Гэтыя словы Сакрата сталі жыццёвым і прафесійным крэда настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 118 Ленінскага раёна Мінска Ірыны Уладзіміраўны Канаваленка. Некалькі гадоў назад настаўніца асвоіла праграмнае забеспячэнне Easiteach Next Generation і пачала ствараць з яго дапамогай урокі. За свае распрацоўкі на гарадскім конкурсе “Інтэрактыўны свет ведаў” педагог была адзначана дыпломам ІІ ступені. А ў мінулым навучальным годзе Ірына Уладзіміраўна атрымала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку праекта “Выкарыстанне праграмнага забеспячэння Easiteach Next Generation на ўроках рускай мовы і літаратуры для павышэння матывацыі і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў”.
— Чаму я стала настаўніцай? Шчыра кажучы, да апошняга часу пра гэта не думала, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Мае бацькі, людзі вясковыя, заўсёды гаварылі, што самыя паважаныя прафесіі — аграном і настаўнік. І мяжой іх мар было бачыць нас, дзяцей, педагогамі. Разам з сястрой мы сталі настаўніцамі. Старэйшая сястра працуе настаўніцай пачатковых класаў у Крыме. Бацькі ганарацца намі і нашай прафесіяй. Так што ўяўленне аб прафесіі настаўніка як аб самай ганаровай склалася дзякуючы сям’і. Акрамя таго, у мяне была вельмі добрая школа і цудоўныя настаўнікі. Я хацела быць падобнай на іх, брала з іх прыклад.
Настаўнікам-філолагам стала таму, што на пэўным этапе выявіла ў сабе інтуітыўную пісьменнасць і жаданне спазнаваць мову знутры. Я ведаю рускую, украінскую, беларускую і польскую мовы, мне падабаецца знаходзіць міжмоўныя сувязі. Акрамя таго, я заўсёды любіла чытаць і дзяліцца ўражаннямі аб прачытаным, так што захапленне стала прафесіяй.
Па тэмпераменце Ірына Уладзіміраўна — чалавек вельмі ўражлівы, эмацыянальны, энергічны, ёй патрэбны пастаяннае ўзаемадзеянне з навучэнцамі, абмен меркаваннямі. А ў школе сумаваць не даводзіцца, кожны наступны дзень не падобны да папярэдняга. Настаўніца імкнецца ў кожным дзіцяці бачыць асобу, паважаць яе, выслухоўваць думкі, адным словам, адносіцца да вучняў так, як хацела б, каб адносіліся да яе ўласных дзяцей. Найбольш важным для сябе настаўніца лічыць прынцып актыўнасці навучання, бо веды, здабытыя самастойна, больш трывалыя за тыя, што прапанаваны ў гатовым выглядзе. А таму на кожным уроку педагог вымушае дзяцей думаць, уцягвае ў актыўную даследчую дзейнасць.
— Як мама абітурыенткі і як настаўніца я адсочваю вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. І хоць колькасць стабальнікаў з году ў год павялічваецца, аднак колькасць тых навучэнцаў, якія не набралі патрэбны мінімум, па-ранейшаму застаецца на высокім узроўні, — гаворыць І.У.Канаваленка. — Прычынай, як лічаць многія выкладчыкі, і большасць бацькоў з імі пагодзяцца, з’яўляецца рэзкае паніжэнне чытання літаратуры. Думаю, якім бы ні было якаснае выкладанне рускай мовы ў школе, замацоўваецца ўсё гэта толькі з дапамогай прачытання вялікай колькасці кніг. Безумоўна, на фарміраванне маўленчай культуры ўплывае інтэрнэт. Дзеці, як губка, усмоктваюць гэтую своеасаблівую слоўную культуру. Адарваць іх ад манітора і пасадзіць за “Вайну і мір” — гэта ўтопія. Таму ў курсе рускай літаратуры нам проста катастрафічна не хапае якасных сучасных твораў на актуальныя тэмы, цікавыя сённяшнім дзецям.
