Калі ў цэнтры ўвагі — настаўнік

- 12:34Навіны рэгіёнаў

У Лапацінскай сярэдняй школе, невялічкай установе адукацыі, што ў Гомельскім раёне, прайшлі адкрытыя ўрокі, якія ў рамках семінара-практыкуму “Прафесійнае развіццё сучаснага педагога” давалі настаўнікі школы і педагогі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.

Цяжкі толькі пачатак

На адзін дзень стаць вучнямі сталічных настаўнікаў мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам дазволіў удзел сельскай школы ў Рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі арганізацыйна-кіраўніцкіх умоў прафесійнага развіцця педагогаў ва ўстановах адукацыі”. Праект рэалізуецца пад навуковым кіраўніцтвам загадчыка кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктара педагагічных навук, прафесара Таццяны Лапацік. Сама Таццяна Андрэеўна жартуе, што гэта проста лёс: яе прозвішча і назва вёскі, у якой размяшчаецца школа, маюць адзін корань.

Другі год як лапацінская школа далучылася да праекта. Звычайна ля вытокаў новых пачынанняў бывае вельмі няпроста. Боязь, няўпэўненасць, а іншы раз і простая чалавечая лянота — тое, што нярэдка тармозіць справу. Аднак калі пераадолець гэта, то ў хуткім часе можна ўбачыць значныя поспехі. Менавіта так адбывалася ў згаданай школе. Аснову педагагічнага калектыву тут складае моладзь. Вядома, адсутнасць прафесійнага вопыту ўсяляла пэўны страх. Для тых жа, чый працоўны стаж налічвае дзесяцігоддзі, па іх асабістым прызнанні, новаўвядзенні азначалі дадатковыя абавязкі і нагрузку. І вось установа ў інавацыйным праекце. Пачынаецца работа. Удзельнікамі праекта становяцца 7 педагогаў, кожны з якіх працуе ў сваім кірунку: нехта займаецца пытаннямі даследчай дзейнасці вучняў, нехта — алімпіяднай падрыхтоўкай, іншыя выступаюць як настаўнікі-прадметнікі і апрабуюць новыя падыходы вывучэння прадмета на ўроках і гэтак далей.

Прайшоў нейкі час, і жыццё ў маленькай школе закіпела. Вопытныя настаўнікі ўзялі на сябе больш складаныя задачы, у вырашэнні якіх важную ролю адыгрывае іх педагагічная практыка. Маладыя адчулі, што працаваць творча значна цікавей. Па-першае, яны самі развіваюцца, растуць прафесійна, а па-другое, вынік такой работы напрамую адбіваецца на поспехах вучняў. Як кажа нам прымаўка, цяжкі толькі пачатак. Сёння, калі калектыў працуе ў інавацыйным праекце амаль 2 гады, ёсць пэўныя дасягненні. Так, 12 педагогаў павысілі катэгорыю. Вучнёўская даследчая работа атрымала прызавое месца на абласным ліцэйскім конкурсе навукова-даследчых работ. З’явіліся поспехі ў алімпіядзе па прадметах. Летась з 9 выпускнікоў трое паступілі на бюджэтныя месцы ва ўстановы вышэйшай адукацыі, чаго не назіралася на працягу апошніх 5 гадоў. У мінулым навучальным годзе рэйтынг па цэнтралізаваным тэсціраванні навучэнцаў школы значна павысіўся — з апошняга месца ў раёне (25-га) да 14-га.

Урок як гульня

Як вырас узровень настаўнікаў і навучэнцаў дэманстравалі і адкрытыя ўрокі, што прайшлі ў рамках семінара-практыкуму.

Першы ўрок правяла намеснік дырэктара Мінскага абласнога ліцэя настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.Д.Скіба. Валянціна Дзям’янаўна запрасіла дзевяці-класнікаў Лапацінскай школы ў свет лірыкі Максіма Багдановіча. Інтэрактыўны ўрок з чытаннем вершаў паэта, гісторыяй пра яго жыццё і творчасць, пытаннямі-загадкамі прыйшоўся вясковым хлопцам і дзяўчатам даспадобы. Асабліва іх здзіўляла, калі настаўніца казала: “Хуценька гуглім, шукаем адказ”, ці “Хуценька гуглім, шукаем верш і чытаем уголас”. Дзеці, разумеючы, што настаўнік з імі на адной хвалі, ажывалі. Наогул, яны паказвалі добрыя веды. Асабліва ўразіла Валянціну Дзям’янаўну Даша Гурская, якая давала правільныя адказы нават на самыя складаныя і незвычайныя пытанні.

Наступныя заняткі прайшлі ў тым жа 9 класе, і былі яны незвычайныя. Адкрыты інтэграваны ўрок хіміі і матэматыкі правялі настаўніцы Лапацінскай сярэдняй школы Н.М.Леўшукова і М.М.Сюськіна, удзельніцы інавацыйнага праекта. Тэма даследавання Настассі Мікалаеўны — “Удасканаленне педагагічнага майстэрства пры дапамозе фарміравання прафесійнай арыентаванасці навучэнцаў падчас вывучэння хіміі і біялогіі”, а Марына Міхайлаўна займаецца сістэмай інфармацыйнага суправаджэння для ўзаемадзеяння ўдзельнікаў праекта.

