Калі самая складаная тэма становіцца зразумелай

- 16:18Суразмоўца

Адыходзячы год для настаўніцы матэматыкі гімназіі № 37 Мінска Алены Сцяпанаўны Пелеванюк стаў даволі паспяховым у прафесійным плане. Скарбонка дасягненняў педагога папоўнілася новымі ўзнагародамі: дыпломам пераможцы гарадскога метадычнага вернісажу “Магу навучыць”, дзе яна заняла 1-е месца ў намінацыі “Прыкладны метадычны прадукт. Адукацыйнае відэа”, прэміяй Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту работы па прымяненні інтэрактыўных геаметрычных сістэм, рэкамендацыяй да ўдзелу ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. Што прывяло настаўніцу да поспеху, як удаецца прыцягнуць гімназістаў да вывучэння матэматыкі, зрабіць адукацыйны працэс сучасным і цікавым з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — наша гутарка з А.С.ПЕЛЕВАНЮК.

— Алена Сцяпанаўна, чаму вы выбралі прафесію настаўніка? Чым яна вас прываблівае?

— Чаму я выбрала прафесію настаўніка? Калі быць шчырай, я стала задумвацца над гэтым пытаннем не так даўно. Я выбрала яе выпадкова. А цяпер разумею, што мой выпадковы выбар — прызванне.

Скончыўшы ў 1992 годзе факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, я ніколі не думала, што мне давядзецца стаць настаўніцай ма­тэматыкі. Я марыла звязаць сваё жыццё з IT-сферай, якая ў той час яшчэ не была такой развітой, як цяпер. Хто памятае 90-я гады, павінен мяне зразумець, што такім спецыялістам, як я, было складана знайсці работу па спецыяльнасці. І лёс закінуў мяне ў школу. У маёй біяграфіі быў выпадак, калі я сыходзіла са школы ў пошуках новай работы. Але папрацаваўшы ўжо ў школе, зразумела, што вельмі люблю свой прадмет, сумую без дзяцей, без жывых зносін. Зразумела, што маё прызванне — быць настаўніцай. У школе я працую ўжо больш за 20 гадоў.

Мне здаецца, што, калі настаўнік, не задумваючыся, прысвячае сябе дзецям, перадае ім свае веды, выхоўвае іх, становячыся прыкладам і ўзорам, бачыць іскрыстыя дзіцячыя вочы, якія зіхацяць падзякай і мудрасцю, гатовы да творчасці, да атрымання новых ведаў, гэта і ёсць галоўны поспех настаўніка. І калі перад намі, педагогамі, бу­дуць стаяць не дзеці, а дарослыя, паспяховыя ў жыцці, якія бу­дуць шчасліва ўсміхацца, бачачы свайго настаўніка, гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

— Чаму асноўнаму стараецеся навучыць сваіх выхаванцаў?

— На гэтае пытанне адкажу словамі вядомага педагога Анатоля Гіна “Дайце дзіцяці дапытлівасць. Веды яно возьме само”. Адна з актуальных задач сучаснай школы — фарміраванне ў навучэнцаў уменняў і навыкаў самастойнага набыцця ведаў, іх назапашвання і сістэматызацыі. Цалкам відавочна, што школа не ў стане забяспечыць вучня ведамі на ўсё жыццё, але яна можа і павінна ўзброіць яго метадамі пазнання, сфарміраваць пазнавальную самастойнасць. Я стараюся працаваць так, каб мае вучні любілі матэматыку, на ўроках ствараю ўсе ўмовы, каб яны цалкам маглі авалодаць выкладзеным матэрыялам. Маё педагагічнае крэда: “Адзі­ная магчымасць навучыць дзіця жыць у сучасным свеце — гэта стварыць яму ўсе ўмовы для поўнага авалодання сваімі ўласнымі здольнасцямі”.

— Якім адукацыйным тэхналогіям аддаяце перавагу? Чаму?

