ўніверсітэты рыхтуюць настаўнікаў-прадметнікаў, а не выхавальнікаў-практыкаў. Таму асноўная задача вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы абласнога ІРА заключаецца ва ўдасканаленні сістэмы бесперапыннай адукацыі педагогаў, якія займаюцца выхаваўчай дзейнасцю ў школах.

— Штогод павышаюць кваліфікацыю больш за тысячу слухачоў, сярод якіх класныя кіраўнікі, педагогі-арганізатары, педагогі дадатковай адукацыі, кіраўнікі і выхавальнікі дзіцячых аздараўленчых лагераў, выхавальнікі груп прадоўжанага дня, музычныя кіраўнікі дашкольных устаноў, настаўнікі музыкі, выяўленчага мастацтва і сусветнай мастацкай культуры, а таксама педагогі, якія рэалізоўваюць праграмы роўнага навучання і вядуць факультатывы па асновах праваслаўнай культуры, — расказвае Людміла Мемех. — Амаль столькі ж педагогаў праходзіць навучанне і праз удзел у семінарах, трэнінгах, практыкумах, фестывалях, педагагічных чытаннях і інш. Акрамя таго, вучэбна-метадычны цэнтр ажыццяўляе метадычнае суправаджэнне конкурсных мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню: конкурсаў на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня і на лепшую пастаноўку выхаваўчай работы ў рэгіёне, “Энергамарафону”, конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту і інш.

Людміла Іванаўна падрыхтавала шэраг метадычных матэрыялаў у дапамогу педагогам: “Арганізацыя выхаваўчай работы на вясенніх канікулах”, “Выкарыстанне метаду праектнай дзейнасці ў рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па фарміраванні прававой культуры і прававой свядомасці”, “Пра некаторыя пытанні ідэалагічнай работы з вучнямі”, “Рэсурсны цэнтр па напрамках выхаваўчай дзейнасці: стварэнне і арганізацыя работы” і інш.

— Хацелася б, каб кожны, хто звязвае прафесійную дзейнасць з выхаваннем, з’яўляўся першакласным прафесіяналам сваёй справы, які шчыра любіць дзяцей, гатовы ўкладваць у іх шмат сіл, энергіі і ведаў, а галоўнае — прыйшоў у прафесію па прызванні, — адзначае Людміла Мемех.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.