Калі ёсць каманда

Аўтамабіль нясе мяне па восеньскай дарозе ў напрамку Чачэрскага раёна. Месца назначэння — Роўкавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа. Усю дарогу я слухаю прыемную беларускую гаворку майго спадарожніка. Настаўнік беларускай мовы Васіль Рудабелец расказвае пра сваю школу, пра калег і вучняў. “Вы здзівіцеся, калі ўбачыце нашу школу, — гаворыць Васіль Міхайлавіч. “ Яна маленькая, але, паверце, далёка не кожная гарадская ўстанова можа з ёй параўнацца”. І тут жа ён удакладняе, што ў гэтым заслуга дырэктара.

Я адчуваю, наколькі Васіль Міхайлавіч любіць сваю школу, як непарыўна звязвае сябе прафесійна з ёй. Пазней, калі я пазнаёмілася з усім калектывам, зразумела: такія пачуцці да невялічкай вясковай школы ў кожнага, хто тут працуе. Цікава, што большасць педагогаў — не мясцовыя жыхары, штодня яны прыязджаюць сюды з райцэнтра. А Васіль Рудабелец наогул з Гомеля. Пяць дзён на тыдзень ён пераадольвае адлегласць 100 кіламетраў на сваім аўтамабілі і пакуль нічога не хоча мяняць.

— У Роўкавічы я трапіў 14 гадоў назад па размеркаванні пасля ўніверсітэта, — расказвае настаўнік. — То быў незабыўны час. Прыйшоў я, малады спецыяліст, і прыйшлі новы дырэктар, Вячаслаў Пільшчыкаў, і яго намеснік, Святлана Корхава, цяперашні кіраўнік. З імі пачалося аднаўленне школы, і я неяк адразу лёгка ўпісаўся ў падзеі, прыкіпеў душой да першага працоўнага месца.

— Школа нядаўна пабудаваная? — пытаюся ў Васіля Міхайлавіча, калі мы пераступілі парог і пачалі падымацца на другі паверх у кабінет дырэктара.

— Не, будынак даўні, з пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, — чую ў адказ і шчыра здзіўляюся, бо ад мінулых часоў, акрамя сцен, тут, здаецца, нічога не засталося.

Нас сустракае Святлана Васільеўна, і мы адпраўляемся на экскурсію па ўстанове. Аглядаем вучэбныя класы. Звычайныя кабінеты хіміі, замежнай мовы, матэматыкі, але ўсе яны падобныя паміж сабой хіба толькі ўтульнасцю. Ва ўсім астатнім бачыцца індывідуальны творчы падыход настаўніка-прадметніка: кожны аформіў клас так, як зручна для выкладання менавіта яго прадмета. Завітаўшы да пачаткоўцаў, чарговы раз прыйшлося ўпэўніцца ў тым, што настаўнікі пачатковай школы асабліва ўмеюць здзіўляць сваімі творчымі знаходкамі. Напрыклад, класны кіраўнік 3 класа Святлана Вайцянкова асновай выбрала экалагічнае выхаванне сваіх вучняў і прытрымліваецца гэтай тэматыкі нават у афармленні класа. Зялёны колер — дамінанта. Нават інфармацыйныя стэнды на сценах зроблены ў выглядзе дрэўцаў. Гэта яе аўтарская распрацоўка.

— Калі прыйшлі рабіць заказ стэндаў, у супрацоўнікаў кампаніі здзіўлена акругліліся вочы, калі яны ўбачылі нашы пажаданні, намаляваныя на паперы, — успамінае Святлана Канстанцінаўна.

Яна сярод настаўнікаў-пачаткоўцаў — наватар. “Кожны раз прыдумляе што-небудзь, — жартуюць калегі, — а нам нельга адставаць, спрабуем пераймаць яе вынаходкі”.