Як узняць чытацкую актыўнасць навучэнцаў? Для вырашэння гэтага пытання Ірына Уладзіміраўна робіць саюзнікамі бацькоў. Прычым, на думку педагога, калі мама не чытала малому казкі — прывіць любоў да чытання будзе больш складана. На першым бацькоўскім сходзе яна рэкамендуе бацькам завесці дзіця ў бібліятэку, каб на стэндзе “Падлеткавая літаратура” яно выбрала сабе кніжку сучаснага аўтара, не класіка. Няхай гэта нават будуць фантастыка, коміксы. Толькі б захапіць і прыцягнуць вучняў да чытання! Калі дзеці не могуць асіліць кнігу, то І.У.Канаваленка паказвае ім экранізацыю літаратурнага твора (напрыклад, “Повесть о настоящем человеке” Б.Палявога, “Уроки французского” В.Распуціна). Праўда, такая чарговасць — хутчэй выключэнне. А яшчэ ў класе на стэндзе настаўніца вывешвае асабіста ёю рэкамендаваны спіс літаратуры. Калі дазваляе час, педагог стварае буктрэйлеры — відэарэкламу кнігі (напрыклад, буктрэйлер да кнігі Джона Бойна “Хлопчык у паласатай піжаме”). Акрамя таго, калі часу няма чытаць, настаўніца слухае аўдыякнігі (у транспарце, у чарзе) і раіць гэта рабіць дзецям.
Сённяшнія вучні больш актыўныя, эмацыянальныя і вельмі адрозніваюцца ад дзяцей, якія былі 10—20 гадоў назад, таму настаўніца імкнецца накіраваць іх энергію ў патрэбнае рэчышча, каб вучань перастаў быць пасіўным удзельнікам адукацыйнага працэсу. “Паспяховым урок абавязкова будзе, калі вучні разумеюць яго важнасць і неабходнасць. У нас дзеці вельмі прагматычныя, а таму на пачатку ўрока, калі мы агучваем яго мэты, абавязкова паказваю, дзе гэтыя веды ім спатрэбяцца ў жыцці: ці ў будучай прафесіі, ці ў адносінах з бацькамі, ці ў будучай сям’і, — заўважае педагог. — Паспяховы ўрок — гэта ўрок, калі я змагла дастукацца да вучняў. Вельмі прыемна, калі яны выходзяць з класа і гавораць “дзякуй”.
На сваіх уроках Ірына Уладзіміраўна аддае перавагу гульнявым і інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, бо іх выкарыстанне дазваляе акунуцца ў іншы свет, стаць удзельнікам той ці іншай падзеі. Гэтыя тэхналогіі аб’ядналіся ў праграмным забеспячэнні Easiteach Next Generation, таму яна і зацікавілася гэтай праграмай.
— Часта ўрокам не хапае той яркасці аповеду, каб не астудзіць, а, наадварот, распаліць жаданне вучыцца. Урок павінен быць эфектным, эмацыянальным, а галоўнае — прадукцыйным. Толькі тады веды, перададзеныя дзецям, надоўга запомняцца, стануць трывалым фундаментам, на які будзе абапірацца ўся іх далейшая адукацыя. У педагагічных колах заўсёды не сціхалі размовы пра тое, як павысіць матывацыю да навучання, бо матывацыя з’яўляецца вядучым фактарам, які рэгулюе актыўнасць, паводзіны, дзейнасць асобы. Урокі, створаныя ў Easiteach, падтрымліваюць і ўнутраную матывацыю (вучань задавальняе свае пазнавальныя патрэбы) і знешнюю (узровень псіхалагічнага камфорту на такіх уроках павышаецца за кошт таго, што вучань не баіцца атрымаць нізкую адзнаку). Менавіта пры дапамозе сродкаў Easiteach развіццё творчых і даследчых здольнасцей вучняў, а таксама кантралюючая і ацэначная дзейнасць настаўніка праходзяць у атмасферы ўзаемнай зацікаўленасці і добразычлівасці, — заўважае настаўніца.
