Калі выбіраюць настаўніка, а не школу

Менавіта так робяць бацькі дзяцей, якія хутка пойдуць у першы клас. Можа, не ўсе бацькі кіруюцца такім прынцыпам, аднак многія адназначна. І тут спрацоўвае так званае сарафаннае радыё, калі меркаванне аб настаўніку перадаецца з вуснаў у вусны, з хаты ў хату. Яно і не дзіўна. На 4 гады першы настаўнік становіцца блізкім чалавекам сям’і. У гэтыя 4 гады, як кажуць, закладваецца аснова асноў, ад якой будзе залежаць далейшы школьны лёс.
Як падрыхтаваць настаўніка, які знойдзе падыход да дзіцяці, зацікавіць яго і навучыць? Чым можа павярнуцца гонка за модай і грашыма пры выбары прафесіі? Аб гэтым нам расказала дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Уладзіміраўна Ждановіч. Менавіта на гэтым факультэце рыхтуюць спецыялістаў, у якіх апошнія гады школы адчуваюць сапраўдны недахоп.

— Наталля Уладзіміраўна, неабходнасць у спецыялістах для пачатковай школы ўвесь час павялічваецца. Як гэта адбіваецца на рабоце факультэта?
— Настаўнікі пачатковых класаў сапраўды вельмі запатрабаваныя. Гэта праяўляецца ў тым, што ў нас штогод павялічваецца набор, перш за ўсё на дзённую форму атрымання адукацыі. Так, у мінулым годзе на бюджэт было залічана 80 студэнтаў, а ў планах на гэты — 105 бюджэтных месцаў. Значна вырасла і колькасць абітурыентаў факультэта пачатковай адукацыі, якія прыйшлі на дзень адкрытых дзвярэй БДПУ ў сакавіку 2015 года. Пазнаёміцца з факультэтам падчас гэтага мерапрыемства змаглі больш за 80 чалавек, і мы спадзяёмся, што ўжо 1 верасня яны стануць часткай нашай дружнай студэнцкай сям’і. Дарэчы, некалі дзень адкрытых дзвярэй прывёў у БДПУ і мяне.

— Наталля Уладзіміраўна, з гэтага года, каб паступіць на факультэт пачатковай адукацыі, замест ЦТ па матэматыцы трэба будзе здаваць ЦТ па біялогіі. Чым былі выкліканы такія змены?
— У ліпені 2014 года Міністэрствам адукацыі было прынята рашэнне аб замене іспыту па матэматыцы на іспыт па біялогіі, таму зараз, каб паступіць на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”, трэба мець сертыфікаты ЦТ па рускай ці беларускай мове, гісторыі Беларусі і біялогіі.
Гэта абумоўлена рознымі прычынамі. Па-першае, уніфікацыяй умоў паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, таму што дагэтуль іспыт па матэматыцы адасобліваў спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” ад іншых роднасных (напрыклад, дашкольнай ці спецыяльнай адукацыі). Такая ўніфікацыя сапраўды актуальная, асабліва ва ўмовах профільнага навучання. Акрамя таго, аднолькавыя выпрабаванні на шэраг педагагічных спецыяльнасцей дазволяць абітурыентам быць больш мабільнымі ў сваім выбары.
Па-другое, матэматыка, якая вывучаецца на факультэце пачатковай адукацыі, не з’яўляецца прамым працягам школьнага курса матэматыкі, як, напрыклад, на фізіка-матэматычных факультэтах. Безумоўна, у нас ёсць такая дысцыпліна, аднак яна зусім іншая, таму што арыентавана на вывучэнне матэматычных аб’ектаў з пункту гледжання тэорыі мностваў і матэматычнай логікі. І калі студэнт вучыцца добра, гэтую вучэбную дысцыпліну ён абавязкова асвоіць.
Дарэчы, для выпускнікоў педкаледжаў у нас таксама зменены ўступныя выпрабаванні. З 2014 года, акрамя ЦТ па мове, трэба вусна здаваць экзамены па псіхалогіі і педагогіцы.

