Калі ты актыўны і ініцыятыўны, то табе — у “Лідар”

Профільны лагер “Лідар 2021” упершыню сабраў актыўную, таленавітую, адораную моладзь на базе Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната ў Гродзенскім раёне.

А дпачыць і карысна правесці час са сваімі равеснікамі ў лагер прыехалі 82 навучэнцы школ і гімназій з усіх раёнаў вобласці. Сярод іх члены мала­дзёжнага парламента Гродзенскай вобласці і тыя, хто толькі плануе прыняць удзел у выбарах у бягучым годзе, лідары дзіцячых і маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў. “Лідар” прадоўжыў традыцыі лагера “Навука-2” для адораных школьнікаў вобласці, які працаваў на базе санаторнай школы-інтэрната на працягу 18 гадоў.

Падчас адной з дыялогавых пляцовак “У адзінстве пакаленняў — наша сіла” маладыя лю­дзі мелі магчымасць абмеркаваць актуальныя тэмы і задаць пытанні старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігару Жуку. У гэты ж дзень члены клубаў ­ЮНЕСКА гімназіі № 10, гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага і сярэдняй школы № 8 Гродна правялі для ўдзельнікаў лагера адукацыйныя трэнінгі па пытаннях здаровага ладу жыцця і экалогіі.

— Маладзёжны парламентарызм варты павагі, гэта школа актыўнага грамадзяніна, дзе вы атрымліваеце першы вопыт у гэтай справе, набываеце лідарскія якасці, вырашаеце цэлы шэраг праблем, — адзначыў Ігар Жук, звяртаючыся да моладзі. — За гады існавання маладзёжнага парламента ў Гродзенскай вобласці рэалізавана каля паўтысячы сацыяльных праектаў розных кірункаў. Гэта і валанцёрскі рух, і догляд воінскіх захаванняў, развіццё патрыятычнага руху і г.д. За гэта вам вялікі дзякуй. Вы не­абыякавыя да беларускага края, да сваёй малой радзімы і займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю. Мы цэнім ваш уклад у развіццё нашай краіны. Сапраўды, вы, моладзь, — наша будучыня.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў расказаў юнакам і дзяўчатам, як рэалізуецца мала­дзёжная палітыка на ўзроўні воб­ласці.

— Асноўная задача — выхаваць нашу моладзь сапраўднымі патрыётамі, грамадзянамі, каб яны любілі, цанілі сваю краіну і ведалі, што яны патрэбны Беларусі. Для іх створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі. Кожны мае магчымасць набыць прафесію па душы, знайсці сябе ў жыцці, каб прыносіць карысць сваёй краіне, сям’і, блізкім. Мы заўсёды радуемся вашым поспехам, падтрымліваем, уручаем розныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію абласнога Савета дэпутатаў, заахвочваем педагогаў. Гатовы падтрымаць усе вашы канструктыўныя ідэі і прапановы, разам працаваць над іх рэалізацыяй, — дадаў Ігар Жук.

Шмат пытанняў было ў юнакоў і дзяўчат да старшыні абласнога Савета дэпутатаў. Іх цікавіла ўсё, у прыватнасці яго працоўны шлях да сацыяльна значных праектаў у галіне маладзёжнай палітыкі. Раіліся, якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць сапраўдным лідарам і кіраўніком, а таксама расказвалі пра свае поспехі, выступалі з прапановамі.

Пляцоўкай для работы абласнога маладзёжнага парламента з’яўляецца Гродзенскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта тут і нарадзілася ідэя яго стварэння. Сёлета пройдуць выбары ў шостае скліканне парламента.

— У “Лідары” сабраліся юнакі і дзяўчаты, якія ўжо праявілі свае лідарскія якасці ў сацыяльна значных справах ва ўстановах адукацыі, — расказала дырэктар Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская. — Упэўнена, што ў перспектыве большасць з іх стануць дэпутатамі абласнога мала­дзёжнага парламента і гэта бу­дзе адзіная каманда, парламенцкая сям’я, якая зможа пры падтрымцы дарослых дэпутатаў рэаліза­ваць усе свае ідэі. У лагеры ў іх ёсць магчымасць атрымаць навыкі прамоўніцкага майстэрства, навучыцца распрацоўваць праграму, падаваць яе сваім выбаршчыкам, рэалізоўваць ініцыятывы. За 10 гадоў работы абласнога маладзёжнага парламента пры падтрымцы Гродзенскага абласнога, раённых саветаў дэпутатаў рэалізавана шмат ініцыятыў. Сёння 10 актывістаў прадстаўля­юць Гро­дзеншчыну ў Маладзёжным парламенце пры Нацыянальным сходзе Беларусі.

Адзін з дэпутатаў маладзёжнага парламента, кіраўнік клуба “Тэрыторыя ініцыятыўнай мола­дзі” пры Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі Натан Шамсу­дзінаў, запрасіў юнакоў і дзяўчат далучацца да каманды аднадумцаў з ліку актыўнай моладзі ад 15 да 25 гадоў, на рахунку якіх ужо не адзін рэалізаваны праект.

Дыялогавыя плацоўкі — толькі адна са старонак жыцця ў лагеры. Сумаваць тут няма калі. Кожны дзень пачынаецца з работы творчых пляцовак, праходзяць конкурсы, флэш-мобы, майстар-класы,трэнінгі. Дух саперніцтва пануе на спартыўных пляцоўках, дзецям падабаецца гуляць у піянербол і валейбол, займацца скандынаўскай хадзьбой.

— У нашым лагеры адпачываюць вельмі актыўныя, таленавітыя дзеці, якія валодаюць велізарнымі здольнасцямі, ма­юць свае ідэі па розных пытаннях, нават наконт таго, як палепшыць вольны час. Значную частку займаюць мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, прысвечаныя Году малой радзімы. Акрамя таго, актыўна падключыўся да арганізацыі мерапрыемстваў Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі, цікавую праграму прапанаваў абласны цэнтр турызму і краязнаўства, — расказала дырэктар лагера “Лідар” Наталля Піцко.

У лагеры працуюць аб’яднанні па інтарэсах, у тым ліку і профільнай накіраванасці — “Лідар”, “Пульс валанцёрскага жыцця”. Ёсць магчымасць заняцца фітнесам і рукадзеллем. З цікавымі спектаклямі і праграмамі прыяз­джаюць артысты Гродзенскага лялечнага тэатра і абласной філармоніі. Нават дыскатэкі ладзяцца тэматычныя, і вядуць іх самі дзеці.

Уражаннямі ад адпачынку ў лагеры падзялілася сама моладзь. Аляксей Сямашка з Гродна расказаў, што для яго гэта цудоўная магчымасць не толькі пазнаёміцца з маладымі людзьмі з іншых рэгіёнаў вобласці, але і праявіць сябе. Ён, як і Арына Белавокая з Ліды, ужо мае вопыт падрыхтоўкі ШАГа ў сваёй школе і актыўна ўключыўся ў арганізацыю мерапрыемстваў у лагеры. Вікторыя Спірыдон з Гродна адзначыла ўтульную, па-сямейнаму цёплую атмасферу і сказала, што ёй таксама ўдалося паўдзельнічаць у жыцці лагера і праявіць свае здольнасці.

Адпачыўшы, набраўшыся станоўчых эмоцый і крэатыўных ідэй, набыўшы новых сяброў, маладыя людзі вернуцца ў свае школьныя калектывы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.