Калі сям’я – каманда. Гісторыя настаўнікаў фізкультуры з Ельшчыны Мікалая і Таццяны Пятроўскіх

- 14:08Учительский дуэт

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя з Ельшчыны Мікалай і Таццяна Пятроўскія натхняюць адно аднаго на новыя турніры і поспехі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прафесію — разам

Па словах маіх суразмоўнікаў, яны абое карэнныя жыхары Ельшчыны. Пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў старшых класах, прычым вучыліся ў розных школах Ельска. Узаемная сімпатыя з цягам часу перарасла ў моцнае пачуццё. Разам паступілі ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна і на другім курсе пажаніліся.

— У маёй сям’і ніколі не было педагогаў. Бабуля і маці ўсё жыццё працавалі бухгалтарамі, і я таксама атрымала адукацыю бухгалтарскага кірунку. Але хутка зразумела, што для маёй актыўнай натуры гэтая работа занадта спакойная. Я люблю спорт, рух, азарт, у школе паспяхова зай­малася валейболам і лёгкай атлетыкай. Таму і прыняла рашэнне стаць настаўніцай фізічнай культуры і здароўя. Дарэчы, бацька і брат шмат гадоў гулялі ў раённай аматарскай футбольнай камандзе. А маці ў юнацтве займалася гімнастыкай,— дзеліцца Таццяна Валер’еўна.

— Калі я вярнуўся з арміі, Таццяна збіралася паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Падумаўшы, вырашыў, што і мне гэта цікава. У школьныя гады фізкультура была ў ліку маіх любімых прадметаў, а яшчэ шмат гадоў займаўся самба. Пачалі рыхтавацца да паступлення разам. Так мы з Таццянай сталі аднагрупнікамі, а потым і калегамі, — адзначае Мікалай Уладзіміравіч.

Свой прафесійны шлях педагогі пачыналі ў аграгарадку Рамязы Ельскага раёна. Мікалай Пятроўскі — з Рамязоўскай сярэдняй школы, дзе працуе да гэтага часу ўжо 17 гадоў. Яго жонка — з Рамязоўскага дзіцячага сада. У адрозненне ад мужа, ёй давялося змяніць некалькі месцаў працы. Апошнія сем гадоў выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 2 Ельска.  

Адной дарожкай. Бегавой

У тым, што муж і жонка выкладаюць адзін і той жа вучэбны прадмет, ёсць і плюсы, і мінусы, адзначаюць мае суразмоўнікі. Складанасць у тым, што часам бывае цяжка пераключыцца дома на нешта іншае, бо ў размове зноў і зноў усплываюць працоўныя пытанні. Але станоўчых момантаў, зразумела, значна больш.

— У нас агульныя інтарэсы. Тэлетрансляцыі спартыўных спаборніцтваў з задавальненнем глядзім усёй сям’ёй, няма такога, што адзін хоча матч, а другі патрабуе пераключыць на серыял. Ра­зам удзельнічаем у прафсаюзных спартыўных мерапрыемствах як раённага, так і абласнога, рэспуб­ліканскага ўзроўняў. Кожнае лета ездзім на турзлёты, — расказвае Мікалай Пятроўскі.

— Мы лёгкія на пад’ём, шчыра ўлюбёныя ў спорт, у сваю прафесію. Гэта выдатна, калі заўсёды можна абмеркаваць з мужам нейкія прафесійныя нюансы, атры­маць слушную параду, падтрымку. А яшчэ мы дапамагаем адно аднаму развівацца. Так, я з дзяцінства вельмі люб­лю валейбол, а муж раней ім не асабліва цікавіўся. Але пачаў ра­зам са мной хадзіць на трэніроўкі ў ельскі спартыўны комплекс і зараз стаў выдатным гульцом. У сваю чаргу ён перадаў мне сваю любоў да бегу на доўгія дыстанцыі. Мы некалькі разоў на тыдзень вечарамі робім сумесныя прабежкі, — заўважае Таццяна Пятроўская.