— Грамадская думка, што настаўнік — неграшовая прафесія, часта перашкаджае маладым людзям выбіраць блізкую сэрцу прафесію. Наталля Уладзіміраўна, ці былі ў вашай практыцы выпадкі, калі чалавек не адзін раз пашкадаваў, што ў выбары адштурхоўваўся ад такіх меркаванняў?
— На жаль, гэты стэрэатып можа адпужаць тых, хто насамрэч хацеў бы быць настаўнікам. І я ведаю такія прыклады. Аднойчы да мяне прыходзіла студэнтка 3 курса аднаго сталічнага тэхнічнага ўніверсітэта з пытаннем пераводу з факультэта, дзе яна вучылася, на наш. Дзяўчынка з дзяцінства марыла стаць настаўніцай, тым больш што яе матуля працавала ў пачатковай школе. Чаму ж яна адразу не паступала ў педагагічны? У дзяўчыны былі вельмі добрыя матэматычныя здольнасці, і яе настаўнік у свой час сказаў, што паступіць яна зможа ў любы ўніверсітэт, каб атрымаць сучасную прывабную прафесію. Яна і выбрала модную тэхнічную спецыяльнасць. Амаль праз тры гады дзяўчына зразумела, што памылілася ў сваім выбары. Я пагартала яе заліковую кніжку — вучылася яна паспяхова. Не сумняваюся, што і на факультэце пачатковай адукацыі дзяўчына была б не горшай студэнткай, вось толькі розніца ў вучэбных планах была вельмі вялікая, каб разглядаць магчымасць пераводу.
Ёсць і яшчэ адзін запамінальны прыклад. На завочнай форме на нашым факультэце добра вучыцца студэнтка, якая атрымлівае другую вышэйшую адукацыю. Іншы ўніверсітэт яна скончыла з чырвоным дыпломам, але ж мара стаць настаўніцай прывяла яе на факультэт пачатковай адукацыі.
Дзве паспяховыя дзяўчыны бачаць сябе менавіта настаўнікамі пачатковых класаў. Безумоўна, такія яркія прыклады не масавыя, аднак яны вельмі красамоўныя.

— Бясспрэчна, прафесію выбіраць трэба, каб пасля не шкадаваць. Добра, што адна з дзяўчат усё ж такі вучыцца на настаўніка пачатковых класаў, як гэтага і хацела. Добра, што часам ёсць магчымасць змяніць свой не зусім блізкі душы першы выбар. Аднак, каб стаць добрым настаўнікам, аднаго жадання недастаткова. Наталля Уладзіміраўна, як са студэнта падрыхтаваць сапраўднага прафесіянала, які зможа стварыць дамашнюю атмасферу, дзе дзеці будуць слухаць настаўніка, як навучыцца быць нястрогім аўтарытэтам для вучняў, быць ім цікавым?
— Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў падразумявае рознабаковасць, таму нашы студэнты засвойваюць і філалагічныя дысцыпліны, і матэматыку, і дысцыпліны прыродазнаўчанавуковага блока. У пачатковай школе выкладаюць 10 прадметаў, таму студэнты павінны ведаць і 10 методык. Аднак настаўнік першай ступені — гэта не проста прадметнік. Тое, што закладваецца ў першых класах, забяспечвае паспяховасць навучання ў наступных. Чым меншы ўзрост дзіцяці, тым больш высокай павінна быць кваліфікацыя чалавека, які з ім працуе. Дзеці раўнуюцца на настаўніка і бачаць у ім узор, таму яго дабрыня і строгасць павінны быць ураўнаважаны. Калі ўсё дазваляць, вучні не будуць цябе слухаць, і наадварот: калі быць вельмі строгім, адштурхнеш дзяцей ад сябе.
Навучыцца знаходзіць залатую сярэдзіну, баланс дапамагаюць псіхолага-педагагічныя дысцыпліны, якія выкладаюцца на нашым факультэце. Да таго ж мы часта запрашаем для працы са студэнтамі знакамітых навукоўцаў, меркаванні і думкі якіх дапамагаюць разабрацца ў тонкасцях дзіцячай душы.
Мы актыўна супрацоўнічаем з Інстытутам педагогікі і псіхалогіі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, таму нашы студэнты могуць наведваць лекцыі і майстар-класы доктара педагагічных навук, доктара псіхалагічных навук, дырэктара гэтага інстытута Аляксандра Ільіча Савенкава. У кастрычніку 2014 года да нас прыязджала вядомая ў Расіі аўтар падручнікаў па матэматыцы Наталля Барысаўна Істоміна.
Часты госць на факультэце — наша знакамітая выпускніца, галоўны рэдактар часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” Вольга Ігараўна Цірынава, якая займаецца пытаннямі ўвядзення дзіцяці ў школьнае жыццё і навучання грамаце.
Многія нашы выпускнікі, якія рэалізаваліся прафесійна, ствараюць добрыя вучэбна-метадычныя матэрыялы, таму традыцыйным стала запрашэнне на факультэт аўтараў метадычных распрацовак і настаўнікаў, якія з’яўляюцца фіналістамі конкурсаў прафесійнага майстэрства.
Усе гэтыя сустрэчы ладзяцца, каб нашы студэнты на свае першыя працоўныя месцы прыйшлі падрыхтаванымі не толькі тэарэтычна, але і практычна.

— Наталля Уладзіміраўна, на факультэце пачатковай адукацыі працуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Ці прымяняюцца студэнцкія распрацоўкі ў школе?
— На факультэце працуе 5 навукова-даследчых лабараторый па розных кірунках. Безумоўна, іх дзейнасць павінна мець практычны выхад, таму свае распрацоўкі яны апрабоўваюць на базе ўстаноў адукацыі. Так, напрыклад, у канцы сакавіка ў школе № 40 Мінска нашы студэнты даследавалі эфектыўнасць выкарыстання распрацаваных імі заданняў па працоўным навучанні, а ў красавіку прадстаўнікі СНДЛ па методыцы выкладання прадмета “Чалавек і свет” апрабоўвалі свае метадычныя распрацоўкі ў сталічнай гімназіі № 30.

