Калі вочы былі малымі

- 12:00Выхаванне

Каб пералічыць гурткі, дзе падлеткаў Беларусі вучаць ствараць коміксы, хопіць пальцаў адной рукі. І гэта крыху сумна, бо гаворка ідзе пра вельмі папулярны, але недаацэнены напрамак сучаснай маладзёжнай культуры.

Фота Віталіны НЕСЦЯРОВІЧ.

Як расказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Асновы малявання коміксаў” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Мінска Таццяна Дзмітрыеўна Лосева, яна навучылася мастацтву малявання коміксаў самастойна, з вялікай любові да жанру. Некалькі гадоў назад скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Мастак-рэстаўратар”, а сёння расказвае дзецям пра, бадай, самую сучасную, касмапалітычную і сінкрэтычную з’яву ў свеце. Бо коміксы ўнікальныя тым, што аб’ядноўваюць два напрамкі дзейнасці: з аднаго боку, літаратурную творчасць, з другога — мастацтва малюнка.

Магчыма, менавіта таму да жанру доўгі час адносіліся несур’ёзна: маўляў, маскультура і халтура, ні табе сур’ёзнай літаратурнай дзейнасці, ні сапраўднага мастацкага майстэрства… Але ж коміксы насуперак зласліўцам запаланілі планету.

— Гэта магчымасць расказаць цікавую гісторыю праз візуальныя вобразы. Але калі кіно ці мультфільм не пакідае гледачу прасторы для фантазіі, у коміксах яна, наадварот, стымулюецца. Многае застаецца па-за кадрам, дадумваецца, згодна з уласным успрыманнем, “дамалёўваецца” самім чытачом. Таму добры комікс — гэта заўсёды магчымасць падыскута­ваць, унікнуць у дэталі і паразважаць. Да таго ж малюнак тут значна спрошчаны: мы не вымалёўваем, напрыклад, кожную зморшчынку на твары, не імкнёмся фатаграфічна перадаць адценне скуры. І менавіта гэта дазваляе чытачу лёгка атаясамліваць сябе з героем комікса. Адбываецца парадокс успрымання: чым прасцейшы, больш схематычны персанаж, тым лягчэй нам яму суперажы­ваць, — гаво­рыць Таццяна Лосева. 

Магчыма, менавіта гэтая ўяўная лёгкасць і цягне дзяцей да стварэння коміксаў — не трэба быць вялікім мастаком, не трэба ставіць высокія мэты, набы­ваць дарагія фарбы… Бяры аловак, чорную ручку, аркуш паперы, лінейку — і ты гатовы да працы. А што ў выніку атрымаецца, пакажа час, бо канкрэтных задач сваім навучэнцам Таццяна Дзмітрыеўна не ставіць.

— Меж няма. Хтосьці можа ўмясціць свой сюжэт на
адзі­н аркуш паперы, а нехта будзе маляваць яго на працягу доўгіх месяцаў, — працягвае педагог. — Некаторыя дзеці саромеюцца паказваць свае малюнкі, і я не ведаю, якія гісторыі яны расказваюць, пакуль тыя не бу­дуць скончаны. Але праўду кажуць: усе малюнкі падобны на свайго мастака. Я пазнаю сваіх вучняў па іх творах… Па выбары сюжэтаў, акцэнтаў бачу, каго што хвалюе, непакоіць, ціка­віць. Хлопчыкі, напрыклад, любяць пераносіць на паперу сцэны бітваў, сюжэты фантастычных гісторый пра космас, засваенне чужых планет і грамадства будучыні. Дзяўчаты аддаюць перавагу адносінам: у сваіх коміксах яны часта звяртаюцца да тэмы сяброўства і школьнага жыцця.

Пра каханне, напэўна, таксама малююць, падазрае Таццяна Дзмітрыеўна. Тым больш што ўзрост адпаведны (10—14 гадоў), але гэтыя сюжэты пакуль сціпла складваюцца ў стол.

Страшна? А ты працягвай!

Коміксы — гэта вельмі дэмакратычны від творчасці, дзе можна вольна пагуляць і са стылістыкай, і з літаратурным аздабленнем кадраў.

— Еўрапейская традыцыя схіляецца да важкіх твораў, аддае перавагу эксперыментам, напрыклад, акварэльным графічным раманам. Там любяць замахвацца на класіку: біяграфіі, творы па раманах Жуля Верна і Герберта Уэлса. Заходняя стылістыка — гэта камерцыйныя праекты. Яны накіраваны на заробак, затое выкарыстоўваюць правераныя і адпрацаваныя тэхнікі. Гэта майстэрства моцных гісторый і крутых дэтэктыўных сюжэтаў, — упэўнена Таццяна Дзмітрыеўна.

Знакамітая японская манга — зусім іншы выпадак. Сёння яна і папулярная, і страшная адначасова. Страшная, таму што боязна брацца. Жанравыя стандарты ў апошнія гады вельмі выраслі.

