Калі танцаваць, то толькі з душой

Ні адна творчая прафесія не абыходзіцца без натхнення, і, па праўдзе кажучы, без яго і добры артыкул не напішаш. Натхненне падказвае нам свежыя ідэі і падштурхоўвае да новых дзеянняў. Канечне, яно павінна прысутнічаць у жыцці кожнага чалавека, нават калі яго дзейнасць і не звязана з творчасцю. Таму што жыць разам з музай куды цікавей, чым без яе. З ёй мы адчуваем смак жыцця, а не існавання. Нашы ж сённяшнія героі сцвярджаюць, што дзякуючы натхненню яны ствараюць адметныя танцавальныя пастаноўкі, якія пасля становяцца пераможцамі розных міжнародных конкурсаў. Ды і ці магло быць інакш, калі калектыў называецца “Натхненне”?

Апантаныя творчасцю

Студыя “Натхненне” была створана ў 2012 годзе ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У маі 2019 года калектыву было прысвоена званне “Узорны ансамбль танца “Натхненне”. Вясной наступнага года ён рыхтуецца адзначыць 10-гадовы юбілей. Сёння кіраўнік калектыву разам са сваімі выхаванцамі раскажуць не толькі пра ролю натхнення ў іх жыцці, а і пра асаблівасці іх харэаграфічнага навучання і свае неверагодныя пастаноўкі-спектаклі.

Кіраўнік ансамбля — Галіна Генадзьеўна Крапіўніцкая, педагог, пастаноўшчык, уладальнік залатога медаля міжнародных Дэльфійскіх гульняў, лаўрэат міжнародных конкурсаў у Балгарыі, Чэхіі і Расіі, фестывалю “Славянскі базар” у намінацыі “За лепшую мастацкую выразнасць і сцэнічны вобраз”, лаўрэат прэміі ЮНЕСКА. Яна пад уладай Тэрпсіхоры ўсё жыццё. “Танцаваць я пачала ў 5 гадоў. Скончыла балетную студыю, пасля харэаграфічнае вучылішча ў Ташкенце, затым працавала артысткай балета ў заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”. Паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры, але вымушана была разам з мужам-ваенным пераехаць у Малдову, дзе стварыла калектыў “Натхненне”, — узгадала яна. — Праз некалькі гадоў мы вярнуліся на радзіму. Спачатку я выкладала ў “Харошках”, а потым зразумела, што хачу займацца сваёй справай. Заўсёды гавару, што калі б я нарадзілася другі раз, то выбрала б толькі гэты шлях. Не было дня, каб я не хацела ісці на работу ў свой калектыў, бо мне вельмі падабаецца кантактаваць з дзеткамі, заражанымі творчасцю”.

Сёння ў складзе ансамбля амаль 60 удзельнікаў ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў. Праграма, па якой яны займаюцца, дае магчымасць авалодаць асновамі танцавальнага мастацтва, развіць творчую адоранасць, знайсці шляхі самавыяўлення сродкамі харэаграфічнага мастацтва. У праграме навучання: класічны ўрок, расцяжка, сучасная харэаграфія, сюжэтныя танцы і акцёрскае майстэрства. “Наш вучэбны працэс заўсёды пачынаецца з класікі і партэрнай гімнастыкі. Бо класіка — гэта азбука харэаграфіі і аснова ўсяго: і пастаноўкі корпуса, і ног, і рук. Партэрная ж гімнастыка накіравана на развіццё фізічных даных, каб потым, кажучы простай мовай, карыстацца імі. Таму што, калі няма харэаграфічных навыкаў, танцору складаней выконваць пэўныя рухі. Канечне, партэрная гімнастыка — складаная работа і расцягнута практычна на гадзіну кожных заняткаў. Дарэчы, асаблівую ўвагу пры навучанні харэаграфіі мы ўдзяляем асваенню неабходных акцёрскіх навыкаў юнымі артыстамі, іх уменню фантазіраваць, складаць і ўвасабляць пластычны мастацкі вобраз”, — патлумачыла педагог.

Пастаноўкі “Натхнення” вылучаюцца ўдалым кампазіцыйным рашэннем, творчым падыходам і тонкім эстэтычным густам, музыкай, пластычнымі інтанацыямі і яркай эмацыянальнай афарбоўкай.