У праграмным забеспячэнні Easiteach выкарыстоўваюцца тэхналогіі мультымедыя, віртуальнай рэальнасці, інтэрактыўнага ўзнаўлення, розныя спосабы навучання і супрацоўніцтва паміж удзельнікамі вучэбнага працэсу. Прымяненне праграмнага забеспячэння пры стварэнні ўрокаў дае магчымасць задзейнічаць асноўныя сенсорныя сістэмы чалавека: візуальную, кінестэтычную і слыхавую, тым самым садзейнічае засяроджванню ўвагі на інфармацыі, якая дэманструецца. Easiteach мае мноства інструментаў, мультымедыйных віджэтаў, калекцыю тэматычных матэрыялаў для ўрокаў, шаблонаў для стварэння дыдактычных дапаможнікаў, бібліятэку вучэбных матэрыялаў; дазваляе выкарыстоўваць і ствараць на старонках урока розныя элементы — анімацыю, відэа, гук, тэкст, флэш-файлы.
Пры асваенні Easiteach І.У.Канаваленка быў вылучаны шэраг функцый і магчымасцей, якія яна выкарыстоўвае пры стварэнні ўрокаў. Так, для работы з тэкстам прымяняюцца пераўтварэнне тэксту ў маўленне, распазнаванне рукапіснага тэксту і перавод яго ў друкаваны фармат, інструмент “Чытай са мной!”, скарбонка слоў, пошук слоў, інструмент “Пісьменніцкі конкурс”. Выкарыстоўваюцца і такія прыёмы, як “Прыбраць пунктуацыю”, “Слоўнікавы запас” (часовае сховішча для слоў і пунктуацыі), “Тэст” (дазваляе стварыць тэст, у якім прапушчаны словы), “Вымаўленне тэксту” (дазваляе чытаць тэкст на старонцы адным з устаноўленых у аперацыйнай сістэме галасоў).
Easiteach дазваляе настаўніцы разнастаіць работу на ўроку, выкарыстоўваць такі немалаважны элемент навучання, як гульня, з дапамогай якой матэрыял лёгка засвойваецца. У некалькі разоў павышаецца эфектыўнасць урока, знікае манатоннасць у выкладанні. Тое, што вучань бачыць на вялікім экране з музычным суправаджэннем і візуальнымі эфектамі, надоўга застаецца ў яго ў памяці. Напрыклад, пры вывучэнні арфаграм выкарыстоўваецца гульня “Расфарбуй пейзаж”, падчас якой навучэнцы па чарзе выходзяць да экрана і знаходзяць сярод нерасфарбаваных карцінак тыя, у назвах якіх змяшчаецца арфаграма, што вывучаецца. Пры ўмове правільнага адказу карцінкі расфарбоўваюцца і пейзаж становіцца яркім. Карцінкі, якія не змяшчаюць арфаграмы, расфарбаваць немагчыма.
Ва ўрыўках з твораў М.Прышвіна педагог прапаноўвае вучням самастойна знайсці словы з арфаграмай па тэме “Літары о-е пасля шыпячых і ц у канчатках назоўнікаў і прыметніках”. Пры ўмове правільна выкананых заданняў навучэнцы атрымліваюць магчымасць паназіраць за жыццём лесу пры дапамозе відэа “Росквіт крокусаў” і “Дрозд корміць сваіх птушанят”.
Выкарыстоўваючы прыём “Інвертацыя колеру” па тэме “Паўтарэнне вывучанага ў 5 класе”, Ірына Уладзіміраўна прадстаўляе на слайдзе жывёл у ненатуральным колеры з нанесенымі на іх словамі з прапушчанымі літарамі. Пры ўмове правільнага адказу жывёла набывае звычную афарбоўку і праяўляе прапушчаныя літары.
Магчымасці праграмнага забеспячэння Easiteach дапамагаюць рабіць больш яркімі і дынамічнымі, запамінальнымі і захапляльнымі не толькі ўрокі рускай мовы. Такія прыёмы, як “Праявы і перашкоды”, “Тэатр ценяў”, “Рэнтгенаўская выява”, ляглі ў аснову распрацоўкі заданняў па рускай літаратуры. Заданне “Цытатнік” да літаратурнай гульні “Па старонках камедыі “Гора ад розуму”, ці “Ба! Знаёмыя ўсе твары!” (9 клас), у праграме Easiteach прапаноўваецца на аснове прыёму “Праявы і перашкоды”. На слайдзе прадстаўлены рэплікі розных герояў камедыі. Сярод іх патрабуецца знайсці рэплікі, якія належаць Чацкаму. З кожным правільным адказам усё больш будзе адкрывацца карцінка з выявай Чацкага, пакуль не адкрыецца цалкам.
