Калі псіхолаг — абаронца

- 15:23Сацыяльны ракурс

Абараніць дзіця, дапамагчы яму павінны, безумоўна, перш за ўсё бацькі. На жаль, не ўсе яны спраўляюцца з гэтай задачай, а некаторыя нават самі ўяўляюць пагрозу для дзяцей. На абарону правоў непаўналетніх становяцца спецыялісты па ахове дзяцінства, у тым ліку супрацоўнікі сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Пра напрамкі і асаблівасці работы педагогаў-псіхолагаў СПЦ мы пагутарылі з супрацоўнікамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Цэнтральнага раёна Мінска.

Пачну з таго, што псіхолагі тут — людзі невыпадковыя, сваю адданасць прафесіі пацвярджаюць ужо на працягу многіх гадоў. Так, Ала Віктараўна Кавалеўская працуе ў СПЦ больш за 13 гадоў — з моманту адкрыцця прытулку ў 2005 годзе, прычым паспявае адначасова выкладаць на кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка. Яна гаворыць, што практыка вельмі дапамагае ў выкладанні будучым педагогам. А дзейнасць выкладчыка псіхалагічных дысцыплін спрыяе развіццю ў якасці педагога-псіхолага СПЦ.

Алена Леанідаўна Бусловіч адлічвае свой стаж у цэнтры з 2011 года. Педагог-псіхолаг прызнаецца, што адзін з дапаможнікаў, які разам з Зінаідай Мікалаеўнай Ганчарык выдала яе калега, вывучыла ледзь не на памяць, калі прыйшла на работу ў СПЦ. Гэтая праца — “Псіхолага-педагагічная дапамога дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы” — адобрана Міністэрствам адукацыі. Кніга напісана на вопыце работы ў СПЦ, а Ала Віктараўна з таго часу склала яшчэ некалькі дапаможнікаў па пытаннях псіхолага-педагагічнага суправаджэння непаўналетніх у складаных жыццёвых абставінах.

— Задач і кірункаў работы псіхолагаў у СПЦ з кожным годам становіцца ўсё больш, таму было б вельмі дарэчы, калі б мы маглі ўзяць на работу яшчэ аднаго педагога-псіхолага, — гаворыць дырэктар СПЦ Ганна Анатольеўна Філімонава. — Хаця супрацоўнікі ў нас цудоўныя, робяць усё, што ў іх сілах па кожным кірунку дзейнасці СПЦ. Адзін з апошніх такіх напрамкаў — работа па пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 2017 года № 487 аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ўстаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Складаны падлеткавы ўзрост, неабходнасць работы з бацькамі, іншымі людзьмі з акружэння непаўналетніх, якія неаднойчы былі заўважаны міліцыяй за распіццем алкаголю або ўжываннем наркотыкаў, абумоўліваюць абавязковы ўдзел у такой рабоце псіхолагаў. Пакуль ні адзін з падлеткаў, з якімі давялося працаваць спецыялістам СПЦ і іншых зацікаўленых ведамстваў Цэнтральнага раёна сталіцы, не трапіў у выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу, што, канечне, радуе, але не дае падставы супакойвацца.

Ніхто не цешыць сябе надзеяй, што работы па пастанове № 487 у нейкі цудоўны момант не будзе.

Наяўнасць новых кірункаў работы не зніжае ўвагі да іншых задач псіхолага ў СПЦ. Перш за ўсё гэта работа ў прытулку і работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, а таксама дыягностыка бацькоў і дзяцей па запытах суда.

— Такую дыягностыку суды, як правіла, запытваюць па разводах, калі няма пагаднення бакоў, каб высветліць у інтарэсах дзіцяці, з кім яму лепш застацца, — заўважае А.Л.Бусловіч. — Апошнім часам усё больш актыўнымі становяцца мужчыны, хочуць жыць разам з сынам ці дачкой або часцей бачыцца з імі. Суды нацэлены максімальна ўлічыць інтарэсы непаўналетніх, таму спраў такіх у нас многа. Мы дыягнастуем і дарослых, і дзяцей, абавязкова паказваем вынікі дыягностыкі дзіцяці і бацьку, і маці, каб яны ведалі, чаго на самай справе жадае іх дачка або сын. І бываюць выпадкі, калі бацькі разумеюць, як лепш зрабіць для свайго дзіцяці, ідуць на міравую. Мы заўсёды настройваем дарослых менавіта на мірнае вырашэнне спрэчкі, і часта гэтага ўдаецца дасягнуць.