Заглядваем у самы шумны пакой. Тут дзетвара бавіць час пад наглядам сацыяльнага педагога. Адны гарэзліва гойдаюцца па вялікіх мяккіх геаметрычных фігурах, другія, уладкаваўшыся на канапе, гуляюць у псіхалагічную гульню з карткамі.

— Гэта наш пакой для рэлаксацыі, — расказвае Святлана Корхава. — Мы даўно марылі пра такі куточак у сценах школы, і вось цяпер ён у нас ёсць.

Пакой цудоўны, над галавой — зорнае неба, на сценах — малюнкі любімых дзецьмі коцікаў.
— Падабаецца вам тут? — пытаюся ў малых.

— Вельмі! — адказваюць хорам і спяшаюцца далей да сваіх забаў.

Успамінаю словы Васіля Міхайлавіча пра тое, што не кожная школа ў горадзе можа параўнацца з іх маленькай сельскай установай. Цяпер, пасля таго, як я прагулялася па калідорах і класах, разумею яго меркаванне. Адчуванне, што жыццё тут пачалося толькі з 1 верасня: усё здаецца новым, дагледжаным. На справе ж усё збіралася па крупінках на працягу дзясятка гадоў. Каб зберагалася, прыйшлося выхоўваць у навучэнцаў пэўную культуру.

— Пачыналася з таго, што на кожнай парце, крэсле, стале ў школьнай сталоўцы прыклейвалі паперкі з імем таго, хто за імі сядзіць, — дзеліцца выхаваўчымі метадамі дырэктар. — І кожны вучань нёс адказнасць за сваё месца. Гэта аказалася даволі дзейсным. Я нават і не ўспомню, калі апошні раз нехта намаляваў на парце што-небудзь ці як інакш папсаваў школьную мэблю.

А мэбля тут добрая. Нават у калідорах крэслы і канапы стаяць, дзе на перапынках адпачываюць вучні. Дзіўлюся, адкуль уся гэтая прыгажосць? У Чачэрскім раёне буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія маглі б стаць спонсарамі ўстановы, няма.

— У нас даўняе сяброўства з італьянцамі, якія займаюцца гуманітарнай дапамогай, — тлумачыць Святлана Васільеўна. — Яно завязалася яшчэ ў паслячарнобыльскія гады і, на шчасце, захоўваецца і сёння.

Настаўнікі вясковай школы дадаюць, што гэта толькі дзякуючы дырэктару, яе настойлівасці і дзелавой хватцы. Зараз гуманітарная дапамога ад замежных арганізацый у раёне прыпынілася, толькі кіраўнік маленькай школы змагла ўтрымаць наладжаныя адносіны. Святлана Корхава адзначае, што, каб атрымаць фінансавую дапамогу ад італьянскіх сяброў, неабходна абгрунтаваць свае патрэбы. Падтрымка будзе толькі тады, калі гэта для дзяцей, непасрэдна для іх навучання ці адпачынку.

— Так мы абсталявалі некаторыя кабінеты, стварылі пакой рэлаксацыі і пакой для правядзення ўрокаў працоўнага навучання, уцяплілі спартыўную залу, поўнасцю адрамантавалі сталоўку, — пералічвае Святлана Васільеўна.

Мой дзень у Роўкавіцкім яслях-садзе — сярэдняй школе завяршыўся прыемнай гутаркай з калектывам ва ўтульнай настаўніцкай. Гаварылі пра дзяцей і адукацыю, пра павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і пра цікавы педагагічны вопыт, абмяркоўвалі нейкія артыкулы “Настаўніцкай газеты”. Было прыемна, што педагогі вясковай школы — нашы верныя чытачы, а некаторыя і аўтары.

Як і ў любым іншым калектыве, у роўкавіцкай школе працуюць розныя па эмацыянальным успрыманні, па характары і тэмпераменце людзі. Але ўсе яны разумеюць, што яны каманда, якая робіць адну справу. Вось такі просты сакрэт звычайнай вясковай школы, у якую дзеці з задавальненнем ідуць на ўрокі, а настаўнікі — на работу.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.