Калі справа лагічна завершана і засвоены матэрыял

- 11:47Людзі адукацыі

З настаўніцай матэматыкі Алай Аляксееўнай Наўрось са Збуражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Маларыцкага раёна дамовіліся сустрэцца адразу пасля ўрокаў. Але педагог крыху спазнілася: давялося затрымацца, бо не ўсе вучні разабраліся ў новай тэме.

— Калі дзецям нешта незразумела, яны могуць прыйсці да мяне ў любы дзень, каб разам разабрацца, замацаваць і яшчэ раз прапрацаваць матэрыял, — гаворыць А.А.Наўрось. — Калі справа лагічна завершана і засвоены матэрыял, тады і вучні задаволены, і мне спакойна на душы.

Ала Аляксееўна ніколі не адмаўляе ў дапамозе, бо прыйшла ў прафесію, каб да­ваць дзецям неабходныя веды, рыхтаваць іх да самастойнага жыцця. Хаця калі была старшакласніцай, планавала ста ць таваразнаўцам, да чаго сур’ёзна рыхтавалася. Але ўсё атрымалася па-іншаму.

— Я нарадзілася ў сям’і настаўнікаў, — расказвае А.А.Наў­рось — Мае бацькі скончылі Брэсцкае педвучылішча, дзе атрымалі прафесію настаўніка пачатковых класаў. Бацька працаваў па спецыяльнасці нядоўга, бо яго прызвалі на вайсковую службу, пасля якой ён звязаў жыццё з арміяй. У старшых класах я вельмі любіла рускую літаратуру, захаплялася гісторыяй і хіміяй, ха­дзіла на гімнастыку, вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Але дакладна не ведала, кім стану. Хацелася найперш быць такой, як школьныя настаўнікі: справядлівай, строгай, патрабавальнай, шчырай і добразычлівай.

Ала Аляксееўна некаторы час вагалася з выбарам прафесійнага шляху. Калі настаўнікі даведаліся, што яна плануе атрымаць спецыяль­насць таваразнаўца, то пачалі настойліва раіць звязаць жыццё з педагогікай, прыво­дзячы для гэтага шматлікія аргументы. У выніку дзяўчына змяніла рашэнне: падала дакументы на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Паступіла адразу. Вучылася доб­ра, была актывісткай і ініцыятарам многіх спраў у групе. Скончыла інстытут, атрымаўшы дыплом з адзнакай.

— Калі вучылася на апошнім курсе, патэлефанаваў муж, які ўжо працаваў у Збуражскай сярэдняй школе, і паведаміў, што там ёсць вакансія настаўніка матэматыкі. Часу на абдумванне было мала, таму пагадзілася і ўжо 41 год нязменна працую ў гэтай уста­нове, — гаворыць Ала Аляксееў­на.

Маладой настаўніцы падабалася працаваць у вясковай школе. Вопытныя калегі дапамагалі і словам, і справай. Пачынаць было няпроста, бо трэба было заканчваць вучобу ў інстытуце. Вольнага часу амаль не было. Але думкі сысці са школы ні разу не ўзнікла.

— У жыцці прытрымліваюся прынцыпу: калі ўзяўся за нейкую справу, то давядзі яе да канца. Да пастаўленай мэты трэба ісці не збочваючы. Цяжкасці мяне не пужаюць, а загартоўваюць, даюць веру ва ўласныя сілы, — прызнаецца А.А.Наўрось.

За доўгія гады работы ў Алы Аляксееўны выпрацаваўся ўласны педагагічны почырк. Усе дасягненні настаўніцы — гэта вынік штодзённай карпатлівай працы. А.А.Наўрось — педагог патрабавальны, найперш да сябе, творчы, ініцыятыўны, мэтанакіраваны.

— Працаваць абы-як не магу і не ўмею, бо не дазваляе сумленне, — гаворыць настаўніца. — Калі сам не прывучаны да парадку, дысцыпліны і самаарганізацыі, то ніхто і нішто не дапаможа.

Ала Аляксееўна знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Вялікую ўвагу ўдзяляе самаўдасканаленню. Завяршыла работу над некалькімі тэмамі па самаадукацыі, якія дапамагаюць у правядзенні ўрокаў і падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд. Яе вучні паказваюць высокі ўзровень ведаў у алімпіядным руху, на канферэнцыях і цэнтралізаваным тэсціраванні. Асаблівая гордасць настаўніцы — адзінаццацікласнік Ян Чэслак, з якім яна займаецца з 5 класа.

А.А.Наўрось была пера­можцай раённага этапу Рэс­пуб­ліканскага конкурсу пра­фесій­нага майстэрства пе­да­гогаў “Настаўнік года”, актыў­на дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі падчас розных мерапрыемстваў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.