Калі школа — другі дом

Яна заўсёды жыве клопатамі пра школу. Нават летам, калі ўсе на канікулах і ў адпачынку, спяшаецца на любімую работу. Энергічная і абаяльная, мэтанакіраваная і ўпэўненая ў сабе, таленавіты кіраўнік і цудоўны педагог — дырэктар сярэдняй школы № 3 Ганцавіч Наталля Антонаўна Снытко.

— Марыла стаць педагогам з дзяцінства, — прызнаецца дырэктар. — Літаральна расла ў школе, бо бацькі працавалі настаўнікамі. Хацелася хутчэй вырасці і стаць такой, як яны. Памятаю, як з суседскімі дзецьмі пісалі дыктоўкі, вучылі вершы, ладзілі спартыўныя спаборніцтвы. Варта было мне даведацца штосьці новае ці навучыцца чамусьці цікаваму, адразу расказвала пра гэта іншым.

Жаданне вучыць дзяцей мацнела з году ў год, таму, калі надышоў час выбіраць будучую прафесію, Наталля Антонаўна не сумнявалася, што стане педагогам. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры вярнулася на малую радзіму, дзе ўладкавалася ў Будчанскую сярэднюю школу. Затым перайшла ў сярэднюю школу № 3 Ганцавіч.

Педагог з энтузіязмам увасабляла новыя ідэі на практыцы. Работа зацягвала з галавой. Кожны дзень быў яркім і незабыўным. Наталля Антонаўна актыўна ўдзельнічала ў школьным жыцці, ахвотна арганізоўвала розныя мерапрыемствы. Набывала вопыт, развівала крэатыўныя здольнасці, вучылася знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, імкнулася ўсё паспець… Адказную і мэтанакіраваную настаўніцу хутка заўважылі, прапанаваўшы пасады намеснікаў дырэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце, а потым і дырэктара. Кожная кар’ерная прыступка станавілася выдатнай магчымасцю для набыцця каштоўнага педагагічнага і кіраўніцкага вопыту.

— Стаць дырэктарам школы прапанавала начальнік раённага аддзела па адукацыі Надзея Уладзіміраўна Здрок, якая ўбачыла ўва мне перспектыўнага работніка, здольнага кіраваць не толькі вучнёўскім, але і настаўніцкім калектывам, — гаворыць Н.А.Снытко. — Спачатку здавалася, што не спраўлюся. Але час адмёў сумненні. Працую дырэктарам 6 гадоў.

Настаўнік, псіхолаг, сацыяльны педагог, эканаміст, бухгалтар, менеджар — усе гэтыя пасады даводзіцца сумяшчаць кіраўніку сучаснай школы. Наталля Антонаўна паспяхова спраўляецца з усімі цяжкасцямі, бо любіць і ўмее вучыцца, даходзіць да сутнасці спраў. Дырэктар ведае, як працаваць з калектывам, каб атрымаць добрыя вынікі.

— Быць жанчынай-кіраўніком зусім не проста, — заўважае Н.А.Снытко. — Трэба не толькі ўмець кіраваць адукацыйным працэсам, але і з павагай ставіцца да кожнага чалавека.

На дырэктарскай пасадзе многія школьныя праблемы бачацца інакш. Сярод самых важных — маральнае выхаванне моладзі, узаемадзеянне школы і сям’і.

— Бацькі давяраюць нам самае каштоўнае — сваіх дзяцей, таму мы ўсяляк імкнёмся апраўдаць гэты давер, — адзначае Наталля Антонаўна.

У школе распрацоўваюцца валанцёрскія праекты, працуе раённы рэсурсны цэнтр па маральным выхаванні і прафесійнай падрыхтоўцы вучняў, дзейнічаюць цікавыя аб’яднанні па інтарэсах. Дырэктар стварае такія ўмовы, каб дзеці з радасцю спяшаліся на ўрокі, а настаўнікі працавалі з камфортам. Нягледзячы на добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, Н.А.Снытко жыве марай пра басейн, каб школьнікі праводзілі вольны час з задавальненнем і карысцю для здароўя.

Дырэктарская пасада абавязвае быць строгай, але Наталля Антонаўна лічыць, што з дапамогай усмешкі можна дасягнуць большага. Настрой падначаленых залежыць ад настрою кіраўніка. А ён заўсёды павінен быць пазітыўным.

Н.А.Снытко імкнецца, каб школа была для дзяцей другім домам, такім жа ўтульным і камфортным, дзе пануюць давер і любоў.

У вольны час Наталля Антонаўна шмат чытае, вяжа, пячэ пірагі, ходзіць у ягады і грыбы… Ёсць у дырэктара і мара — пабываць у розных кутках планеты.

Ганна ПЛЯХАНАВА,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.