Навучэнцы падзяліліся на дзве групы і рашалі задачы па тэме “Растворы і сумесі”. Адны рабілі гэта пры дапамозе хімічных вылічэнняў, а іншыя — матэматычных. Першае заданне заключалася ў тым, каб вучні выпілі кубачак кавы, якая стаяла ў іх на сталах, і ўстанавілі масу кавы ў сваім напітку. Завяршыўся інтэграваны ўрок праходжаннем тэставага задання ў анлайн-рэжыме з выкарыстаннем спецыяльнага мабільнага дадатку. Такім чынам, дзеці зноў уключалі ў работу свае тэлефоны.

Далей удзельнікам семінара-практыкуму належала пазнаёміцца з пяцікласнікамі і іх веданнем роднай мовы. Разам са сваёй настаўніцай Т.А.Гагарынай дзеці падводзілі вынік вывучанаму па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”. Таццяна Алегаўна — адна з самых вопытных педагогаў школы. Пачынаюцца заняткі, і яе прыгожае беларускае маўленне зачароўвае не толькі дзяцей, але і дарослых. Урок у многім пабудаваны ў гульнявой форме, гэта разнявольвае вучняў, зацікаўлівае. І вось ужо хлопчык Кірыл на апошняй парце, які напачатку, здавалася, хаваўся за спінай суседа і блытаўся ў адказах, на кожнае пытанне цягне руку. Што важна, дзеці не баяцца памыліцца. Яны разумеюць, што няправільны адказ будзе выпраўлены настаўніцай ці аднакласнікамі, і гэта трывала замацуецца ў памяці.

Трэба сказаць, што вучні 5 класа на ўроку беларускай мовы працавалі шмат. Яны не толькі ўспомнілі, што вывучае лексікалогія і прывялі прыклады, але і характарызавалі словы, устаўлялі прыпушчаныя літары, складалі сказы. Цудоўную гульню прапанавала Таццяна Алегаўна для паўтарэння фразеалагізмаў: вучні атрымалі дамашняе заданне ў прамым сэнсе намаляваць іх. Хтосьці намаляваў мядзведзя, які наступіў на вуха, хтосьці чалавека з доўгім языком. Адны дэманстравалі свае работы, а другія спрабавалі адгадаць, які фразеалагізм хаваецца за фарбамі. Напрыканцы ўрока кожнаму належала самастойна ацаніць сваю работу на занятках, пры гэтым абгрунтаваўшы, чаму менавіта такую адзнаку ён сабе дае.

Апошні, чацвёрты, адкрыты ўрок зноў вытрымлівалі дзевяцікласнікі. Цяпер яны ўспаміналі ўсё, што вывучалі на ўроках геаметрыі пра трапецыю. Дапамагала ў гэтым настаўніца матэматыкі Мінскага абласнога ліцэя М.І.Занімон. Шпарка арудуючы крэйдай і лінейкай, Марыя Іванаўна чарціла на дошцы адну трапецыю за другой і закідвала вучняў пытаннямі пра вуглы і акружнасць, у якую ўпісана трапецыя. А тыя не губляліся, давалі адказы, часам памыляліся, разважалі і зноў адказвалі. Марыя Іванаўна вельмі захоплены матэматык, яна знаходзіла ўсё новыя і новыя ўласцівасці трапецыі, уцягваючы ў гэтую гульню вучняў. І хаця тыя ўжо былі крышачку стомленыя, але ж ім перадавалася захапленне настаўніка. 45 мінут праляцелі хутка, ніхто не спяшаўся пайсці з класа, бо ў галаве яшчэ круціліся разважанні і прасіліся быць агучанымі нейкія гіпотэзы.

Праект для настаўніка

Дзень семінара-практыкуму для ўсіх без выключэння быў плённым. Падчас круглага стала, які завяршаў адукацыйнае мерапрыемства, сталічныя педагогі адзначылі, што лапацінскія школьнікі маюць добрыя веды, вельмі старанныя, з добрым лагічным і вобразным мысленнем. Высока ацанілі яны і работу настаўнікаў сельскай школы.

— Калі настаўнік будзе сябе шанаваць, глыбока займацца самаадукацыяй і абменьвацца назапашаным з калегамі, ён абавязкова будзе паспяховым, — нагадала Валянціна Скіба.

— У цэнтры ўвагі гэтага праекта — настаўнік, — звярнулася да ўдзельнікаў навуковы кансультант Таццяна Лапацік. — На прыкладзе вашай школы мы бачым, наколькі важна педагогу развівацца, укараняць у сваю работу новыя формы і метады. Вынікі, якія ўжо зараз ёсць у вас і ў іншых удзельнікаў праекта, служаць пацвярджэннем таго, што мы робім патрэбную справу.

— Мы рабілі відэазапісы ўсіх урокаў, каб потым праглядзець у калектыве, прааналізаваць, — адзначыла дырэктар школы Галіна Непша. — Такі абмен вопытам вельмі каштоўны. Вельмі важнай для нас была і ацэнка навуковага кансультанта, калег з Мінскага абласнога ліцэя. Напрыклад, інтэграваны ўрок хіміі і матэматыкі, які сёння дэманстравалі настаўнікі, — гэта наша першая спроба. Яна аказалася ўдалай, а перанялі мы такі вопыт якраз у мінскім ліцэі.

У верасні падобны семінар плануецца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, які таксама з’яўляецца ўдзельнікам інавацыйнага праекта. Настаўнікі Лапацінскай школы ўжо атрымалі запрашэнне і з нецярпеннем чакаюць новых уражанняў і прафесійных адкрыццяў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.