Сяброўства, арыгінальныя пастаноўкі і гукі танца

У “Натхненне” дзеці прыходзяць у 4—5-гадовым узросце, але і з імі з самых першых дзён пачынаецца сур’ёзная работа. “На пачатку ім, безумоўна, цяжка, але з часам такая нагрузка становіцца нормай. Я заўсёды паўтараю дзецям, што без працы яны нічога не зробяць і не дасягнуць. Бо ўсім вядома, што толькі 1% — гэта талент, а 99% — праца. Таму калі не працаваць, то і не авалодаеш нічым сур’ёзным, — дадала кіраўнік ансамбля. — Рэпеціруем мы тры разы на тыдзень, але напярэдадні канцэртаў і конкурсаў сустракаемся і 5, і 6 разоў. Прычым у будныя дні рэпетыцыя займае каля 3 гадзін, а вось на выхадных мы можам займацца і 5—6 гадзін. І ўсе разумеюць: каб нечага дасягнуць, трэба патраціць шмат асабістага часу.

Словы любімага кіраўніка і педагога пацвярджаюць і выхаванкі “Натхнення”. 13-гадовая Лія Клявец, вучаніца 8 класа сталічнай гімназіі № 7, прыйшла ў ансамбль у 7 гадоў. “Мне вельмі спадабалася дружалюбная атмасфера і сам жанр — сучасная харэаграфія з выкарыстаннем акцёрскай ігры. Тут мае значэнне не толькі дакладнае выкананне рухаў, а і твая міміка”, — расказала дзяўчынка. А 14-гадовая Ганна Лешчанка, 9-класніца гімназіі № 50 Мінска, у ансамблі з пяці гадоў. Нават у такім зусім маленькім узросце яна адразу зразумела, што танцы — гэта яе занятак: “Зараз я нават хачу звязаць сваё будучае жыццё з харэаграфіяй. Хочацца адзначыць, што вялікая перавага нашага калектыву менавіта акцёрскае майстэрства ў танцы. Лічу, што танец не можа існаваць без эмоцый. Калі танцаваць, то толькі з душой!”

Шматгадзінныя рэпетыцыі некалькі разоў на тыдзень не праходзяць дарэмна, як вынік — арыгінальныя і філасофскія пастаноўкі. Часам адзін нумар рыхтуецца цэлы навучальны год. “Пастаноўка займае месяцы 3—4, потым ідзе працяглы рэпетыцыйны перыяд. Затым на канцэртах мы абкатваем нумар і шліфуем, каб ён загучаў яшчэ лепш”, — акцэнтавала ўвагу Галіна Генадзьеўна.

Сёння ў рэпертуары ансамбля пара дзясяткаў танцавальных нумароў. Сярод іх — “Жураўлі ляцяць”. “Гэта вельмі душэўны нумар, у якім паказваюцца любоў да Радзімы і ўзаемаадносіны чалавека з прыродай”, — тлумачыць Ганна. А Лія дадае, што падобнай тэматыкі і нумар “А дрэвы растуць, як людзі”: “Там сюжэт такі: маленькая дзяўчынка ў поле пасадзіла дрэва, разам з ім расце, гуляе, сталее… У гэтым танцы такі пасыл, што трэба адкрываць сваю душу іншым людзям і што ў прыроды таксама ёсць свая душа. Для нас вельмі важны і нумар “Натхненне”. Яго галоўная гераіня — дзяўчынка-скрыпачка, у якой наступае творчы крызіс. І вось якраз аб тым, як яна затым знаходзіць натхненне і развівае свае творчыя навыкі, — наша пастаноўка”.

Адзін з апошніх нумароў — “Я Ма”, прысвечаны тэме Халакосту. “Гэта пастаноўка Дзмітрыя Бяззубенкі, у ёй паказана тэма вайны і барацьба як унутраная — з уласным страхам, так і знешняя — з фашызмам, — каменціруе кіраўнік ансамбля. — Ёсць нумар “Залюстроўе”, дзе трэба не проста выйсці на сцэну, а паказаць эмоцыю праз дзеянне, стаўленне да прадмета, адно да аднаго, да падзей — усюды павінна быць эмоцыя, інакш нумар не загучыць. У цэнтры сюжэта — дзве маленькія дзяўчынкі, якія трапілі на гарышча і знайшлі там вялікі стары чамадан са старадаўнімі пуантамі. З іх дапамогай яны ў прамым сэнсе праходзяць праз люстэрка і аказваюцца ў свеце творчасці, дзе і знаходзяць душэўны спакой”.