— Ці можна дзесьці азнаёміцца з ідэямі і творчымі распрацоўкамі студэнтаў?
— Такая магчымасць ёсць. Профільныя часопісы “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” і “Пачатковая школа” публікуюць лепшыя распрацоўкі нашых студэнтаў. Акрамя таго, свае ідэі і творчыя дасягненні студэнты прадстаўляюць на навукова-практычных канферэнцыях, рэалізуюць на майстар-класах, якія праводзяць як у нашым універсітэце, так і падчас прадстаўлення факультэта пачатковай адукацыі ў іншых навучальных установах.

— Каб стаць практыкам, безумоўна, праслуханых майстар-класаў, пра якія вы казалі, недастаткова. Ведаю, што студэнты факультэта пачатковай адукацыі з першага па апошні курс праходзяць практыку. Раскажыце, калі ласка, аб гэтым.
— Падрыхтоўка студэнтаў да педагагічнай дзейнасці пачынаецца ўжо з 1 курса. На малодшых курсах прадугледжаны азнаямленчыя практыкі, на старшых — актыўныя педагагічныя, прычым азнаямленчыя практыкі ніколі не з’яўляюцца пасіўнымі: акрамя непасрэдных назіранняў і правядзення дыягнастычных даследаванняў, студэнты 1—2 курсаў актыўна працуюць з малодшымі школьнікамі. Заданні па практыцы прадугледжваюць правядзенне фізкультхвілінак, дынамічных перапынкаў і выхаваўчых мерапрыемстваў з дзецьмі. Выхады ў школу папярэджвае валанцёрская практыка першакурснікаў пад кіраўніцтвам не толькі выкладчыкаў кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі, але і валанцёраў са старшых курсаў.
На 3 курсе ў нас ёсць вучэбна-выхаваўчая практыка пад назвай “Першыя дні дзіцяці ў школе”, падчас якой студэнты вывучаюць так званы перыяд увядзення дзяцей у школьнае жыццё, калі тыя прыходзяць у першы клас і для іх пачынаецца іншы від дзейнасці — вучэбны. Як настаўніку паводзіць сябе з маленькімі вучнямі, як арганізаваць з імі работу, як дапамагчы ім, калі ёсць пытанні з адаптацыяй? Усё гэта — задачы такой своеасаблівай практыкі, як “Першыя дні дзіцяці ў школе”. Дарэчы, падчас яе студэнты павінны навучыцца ўзаемадзейнічаць і з бацькамі навучэнцаў, таму абавязковы кампанент гэтай практыкі — наведванне бацькоўскага сходу.
Далей па плане падрыхтоўкі — актыўныя педагагічныя практыкі. Абавязкова ў нашых студэнтаў ёсць педагагічная практыка, калі яны працуюць выхавальнікамі ў летніках, а ўжо на 3—4 курсах будучыя педагогі праводзяць урокі, якія прадугледжаны раскладам пачатковай школы.
Такая арганізацыя работы студэнтаў забяспечвае пераемнасць у прафесійнай падрыхтоўцы настаўніка пачатковых класаў і дазваляе студэнту адчуваць сябе ўпэўнена, калі ён пачынае сваю педагагічную дзейнасць.

— Наталля Уладзіміраўна, агульнавядомым фактам стала і тое, што студэнты вашага факультэта не толькі стажыруюцца, але і працуюць у школе.
— Нашы студэнты пачынаюць працаваць настаўнікамі на выпускным курсе. Раней гэта рабіць немагчыма, бо неабходны для працы вопыт яны набываюць падчас менавіта педагагічных практык. А вось працаваць у групах прадоўжанага дня ў якасці выхавальнікаў можна пачынаць і з перадвыпускнога курса.
Прыкладна 50% нашых сёлетніх выпускнікоў ужо з вопытам работы. Калі казаць больш канкрэтна, то з 75 выпускнікоў гэтага года 46 прынеслі персанальныя запыты. 1 верасня яны прыйдуць на працу, дзе не будуць навічкамі.
Вяртаючыся да пачатку размовы пра запатрабаванасць настаўнікаў пачатковых класаў, варта адзначыць і вынікі размеркавання: на 75 бюджэтнікаў было выдзелена 340 месцаў!
Безумоўна, ёсць мода на прафесіі, але ж мне здаецца, што няма больш прывабнай і цікавай прафесіі, чым быць для кагосьці першым настаўнікам.

— Вялікі дзякуй за размову! Паспяховай вам уступнай кампаніі!

Святлана ШЫЯН.