— Мы са свайго боку стараемся прыняць жыццяздольнае рашэнне, бо бываюць сітуацыі, калі на першы погляд аб’ектыўныя абставіны гавораць за тое, што падлетак павінен жыць з маці, а той пярэчыць: “Вырашайце як хочаце, я ўсё роўна застануся з бацькам”, — дапаўняе калегу А.В.Кавалеўская. — Таму дыягностыка — справа неабходная. Здараецца, што з некаторымі сем’ямі мы сустракаемся неаднойчы, калі, напрыклад, тата праз некалькі гадоў вырашыў памяняць парадак зносін з сынам або дачкой ці ў сям’і змяніліся абставіны.

Практычна заўсёды, як кажуць спецыялісты, суды прымаюць менавіта тыя рашэнні, якія на падставе дыягностыкі рэкамендуе псіхолаг.

Варта дадаць, што Алена Леанідаўна Бусловіч летась закончыла курсы па школьнай медыяцыі (форма вырашэння спрэчак з удзелам трэцяга (нейтральнага) боку) і цяпер выкарыстоўвае новыя веды, у тым ліку ў рабоце з бацькамі ў разводзе, якія спрачаюцца, з кім застанецца дзіця.

Канечне, як у любым СПЦ, спецыялісты працуюць з дзецьмі і бацькамі з нядобранадзейных сем’яў. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць тым, хто не наведвае ўстановы адукацыі. Задзейнічаюць розныя сродкі: гаворкі, кансультацыі, дыягностыку, работу па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін і г.д.

Арганізацыя майстар-класаў і семінараў для работнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы Цэнтральнага раёна Мінска таксама ўваходзіць у кола пастаяннай работы педагогаў-псіхолагаў, у СПЦ Цэнтральнага раёна сталіцы гэтым займаецца А.Л.Бусловіч. Адзін з апошніх семінараў, напрыклад, тычыўся процідзеяння насіллю ў сям’і, праводзіўся з удзелам грамадскіх арганізацый.

— Для дзяцей з нашага прытулку і з нядобранадзейных сем’яў арганізаваны клуб “Мая тэрыторыя”, дзе мы абмяркоўваем розныя цікавыя для дзяцей тэмы, яны вучацца зносінам, бо многім гэта вельмі патрэбна. Такім чынам удаецца прапрацаваць многія псіхалагічныя праблемы дзяцей і падлеткаў, — расказвае А.Л.Бусловіч. — Усё праходзіць у творчай гульнявой форме. Таксама Алена Леанідаўна кожны год — два месяцы ўвосень і два месяцы ўвесну — праводзіць курсы для кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Гэта і заняткі, і псіхалагічная дыягностыка, па выніках якіх псіхолаг рыхтуе заключэнне, ці ёсць у пэўнай сям’і псіхалагічныя рэсурсы, каб стаць замяшчальнымі бацькамі. Сёлета праз такія курсы прайшлі 10 сем’яў, некаторыя нават паспелі ўжо ўсынавіць або ўдачарыць дзяцей. І, канечне, Алена Леанідаўна ажыццяўляе псіхалагічнае суправаджэнне такіх сем’яў праз заняткі клуба “Цёплы дом”, які наведваюць і дарослыя, і дзеці. А да работы клуба псіхолаг далучае іншых спецыялістаў і студэнтаў-валанцёраў педуніверсітэта.

Наогул, работа з прафесійнымі бацькамі мае ў СПЦ Цэнтральнага раёна Мінска свае традыцыі. Так, Ала Віктараўна Кавалеўская на працягу многіх гадоў праводзіць супервізію прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў горада, у тым ліку і ў рамках пазабюджэтнага курса педуніверсітэта “Псіхалогія замяшчальнай сям’і”. І, канечне, псіхолагі СПЦ, а менавіта А.В.Кавалеўская, працуюць з тымі падлеткамі і іх бацькамі, якіх у СПЦ накіроўвае ўпраўленне адукацыі, а таксама з тымі дзецьмі, якія самі просяць часова змясціць іх у прытулак з-за складанасцей дома, п’янства бацькоў, па іншых прычынах. Бывае і такое. І тут галоўная мэта псіхолага — наладзіць адносіны бацькоў і падлеткаў, калі гэта магчыма.

Задач у псіхолагаў СПЦ, як відаць, нямала. І гэта пры тым, што пагаварыць з педагогамі-псіхолагамі мы паспелі не пра кожную. Галоўнае, што ўсе задачы ў рэшце рэшт зводзяцца да таго, каб дапамагчы дзецям і іх сем’ям.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва СПЦ.