— Я ўжо гаварыла, што марыла звязаць сваё жыццё з IT-тэхналогіямі. І ў сваёй рабоце аддаю перавагу, вядома ж, інфармацыйным тэхналогіям. Лічу, што яны з’яўляюцца неад’емнай часткай дзейнасці сучаснага педагога. Выкарыстоўваю іх даўно, яшчэ з часоў папулярнасці камп’ютарных прэзентацый, сачу за навінкамі ў галіне ІКТ. І не ўяўляю, як можна вучыць, напрыклад, такому складанаму прадмету, як геаметрыя, выкарыстоўваючы толькі традыцыйную форму ўрока.

— На ваш погляд, перашкаджаюць або спрыяюць рабоце на ўроку мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты?

— Трэба ўлічваць той факт, што перад намі прадстаўнікі так званага пакалення Z, якія актыўна выкарыстоўваюць планшэты, мабільныя тэлефоны, смартфоны і іншыя га­джэты ў штодзённым жыцці. Нашы навучэнцы — гэта па-сапраўднаму лічбавае пакаленне, гэта дзеці, якія ўспрымаюць відэаінфармацыю значна лепш, чым з дапамогай тэксту або голасу. Лічу, што сучасны настаўнік павінен не забараняць выкарыстанне гаджэтаў на ўроках, а, наадварот, спрыяць іх прымяненню. Але, вядома, па прызначэнні, а не ў асабістых мэтах.

— Як арганізаваць вучэбныя заняткі, каб кожны навучэнец працаваў захоплена? Як падтрымліваць яго разумовую актыўнасць на працягу ўсяго ўрока?

— Матэматыка лічыцца адным з самых складаных прадметаў для вывучэння, паколькі ўключае ў сябе вялікую колькасць формул, правіл і алгарытмаў, што аб’ектыўна выклікае ў вучняў цяжкасці пры засваенні вучэбнага матэрыялу.

За гады работы настаўніцай матэматыкі я сутыкнулася з праблемай развіцця прасторавага мыслення навучэнцаў на ўроках геаметрыі. Прасторавае мысленне адыгрывае важную ролю ў пазнанні чалавекам навакольнай рэчаіснасці, у авалоданні ім рознымі прафесіямі. Задачы на пабудову сячэнняў мнагаграннікаў з’яўляюцца неад’емнай часткай школьнага курса геаметрыі. Рашэнне толькі гэтых матэматычных задач уключае ў сябе этапы аналізу (пошуку плана рашэння) і пабудовы, доказы і даследаванні. Таму задачы на пабудову сячэнняў мнагаграннікаў маюць выключна важную ролю ў фарміраванні прасторавага, алгарытмічнага і лагічнага мыслення вучняў. На іх рашэнне ў праграме адводзіцца няшмат часу. У далейшым гэтыя задачы сустракаюцца ў іншых тэмах курса стэрэаметрыі, на экзаменах, пры здачы ЦТ і выклікаюць цяжкасці пры іх рашэнні. Прычынамі з’яўляюцца неразуменне і няправільнае візуальнае ўяўленне чарцяжоў да гэтых задач, вялікія выдаткі вучэбнага часу, неабходнага для іх рашэння, грувасткасць пабудоў, з прычыны чаго губляецца цікавасць да вывучэння прадмета, падае ўзровень паспяховасці і геаметрыя ў 10 класе становіцца самым цяжкім, сумным і нецікавым прадметам.

Каб прывіць навучэнцам цікавасць да вывучэння стэрэаметрыі, распрацавана шмат розных праграмных прадуктаў, але найбольшае прызнанне заслужылі інтэрактыўныя геаметрычныя сістэмы. Сярод іх асаблівай папулярнасцю карыстаецца “1С: Матэматычны канструктар” — інтэрактыўнае творчае камп’ютарнае асяроддзе, прызначанае для падтрымкі школьнага курса матэматыкі. Праграма змяшчае гатовую калекцыю мадэлей па асноўных раздзелах школьнага курса матэматыкі, а таксама дазваляе ствараць уласныя інтэрактыўныя мадэлі, якія аб’ядноўваюць канструяванне, мадэляванне, дынамічнае вар’іраванне, віртуальны эксперымент, і можа быць выкарыстана на ўсіх этапах матэматычнай адукацыі.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней, як выкарыстоўваецца на ўроках “1С: Матэматычны канструктар”.

