“Калі ёсць жаданне, тады будзе і вынік”

З першымі сваімі вучнямі ён шукаў скарб, а з сённяшнімі гуляе ў футбол і катаецца на роліках. Ён перакананы, што калі ёсць жаданне, то ўсяго можна дасягнуць, яго мара — убачыць Рым, ён ганарыцца тым, што яго школа размешчана на вуліцы імя Льва Сапегі. Гэта ўсё пра Алега Іванавіча Жука, дырэктара сярэдняй школы № 26 Мінска. Яшчэ шмат чаго іншага вы даведаецеся, калі пачытаеце гэтае інтэрв’ю. Да Алега Іванавіча нас прывяла простая цікаўнасць: што за кіраўнік атрымаў гран-пры на апошнім конкурсе «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі»  ў намінацыі «Лідар адукацыі»?

 

Урокі і падарункі конкурсу

— Алег Іванавіч, чым вас зацікавіў конкурс “Лідар адукацыі”? — Заўсёды з радасцю ўзгадваю тыя пачуцці і эмоцыі, якія ў 2007 годзе адчуваў і перажываў, калі ўдзельнічаў у гэтым жа конкурсе, але ў намінацыі “Настаўнік”. (Тады А.І.Жук стаў лаўрэатам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства). Ідэй, якія ўзнікаюць у цябе падчас конкурсу, затым хапае на некалькі гадоў. У мяне невялікі кіраўнічы вопыт (тры гады), і я думаў, што, магчыма, конкурс падштурхне мяне да нейкай ідэі, падорыць натхненне. Я ішоў на конкурс за эмоцыямі і ведамі. І адзначу, што гэта якраз той выпадак, калі галоўнае — не перамога, а ўдзел. У нас наладзіліся цёплыя адносіны паміж удзельнікамі конкурсу, мы да гэтага часу кантактуем.

А.І. Жук разам з бацькам.— Колькі часу вы правялі за кніжкамі і ў інтэрнеце, калі рыхтаваліся да конкурсу? Якое з конкурсных выпрабаванняў прымусіла вас шмат папрацаваць і пахвалявацца? — Мне было цікава ўдзельнічаць у конкурсе, але было няпроста. Конкурсныя выпрабаванні пачаліся ў лютым і закончыліся ў красавіку, а гэта некалькі месяцаў хваляванняў. Папрацаваць і панервавацца мяне прымусіў конкурс-прэс-канферэнцыя “Імідж установы адукацыі: мода ці неабходнасць…”. За 20 хвілін да выступлення табе прапануюць тэму і даюць на падрыхтоўку 7 хвілін. Я выступаў апошнім (12-м па ліку), таму разумеў, што павінен усіх членаў журы ўзрушыць, каб яны, стомленыя, ажывіліся, актыўна мяне сталі слухаць. Я ўзгадаў словы з “Казкі пра цара Салтана” Пушкіна “Здравствуй, зеркальце, скажи….” і пачаў з гэтых слоў. Імідж – гэта адлюстраванне ў люстэрку, гэта вобраз. У сваёй прамове я выкарыстаў прынцып алфавіта, і калі дайшоў да літары “ж”, то заўважыў, што гэта мая любімая літара. Усе заківалі, маўляў зразумела, прозвішча пачынаецца з гэтай літары. Я адказаў, што гэта зусім не так. З гэтай літары пачынаецца вельмі важнае слова — ЖАДАННЕ. Калі ў нас ёсць жаданне, тады будзе і вынік. За гэтае конкурснае выпрабаванне я атрымаў адзін з самых высокіх балаў. Яшчэ запомніўся конкурс “Творчая майстэрня” на базе ўстановы адукацыі. Яна была прысвечана тэме па рабоце з маладымі педагогамі (у нас у гэтым кірунку ёсць нямала напрацовак). З кім можна параўнаць маладога педагога? Мы параўналі яго з чалавекам, які робіць першыя рухі на роліках. Знялі відэаролік, дзе я, дырэктар, і мае намеснікі катаемся на ролікавых каньках, а затым вучым гэтаму маладых педагогаў.

