Калі спяваць, то разам!

- 10:42Культура

14 харавых калектываў устаноў адукацыі Брэстчыны прынялі ўдзел у гала-канцэрце абласнога этапу IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”, які прайшоў на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Арганізатарамі творчага мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і БДАЦМТ.

Конкурс, у адборачных этапах якога ўдзельнічалі 29 харавых калектываў устаноў адукацыі Брэстчыны, праводзіцца з мэтай развіцця і папулярызацыі дзіцячай мастацкай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітых навучэнцаў, іх паспяховай самарэалізацыі, грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі. Спаборніцтва прахо­дзіла сярод акадэмічных і народных харавых калектываў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. Праграма іх выступленняў уключала выкананне народных песень і твораў беларускіх аўтараў пад музычнае суправаджэнне і без яго. На суд гледачоў і журы былі прадстаўлены 42 нумары.

Дыпломы І ступені атрымалі харавая група дзіцячага народнага ансамбля песні і танца “Прыбужжа” імя В.М.Верамяюк з гімназіі № 3 Брэста, узорны хор “Кантылена” з сярэдняй школы № 17 Баранавіч і ўзорны хор “АсСоль” з сярэдняй школы № 4 Іванава. Дыпломы ІІ ступені заваявалі хор народнай песні “Кудзелька” з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, узорны хор “Салавейка” з сярэдняй школы № 3 Брэста, узорны хор “Пралескі” з гімназіі № 2 Пінска, узорны канцэртны хор з сярэдняй школы № 17 Брэста і хор народнай песні “Журавінка” з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі хор хлопчыкаў з сярэдняй школы № 16 Пінска, узорны хор “Ветразь юнацтва” з сярэдняй школы № 21 Баранавіч, харавая група ўзорнай вакальнай студыі “Крыніца” з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, хор “Радасць” з сярэдняй школы № 15 Баранавіч, хор народнай песні “Спадчына” з сярэдняй школы № 3 Пінска і хор малодшых класаў з сярэдняй школы № 17 Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.