— Дзякуючы тэхналогіі, распрацаванай для выяў прасторавых аб’ектаў у асяроддзі “1С: Матэматычны канструктар”, геаметрычныя аб’екты можна павароч­ваць і нахіляць, разглядаць іх з розных бакоў. Ствараецца ўнікальная магчымасць праверкі зробленых пабудоў. Гэта спрыяе развіццю прасторавага мыслення навучэнцаў.

Найбольш запатрабаваны на практыцы варыянт прымянення інтэрактыўнага асяроддзя — маляванне чарцяжоў ілюстрацый да геаметрычных задач. Перавагі заключаюцца ў прастаце выканання геаметрычных пабудоў, а галоўнае — у магчымасці мя­няць пачатковыя даныя канструкцыі пры захаванні алгарытму пабудовы. Знаёмства з асяроддзем “1С: Матэматычны канструктар” пачынаецца з 7 класа пры першапачатковым знаёмстве з мнагаграннікамі. Пабудова сячэнняў мнагаграннікаў у стэрэаметрыі з’яўляецца адной з найбольш складаных геаметрычных задач. Менавіта геаметрычнае дынамічнае асяроддзе дазваляе разгледзець геаметрычны аб’ект з усіх бакоў, бо пабудаваную мадэль сячэння можна круціць, нахіляць або мяняць яе памеры. Правіль­насць пабудовы сячэння можна праверыць з дапамогай інструмента праверкі. Чарцёж у “1С: Матэматычны канструктар” прынцыпова адрозніваецца ад чарцяжа ў графічным рэдактары. Пры змене любога элемента такога чарцяжа захоўваюцца ўсе закладзеныя ў ім адносіны: перпендыкуляр да прамой застанецца перпендыкулярам, бісектрыса вугла — бісектрысай, упісаная акружнасць — упісанай.

Інтэрактыўныя мадэлі, створаныя ў “1С: Матэматычны канструктар”, можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах урока. Напрыклад, мадэлі куба, паралелепіпеда, прызмы і піраміды служаць для дэманстрацыі мнагаграннікаў і іх элементаў пры пачатковым знаёмстве са стэрэаметрыяй у 10 класе. З іх дапамогай лёгка будуюцца ілюстрацыі да разнастайных задач. Напрыклад, адзначыўшы на паверхні куба або паралелепіпеда тры пункты, мы можам скласці задачу аб пабудове сячэння, якое праходзіць праз гэтыя пункты. Мадэль прызмы або піраміды можна выкарыстоўваць для пабудовы дынамічных ілюстрацый да розных задач на прызму і для рашэння задач на пабудову, у якіх фігуруе гэты від мнагаграннікаў.

Перавагай выкарыстання інтэрактыўных камп’ютарных мадэлей перад чарцяжамі, выкананымі на дошцы крэйдай, з’яўляецца тое, што настаўнік можа хутка скласці заданні, улічваючы індывідуальныя здольнасці кожнага навучэнца. Пры выкарыстанні такіх мадэлей выкарыстоўваюцца часткова-пошукавыя метады навучання, якія спрыяюць развіццю самастойнасці навучэнцаў. Узяўшы гатовую мадэль куба або любога іншага мнагагранніка, паставіўшы тры пункты на рэбрах або гранях, мы атрымліваем заданні розных узроўняў складанасці, што дазваляе дыферэнцыраваць працэс навучання.

Вывучыўшы магчымасці праграмы і калекцыю інтэрактыўных мадэлей, мы з навучэнцамі ствараем уласныя матэрыялы да рашэння задач. Для вучняў 10—11 класаў мною распрацаваны мадэлі па матэ­матыцы па тэмах “Пабудова сячэнняў мнагаграннікаў плоскасцю”, “Вугал паміж прамой і плоскасцю”, “Аксіёмы стэрэаметрыі і вынікі з іх”.