Кожны харэограф, робячы пастаноўку, даносіць свае думкі, эмоцыі, пачуцці. Галіна Крапіўніцкая не выключэнне, хоць у той жа час яна заўсёды прыслухоўваецца да сваіх выхаванак: “Нумары нараджаюцца па-рознаму. Часам бывае, што я доўга выношваю пэўную ідэю і пад яе шукаю музычны матэрыял. А бывае, музыка спадабалася і я зразумела, што хачу папрацаваць з ёй. Але калі мы пачынаем працаваць з дзяўчынкамі ў час пастановачнага працэсу, то заўсёды становімся сутворцамі”.

Юныя танцоркі набываюць упартасць, добрыя амбіцыі, згуртаванасць, а таксама разуменне, што такое калектыў, бо за кожнай з іх стаіць шмат чалавек, і непрыход на рэпетыцыю азначае правал усяго калектыву.

Феерыя “Натхнення”

Юныя танцоры “Натхнення” выступаюць на самых прэстыжных пляцоўках краіны, вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, у тым ліку ўдзельнічаючы ў розных мерапрыемствах, што праводзяцца Міністэрствам адукацыі. Калектыў неаднаразова прымаў удзел у міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах, займаючы прызавыя месцы. Толькі за апошнія пару гадоў яны сталі ўладальнікамі гран-пры і лаўрэатамі І ступені міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Паверхі”, міжнароднага шматжанравага фестывалю “Пакаленне Z”, міжнароднага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Арэлі”, ІV і V Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, VІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без межаў”, міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, атрымалі мноства дыпломаў лаўрэата II і ІІІ ступені.

“Мы былі на розных міжнародных фестывалях і конкурсах у Сербіі, Турцыі, Італіі, Грэцыі, Расіі, выступалі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, ва Уладзіміры, — канстатавала Г.Крапіўніцкая. — Увогуле, стараемся ўдзельнічаць у лепшых конкурсах, бо калі мы прыязджаем і бачым нешта цікавае, захопленых дзяцей, якія жывуць творчасцю, то яны натхняюць і нас. Я імкнуся, каб мае дзеці траплялі на сур’ёзныя конкурсы, дзе ёсць з кім спаборнічаць. І дзяўчынак я заўсёды настройваю на тое, што перамога не будзе лёгкай, таму што побач моцныя канкурсанты з цікавымі нумарамі. Значыць, трэба зрабіць усё, каб уразіць журы, каб яно нам прысудзіла перамогу. Такім чынам яны атрымліваюць неверагодную матывацыю да пакарэння новых вяршынь”.

Што тычыцца праблемных пытанняў, то кіраўнік “Натхнення” акцэнтавала ўвагу, што ўсе калектывы сутыкаюцца з крызісным узростам сваіх выхаванцаў (7—8 клас): “У гэты перыяд падлеткі пачынаюць захапляцца нечым іншым, і тое, чым займаліся вельмі сур’ёзна на працягу многіх гадоў, могуць кінуць, на жаль. Потым шкадуюць, але папрасіцца назад не дазваляе гордасць. Але калі чалавек застаецца з намі і ў гэты перыяд, то застаецца з намі яшчэ на некалькі гадоў”.

Самі ж, удзельніцы “Натхнення” ў адзін голас сказалі, што ўсе яны  сяброўкі, якія з задавальненнем займаюцца любімай справай. “У нас вялікая творчая сям’я, — падкрэсліла кіраўнік ансамбля. — Да нас прыходзяць канкрэтна ў “Натхненне”, выпадковых дзяцей практычна няма. Калі хтосьці да нас трапляе, то ўсе зараджаюцца творчасцю і ўлюбляюцца ў наш калектыў. Мы заўсёды з задавальненнем сустракаем новых творчых дзяцей”.

Застаецца дадаць, што 10-гадовы юбілей “Натхненне” плануе адзначыць вялікім канцэртам, а таму сачыце за афішамі НЦМТДіМ і прыходзьце натхніцца маладосцю, прыгожосцю і энергіяй!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара і з архіва ансамбля “Натхненне”.