Сваю любоў да спорту яны перадалі і дзецям. Старэйшы сын Антон, студэнт факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ, любіць баскетбол, рэгулярна наведвае ўніверсітэцкі трэнажорны зал. Малодшаму сыну Мацвею 10 гадоў, ён займаецца футболам і настольным тэнісам у ДЮСШ, робіць першыя поспехі ў лёгкай атлетыцы, у зімніх відах спорту. Заўсёды ахвотна адпраўляецца разам з баць­камі і на бегавую дарожку, і на лыжню, і на каток. 

Станоўча ўплывае педагагічны дуэт і на сваіх сяброў і знаё­мых, уласным прыкладам далучаючы іх да здаровага ладу жыцця. Запрашаюць з сабой на прабежкі, на актыўныя гульні. Самыя цёплыя адносіны звязваюць Пятроўскіх з калегамі, настаўнікамі фізкультуры з іншых школ раёна. Адзначаюць, што іх спартыўная настаўніцкая суполка вельмі дружная, і яны рады быць яе часткай. 

Мікалай і Таццяна Пятроўскія — актыўныя ўдзельнікі спартакіяд работнікаў сістэмы адукацыі, а таксама турыстычных злётаў.

Выхаванне спортам

Настаўнікі шмат укладваюць у сваіх вучняў і шчыра ганарацца іх поспехамі. Рамязоўская сярэдняя школа малакамплектная, так што Мікалай Уладзіміравіч працуе з кожным вучнем амаль у індывідуальным парадку, імкнучыся максімальна развіць яго здольнасці. Ён рыхтуе дзяцей да спаборніцтваў па 13 відах спорту. Найбольш паспяховыя вынікі навучэнцы дэманструюць у лёгкай атлетыцы, шахматах, шашках.  

Сярэдняя школа № 2 Ельска — самая вялікая ў раёне, тут вучыцца каля 700 дзяцей. Выхаванцы Таццяны Валер’еўны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па 18 відах спорту. У гэтым годзе навучэнцы выйгралі па агульнакамандным заліку раённую спартакіяду, завая­валі прызавыя месцы на многіх іншых раённых турнірах. Не раз годна паказвалі сябе і на ўзроўні вобласці. Так, занялі 1-е месца на абласных спаборніц­твах па настольным тэнісе, па зімовым мнагаборстве. Перамогу заваявала іх аб’яднаная з ельскімі гімназістамі футбольная каманда.   

— Калі дзеці з нашага невялікага гарадка заваёўваюць кубкі на вобласці, эмоцыі, якія мы перажываем, цяжка пера­даць словамі! – падкрэслівае Таццяна Валер’еўна. — Спорт — гэта цэлы свет, і мне вельмі падабаецца дапамагаць навучэнцам адкры­ваць для сябе яго грані. Для мяне важна, каб ні адзін вучань не ся­дзеў падчас урока на лаўцы. Калі ён па сваіх схільнасцях не гулец, абавязкова найду іншую цікавую яму актыўнасць. Многія мае былыя вучні працягваюць сябраваць са спортам і пасля заканчэння школы, уваходзяць у валейбольныя каманды розных узроўняў. Расказваючы аб гэтым, яны шчыра гавораць “дзякуй”. У такія моманты чарговы раз упэўніваюся, што выб­рала правільную прафесію!

— Люблю сваю работу за тое, што яна не дае сядзець на месцы, трымае ў тонусе. Кожны дзень прыносіць нешта новае. Разам з дзецьмі перажываю на спартыўных пляцоўках цэлую гаму пачуццяў. А яшчэ я бачу, які ў спорту вялікі выхаваўчы патэнцыял, як ён мяняе да лепшага кожнага, у тым ліку дзяцей з нядобрана­дзейных сем’яў, — адзначае Мікалай Ула­дзіміравіч. — Асабліва прыемна, што некаторыя былыя вучні сталі маімі калегамі і зараз таксама выкладаюць дзецям фізічную культуру. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва суразмоўнікаў