Стварэнне лічбавага адукацыйнага асяроддзя на ўроках матэматыкі, выкарыстанне гатовых і распрацоўка ўласных інтэрактыўных геаметрычных мадэлей развіваюць прасторавае мысленне пры вывучэнні геаметрыі, дазваляюць ажыццяўляць дыферэнцыяцыю і індывідуалізацыю навучання, прадастаўляюць рэальную магчымасць засвоіць матэматыку на больш высокім узроўні.

— Як атрымалася, што вы сталі ўдзель­ніцай метадычнага вернісажу “Магу навучыць”?

— Вывучыўшы магчымасці праграмы “1С: Матэматычны канструктар” і стварыўшы інтэрактыўныя мадэлі для ўрокаў геаметрыі, я вырашыла падзяліцца назапашаным вопытам сярод педагогаў. Таму і стала ўдзельніцай конкурсу метадычных распрацовак “Магу навучыць” у намінацыі “Адукацыйнае відэа”. Пры падтрымцы калег стварыла адукацыйны ролік, які ўяўляе сабой матэрыялы семінара-практыкуму для настаўнікаў матэматыкі па стварэнні і выкарыстанні інтэрактыўных мадэлей на ўроках пры вывучэнні геаметрыі з мэтай развіцця ў вучняў лагічнага мыслення. Мэта работы — павышэнне ўзроўню інфармацыйнай культуры педагогаў па ўдасканаленні дзейнасці ў сферы ўкаранення інтэрактыўных метадаў навучання пры вывучэнні матэматыкі, аказанне метадычнай і практычнай дапамогі настаўнікам матэматыкі па стварэнні і ўкараненні інтэрактыўных матэ­матычных мадэлей.

У прадстаўленым роліку разглядаецца інтэрфейс праграмна-метадычнага комплексу “1С: Матэматычны канструктар”, прыведзены прыклады пабудовы геаметрычных інтэрактыўных мадэлей і выкарыстання іх на розных этапах урока. На заключным этапе фестывалю быў праведзены майстар-клас “Выкарыстанне праграмна-метадычнага комплексу “1С: Матэматычны канструктар” на ўроках матэ­матыкі пры пабудове сячэнняў мнагаграннікаў плоскасцю” з мэтай аказання метадычнай і практычнай дапамогі яго ўдзель­нікам па стварэнні інтэрактыўных матэматычных мадэлей. Планавалася, што да заканчэння майстар-класа педагогі бу­дуць мець уяўленне аб магчымасцях выкарыстання праграмна-метадычнага комплексу “1С: Матэматычны канструктар” пры навучанні матэматыцы, ведаць асноўныя інструменты, неабходныя для работы на ўроку пры пабудове сячэнняў, умець будаваць сячэнні і ствараць мадэлі для новых заданняў.

Стаўшы пераможцай фестывалю, я была рэкамендавана да ўдзелу ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” з гэтай работай і была адзначана прэміяй.

— Якія прафесійныя планы на най­бліжэйшую будучыню?

— Не спыняцца, шукаць новыя формы і метады, быць заўсёды сучаснай і маладой. Так, у мяне асаблівае жыццё — жыццё настаўніка. Я не працую настаўніцай, а жыву сваёй прафесіяй. І я сама выбрала гэты нялёгкі шлях — уверх па лесвіцы жыцця, да яе вяршынь: любові, дабра, праўды. Але ў тым і заключаецца настаўніцкае шчасце, калі з жаданнем бяжыш на работу і з радасцю вяртаешся дадому, таму што ведаеш: заўтра зноў будзе сустрэча, дапытлівыя вочы, мудрагелістыя пытанні і любімыя дзеці побач. Шчырай любоўю да дзіцяці ты заваёўваеш яго давер, а значыць, права вучыць яго, выхоўваць, весці да станаўлення асобы. Верыш у яго сілы і магчымасці, падбадзёрваеш добрым словам. І вучань, успамінаючы цябе — любячага і любімага — таксама будзе дарыць людзям дабро і любоў. Бо так яго навучыў настаўнік. Хіба не ў гэтым заключаецца місія настаўніка на Зямлі?

— Вялікі дзякуй за размову!


Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.