Калі сямёра з лыжкамі

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Насамрэч, не сямёра, а больш за 12 дзяцей зацікавіліся прапановай навучыцца іграць на лыжках. Аб’яднанне па інтарэсах “Лыжачнікі” сёлета пачало працаваць у сярэдняй школе № 9 Светлагорска. Першая мелодыя, якую асвоілі ў пачатку навучальнага года — “Свеціць месяц”. На гэтым не спыніліся і ўжо вывучылі даволі складаную сучасную “Аргенціну танцавальную”. 

Асноўны інструмент настаўніцы музыкі і кіраўніка аб’яднання Алы Зімаковай — баян. Але ж з ігрой на лыжках яна была знаёмая з дзяцінства — ад бацькі.

— З гадамі пра гэта забыла, але аднойчы ўбачыла відэа ў інтэрнэце, дзе дзеці добра выконвалі музычны твор на лыжках. Гэтае відэа навеяла ўспаміны пра дзяцінства, захацелася паспрабаваць зрабіць нумар са сваімі вучнямі. Незвычайную ініцыятыву падтрымалі ва ўстанове адукацыі. Ведаеце, гэта так падабаецца мне самой! Я часам да ночы сяджу і разбіраю тэхніку і мелодыі, — расказвае Ала Рыгораўна. 

Яна асвойвае прыёмы ігры на лыжках па майстар-класах у інтэрнэце, а потым разбірае іх з дзецьмі на занятках. Спасцігаць лыжачнае мастацтва да яе прыходзяць вучні 3—4 класаў. Дзецям падабаецца паўтараць рухі, але тэхніка не такая простая, як некаму можа здацца, гаворыць настаўніца.

— Там жа не толькі на лыжках іграеш. Калі правая рука па калене б’е, левая ўбок адводзіцца… Трэба сумяшчаць пэўныя рытмічныя рухі. Над гэтым трэба працаваць, каб разам атрымлівалася прыгожа. Жадання ў мяне і ў дзяцей вельмі многа, — прызнаецца Ала Рыгораўна. 

Аказваеццца, традыцыйныя драўляныя лыжкі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці ўдарнага народнага музычнага інструмента, павінны быць зроблены з цэльнага кавалка драўніны, а не склееныя з некалькіх частак. Іх не так проста знайсці. Да таго ж лыжкі, зробленыя з розных парод дрэва, гучаць па-рознаму. 

— Нам падабаюцца з клёну і бярозы, — адзначае Ала Зімакова. — Дуб — гэта ўжо іншае гучанне. Пакуль мы вучымся іграць на традыцыйных драўляных лыжках. Але ж іграць можна і на жалезных. Толькі іх трэба спараваць. Мне ў школе нашы тэхнічныя супрацоўнікі дапамаглі гэта зрабіць. Да таго ж мы і драўляныя лыжкі спароўваем. Калі дзіця іграе, указальны пальчык закладваецца паміж лыжкамі — гэта можа быць балюча, пакуль дзіця не прызвычаіцца. Калі ж лыжкі спараныя, нераз’ёмныя, гэта больш зручна. 

Планаў у лыжачнікаў-пачаткоўцаў шмат. Напрыклад, навучыцца іграць на 3—4 лыжках адначасова. А яшчэ, гаворыць кіраўнік аб’яднання, хочацца зрабіць невялічкія зэдлікі, каб дзеці іх выносілі з сабой на сцэну.

— Цяпер мы рэпеціруем вядомую народную мелодыю “Ой, пры лужку, пры лужку…”, потым думаем падрыхтаваць шэраг канцэртных нумароў, — дзеліцца планамі Ала Рыгораўна. — У любой справе галоўнае — жаданне, тады навучыцца можна ўсяму. А вялікае жаданне ёсць. А яшчэ ёсць падтрымка бацькоў выхаванцаў, якія цікавяцца поспехамі і заахвочваюць дзяцей, адгукаюцца на просьбы, падтрымліваюць пачынанні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.