Калі вучоба і практыка крочаць разам

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства прайшоў на Гродзеншчыне ўпершыню ў новым фармаце, аб’яднаўшы інтарэсы ўстаноў прафесійнай адукацыі і будучага работадаўца.

Арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага і ААТ “Аўтацэнтр Флагман”. Менавіта на пляцоўках каледжа і аўтацэнтра праходзілі тэарэтычныя і практычныя выпрабаванні. Навучэнцы прафесійных каледжаў вобласці, а ў конкурсе прынялі ўдзел 7 каманд і па-за конкурсам — студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы, спаборнічалі ў майстэрстве па прафесіі слесар па рамонце аўтамабіляў, якую яны атрымліваюць падчас вучобы. У практычным туры канкурсанты прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі ў трох модулях: “Тармазная сіс­тэма легкавога аўтамабіля”, “Рухавік. Механічная частка” і “Электрычная частка легкавога аўтамабіля”. Ацэньвалі каманды незалежныя эксперты, прадстаўнікі “Аўтацэнтра Флагман” і станцыі тэхнічнага абслугоўвання Hunter.

Арганізатары імкнуліся не толькі выявіць таленавітых навучэнцаў, стварыць для іх умовы для прафесійнага і творчага росту, але і садзейнічаць матывацыі да работы ў якасці слесара па рамонце аўтамабіляў, фарміраванню высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя, якое спрыяе станаўленню кваліфікаванай, мабільнай і канкурэнтаздольнай асобы. Электратэхнічны каледж таксама прадэманстраваў свае магчымасці па арганізацыі сеткавага навучання па спецыяльнасцях аўтамабільнага профілю.

— Ідэя правядзення конкурсу ўзнікла, калі было вырашана расшырыць наш рэсурсны цэнтр, які на гэты час мае электратэхнічны кірунак, — расказаў намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага Андрэй Аляксейчанка. — З новага навучальнага года будзем весці навучанне і па аўтамабільным профілі. У сувязі з гэтым  хацелася пазнаёміць прадстаўнікоў іншых устаноў прафесійнай адукацыі з нашай базай. Каледж мае вытворчыя электратэхнічныя і аўтамабільныя майстэрні, пад’ёмнікі, месцы для рамонту рухавікоў, падвесак, тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, абсталяванне для дыягностыкі. Не кожная ўстанова адукацыі так аснашчана. Конкурс дапаможа нам у тым ліку вызначыцца, у якім кірунку развівацца, якія рабочыя месцы адкрываць, якое абсталяванне набываць.

Дырэктар ААТ “Аўтацэнтр Флагман” Аляксей Сямёнаў назваў конкурс важным крокам да развіцця супрацоўніцтва паміж вытворчасцю і ўстановамі адукацыі. Маючы добрую тэхнічную базу, тут вырашылі пры­няць удзел у падрыхтоўцы спецыялістаў — сваіх патэнцыяльных работнікаў.

— Навучэнцы каледжа з лютага гэтага года прыхо­дзяць да нас на практыку, атрымліваюць практычныя навыкі па рамонце сучасных аўтамабіляў, а паколькі тэхніка становіцца ўсё больш складанай, насычанай электронікай, безумоўна, установам адукацыі патрэбна дапамога ў падрыхтоўцы сучасных кадраў. Працуючы з аўтамабілямі самых апошніх мадэлей, мы імкнёмся прыцягнуць навучэнцаў каледжа да нас на практыку, каб яны павысілі свой узровень і атрымалі пэўныя навыкі, — адзначыў Аляксей Сямёнаў.

Супрацоўніцтва ўстаноў прафесійнай адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў вельмі важнае, лічыць начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Батура. Ён адзначыў:

— Сістэма адукацыі ў першую чаргу атрымлівае высокакваліфікаванага, запатрабаванага на рынку працы выпускніка, а арганізацыя — маладога спецыяліста, які з першага дня можа працаваць самастойна і прыносіць карысць прадпрыемству. Можна сказаць, што мы ідзём у нагу з часам, Міністэрства адукацыі плануе правядзенне штогадовых конкурсаў прафесійнага майстэрства. Напрыклад, на верасень — кастрычнік у нас запланавана правядзенне рэспубліканскага конкурсу зваршчыкаў. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства — добрая магчымасць паспрабаваць свае сілы і падрыхтавацца да наступнага этапу больш высокага ўзроўню: рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, WorldSkills.

Агульнакаманднае першынство заваявала каманда Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. Першае месца сярод тых, хто спаборнічаў у модулі “Электрычная частка легкавога аўтамабіля”, заняў Данііл Крыніцкі, а ў модулі  “Тармазная сістэма легкавога аўтамабіля” — Андрэй Рэйшаль з Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. У модулі “Рухавік. Механічная частка” перамог навучэнец Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Валерый Малышка.

У рамках конкурсу прайшоў абласны семінар для намеснікаў дырэктараў па вучэбна-вытворчай рабоце, вытворчым навучанні, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі Гродзенскай вобласці. Былі разгледжаны перспектыўныя напрамкі падрыхтоўкі навучэнцаў па спецыяльнасцях аўтамабільнага профілю.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.