Цікавы прыём — “Тэатр ценяў” — прымяняўся на ўроку рускай літаратуры ў 5 класе па тэме “Героі любімых казак”. На слайдах было змешчана прадстаўленне тэатра ценяў. Па сілуэце героя і цытатах навучэнцы называюць герояў казак, якія выходзяць з ценю пры ўмове правільнага адказу.
Вялікую цікавасць у адзінаццацікласнікаў выклікаў урок па тэме “Паэты Сярэбранага веку”, на якім настаўніца выкарыстала прыём “Рэнтгенаўская выява”. Педагог прадставіла прэзентацыю, якая змяшчае фрагменты экранізацый жыццёвага і творчага шляху паэтаў Сярэбранага веку. Навучэнцы павінны пазнаць іх. Пры ўмове правільных адказаў у іх ёсць магчымасць трапіць дамоў да паэтаў і паслухаць творы ў выкананні саміх аўтараў.
Выкарыстанне Easiteach дазваляе зацікаўліваць навучэнцаў новай тэмай ці праектам, калі ў працэс навучання ўключаюцца відэаматэрыялы ці анімацыя, якія дапамагаюць не толькі праілюстраваць рэальныя прыклады, але і ўдыхнуць жыццё ў прадмет; правяраць веды навучэнцаў па вывучанай загадзя тэме, прапаноўваючы ім выконваць практыкаванні на экране па сартаванні і пошуку сувязей. Акрамя таго, дэманстраваць працэс, спачатку праводзячы навучэнцаў праз яго ўсім класам, а затым падтрымліваючы іх пры праходжанні гэтага працэсу; ствараць гісторыі, выкарыстоўваючы тэкст, гук і анімацыю для ілюстрацыі працэсу засваення інфармацыі. Адкрываецца магчымасць ацэньваць усім класам вершы, вылучаючы асноўныя шаблоны і значэнні і выкарыстоўваючы іх у якасці асновы для стварэння ўласнага верша; складаць усім класам артыкулы для газеты падчас правядзення тыдня рускай мовы і літаратуры, а затым распрацоўваць шаблоны, прызначаныя для дапамогі вучням пры напісанні ўласных артыкулаў. Праграма лёгка ўзаемадзейнічае з інтэрнэт-рэсурсамі, відэа- і аўдыяматэрыяламі, якія можна альбо ствараць самім педагогам і ўстаўляць ва ўрок, ці выкарыстоўваць гатовыя кампазіцыі.
— Easiteach для сучаснага настаўніка з’яўляецца ўніверсальным сродкам, які спалучае ў сабе розныя віды педагагічных праграм: кантралюючую, настаўніцкую, дэманстрацыйную, інфармацыйна-даведачную, праграму для праблемнага навучання, праграму-трэнажор, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Праграма актывізавала навучанне дзяцей. Вучні з унутранай матывацыяй імкнуцца працаваць на ўроках Easiteach для дэманстрацыі сваіх асабістых дасягненняў. Вучні са знешняй матывацыяй лёгка захапляюцца яркімі вобразамі і магчымасцю імі маніпуляваць.
У планах настаўніцы — працягнуць самаадукацыю па тэме, стварыць электронны рэсурсны цэнтр, у якім будуць сабраны матэрыялы праграмы Easiteach; правесці шэраг адкрытых урокаў і майстар-класаў для папулярызацыі вопыту работы не толькі для настаўнікаў-славеснікаў, а і для настаўнікаў іншых прадметаў, а таксама стварыць уласны сайт з відэазаняткамі па распрацоўцы ўрокаў з праграмным забеспячэннем.
— Неяк прачытала такое выказванне: калі вы хочаце, каб ваша дзіця глядзела на свет вашымі вачыма, — вучыце і выхоўвайце яго самі. Таму самае вялікае задавальненне для мяне — калі вучні пачынаюць глядзець на свет маімі вачыма: імкнуцца правільна гаварыць, чытаць кнігі і глядзець тыя фільмы, якія я ім раю, вучацца быць неабыякавымі. Гэта прыносіць задавальненне ад сваёй работы, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.