— Вось чаму я вельмі люблю звяртацца да гісторыі коміксаў, разглядаць раннія работы: становіцца відавочна, што не святыя гаршкі лепяць. Лепш бачна, як паступова ўдасканальвалася мастацтва коміксаў і куды асабіста мне далей рухацца і прафесійна расці. Калі ўзяць тую ж мангу, то на заранку жанру яна была значна больш набліжана да простых смяротных: і памер вачэй, і эмоцыі, і колер валасоў персанажаў былі больш натуральнымі, пазбаўленымі сучасных канонаў і стэрэатыпаў. Сёння мангакі зрабілі ўпор на эмоцыі персанажаў і відавочна іх гіпертрафіруюць. На гэта працуе не толькі велічыня вачэй. Усходняя традыцыя любіць звяртаць увагу на дробязі — нават акружэнне героя, знешні антураж дробнымі штрыхамі дапаўня­юць яго псіхалагічны партрэт, — расказвае Т.Лосева.

Камень спатыкнення

Літаратурная работа становіцца для многіх аматараў мангі тым пунктам, дзе яны спатыкаюцца.

— Таму я раю навучэнцам спачатку напісаць тэкст, а потым ужо маляваць комікс, — дзеліцца сакрэтам Таццяна Дзмітрыеўна. — Часта яны бягуць наперадзе паравоза і пачынаюць работу, не ведаючы, чым скончыцца гісторыя, не прадумаўшы сюжэт. Такія работы заўсёды развальваюцца. Комікс — гэта мастацтва паслядоўнага пакадравага аповеду гісторыі, дзе тэкст і малюнак прапарцыянальныя і збалансаваныя. Звычайная праблема маіх вучняў — напісаць занадта доўгі тэкст, які загрувашчвае кадр і не дзеліцца на часткі. Тады я раю даць больш малюнкаў і паслядоўна размясціць у іх сказы. Даводзіцца многае перарабляць. Але ж гэта непазбежна, калі падыходзіць да справы без дакладнага плана.

Так-так, комікс — занятак для сур’ёзных, цярплівых, паслядоўных людзей, якія гатовы шмат і карпатліва працаваць. Важная добрая прадуманасць дэталей, напрыклад, што будзе знаходзіцца ў пакоі, што ляжаць на стале, на што мы звернем увагу чытача, якія акцэнты расставім. Такім чынам, з аднаго боку, комікс — гэта выдатнае пакрокавае планаванне. З другога — непасрэдны палёт фантазіі.

— Жанр дазваляе праца­ваць вельмі вольна. Асабліва з кампазіцыяй кадраў: адзін наблі­зіць, другі паменшыць, пагу­ляць з формай — прамавугольнікі, квадраты. Адна толькі правільная кампазіцыя дазваляе на­даць гісторыі дынаміку і энергічны тэмп, — упэўнена педагог. — Таму мая галоўная парада вучням — не саромецца спраба­ваць новае.

Яшчэ адна цяжкасць пры маляванні коміксаў — дабіцца знешняй ідэнтычнасці героя ў розных кадрах. Пакуль рука не спрактыкавана, натуральна, што аднаго і таго ж персанажа часта можна пазнаць хіба толькі па колеры чаравікаў.

— Я стараюся спрашчаць вучням задачу, бо ўзровень ва ўсіх розны. Камусьці лёгка даецца малюнак, хтосьці толькі вучыцца… Я прапаную адразу знайсці заканамернасці і відавочныя характэрныя рысы героя, якія раскажуць нам, што гэта за чалавек. Дакладна для сябе вызначыць яго “канструкцыю”: памеры галавы, прапорцыі цела, як ён выглядае з розных ракурсаў. Каб не перамалёўваць адно і тое ж шмат разоў, трэба смялей працаваць з кампазіцыяй кадра: наблізіць, аддаліць, зрабіць акцэнт на рукі ці міміку. А наогул, я не прывязваюся да падабенства. Галоўнае, каб персанаж быў асобай, а дэталі, калі што, можна і пад капірку зрабіць ці праз шкло абвесці, — гаворыць Т.Лосева.

Ці пойдзе на карысць?

Назіраючы за ўласнымі навучэнцамі, Таццяна Дзмітрыеўна ўпэўнілася, што коміксы павышаюць агульны ўзровень культуры дзяцей, бо зацікаўленыя падлеткі вымушаны вывучаць сумежныя галіны творчасці. Адным коміксы дапамагаюць палюбіць чытанне, другім — лепш зразумець сябе і наладзіць зносіны.

— Падлеткавы ўзрост — перыяд, калі многім складана даецца камунікацыя, — заўважае Таццяна Дзмітрыеўна. — Агульныя інтарэсы лёгка вырашаюць гэтую праблему: можна абмеркаваць папулярны комікс, паспрачацца на форумах, намаляваць адно аднаго. Гэта выдатны спосаб знайсці сяброў з розных куткоў свету, бо мастацтва комікса выразнае, простае і зразумелае ўсім.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Малюнкі Таццяны Лосевай і яе вучняў.