— Якім вы хацелі сябе паказаць на конкурсе? Што члены журы і вашы калегі павінны былі абавязкова ўбачыць у вас? — Падчас конкурсу я быў шчырым і не баяўся падацца смешным. Узгадваю заданне “Тры паспяховыя справы”, на якім мы прадставілі маладога педагога. Ён выходзіць на сцэну і шукае адказ на пытанне “Як стаць паспяховым педагогам?”, і тут прылятае птушка шчасця (я ў гэтым вобразе) і кліча яго за сабой, і кажа, што яму дапаможа. Педагогі і дырэктары мне гучна апладзіравалі, крычалі “Брава” і гэта надавала больш сілы і ўпэўненасці. Трэба быць натуральным. Кіраўнік такі ж чалавек, як і ўсе астатнія. Гэтая натуральнасць дазваляе і іншым быць з табой натуральнымі. Удзельнічаць у конкурсе мне дапамагло тое, што я з’яўляюся ўдзельнікам клуба настаўнікаў Мінска “Вялікі перапынак”. Мы праводзім вялікую колькасць самых розных мерапрыемстваў. Ніколі не забуду, якімі намаганнямі мне даліся некалькі слоў, якія я сказаў на сваім першым педагагічным савеце перад масцітымі педагогамі. Калі я ўжо са сваімі калегамі ўдзельнічаў у міжнародным праекце “Міжнародны адкрыты ўрок “Яднанне Расіі і Беларусі ў Слове… “Слова аб палку Ігаравым” — 825”, то давялося даваць урокі маскоўскім дзецям. Урокі ладзіліся ў актавай зале, дзе былі прадстаўнікі і кіраўніцтва ўніверсітэта Дружбы народаў, якія апладзіравалі нам у канцы. Гэта была найвышэйшая радасць. Прымаючы ўдзел у мерапрыемствах рознага кшталту, я зразумеў, што галоўнае — шчырасць, а таксама жаданне і ўменне данесці тое, што ты хочаш. Мне здаецца, што ў гэтым конкурсе ў мяне гэта атрымалася.

— У сталіцы штогод праводзіцца шэраг прафесійных конкурсаў для работнікаў сістэмы адукацыі. Мне даводзілася чуць ад некаторых педагогаў, што яны ўжо крыху стаміліся ад іх. Вы так добра выказваецеся аб конкурсах, а сваіх педагогаў натхняеце на ўдзел у іх? — Так. Я бачу вынік ад удзелу ў конкурсе, як чалавек расце і набывае крылы дзякуючы яму. Шмат таленавітых педагогаў працуе ў нашай школе, іх мы імкнёмся прадставіць сталічнай грамадскасці. Калі педагог ведае, што на конкурсе ён не будзе адзін, што за ім стаіць каманда, то ён пагодзіцца ўдзельнічаць у ім. Дзе ёсць каманда, узаемаразуменне — там ёсць вынік. Дастаткова аднойчы некаму з калектыву выступіць на конкурсе, каб астатнія ўбачылі і адзначылі, што ўдзел у конкурсе мае шмат выгод, як маральных, так і матэрыяльных, і наступнага ўдзельніка не трэба будзе ўгаворваць. Так, наша настаўніца пачатковых класаў Алена Мікалаеўна Кожыч стала лаўрэатам раённага этапу гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі-2013” у намінацыі “Мы — маладыя”.

У лабараторыі кіраўніка

— Алег Іванавіч, вы сталі кіраўніком школы-новабудоўлі, таму мелі магчымасць на свой густ добраўпарадкоўваць яе, прымаць на работу педагогаў па сваіх патрабаваннях. Так? — Сапраўды так. Я быў прызначаны дырэктарам сярэдняй школы № 26 Мінска 1 красавіка 2010 года, калі вакол яе яшчэ працягвалася будоўля. На сваю новую работу ў першы працоўны дзень я прыйшоў у гумавых ботах. Давялося і з будаўнікамі пэўны час папрацаваць, але школу мы адкрылі своечасова. Шмат педагогаў прыходзіла да мяне з жаданнем працаваць у новай школе. Гэта былі як вопытныя педагогі, з імем, уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, так і маладыя. Я распрацаваў пэўную анкету, куды прапісаў усе цікавыя для мяне пытанні. Сярод традыцыйных былі пытанні аб адукацыі, дасягненнях, таксама было цікава даведацца, дзе педагог хацеў бы сябе паказаць, у чым удзельнічаць, ці здольны ён змяняцца. Анкета невялікая, але калі да цябе прыходзіць шмат людзей, то па ёй лягчэй іх затым успомніць. Безумоўна, ідэальны варыянт пры прыёме на работу быў бы такі: каб педагог правёў урок у незнаёмым класе… Пры адборы настаўнікаў я аддаваў перавагу, зразумела, прафесіяналам і крэатыўным людзям. Але гэта не значыць, што не браў маладых. У нас, як і павінна быць, залатая сярэдзіна ў калектыве — сплаў маладосці і вопыту. Сярод прынятых на работу былі і тыя, з кім я працаваў у іншых установах адукацыі, якія мяне ведалі. У кнізе па менеджменце я знайшоў думку, што фарміраванне калектыву адбываецца за тры гады. Зараз мы заканчваем трэці навучальны год і я адзначаю, што станаўленне калектыву адбылося. З кімсьці нам давялося развітацца. Засталіся тыя, у кім я ўпэўнены, у кім бачу патэнцыял. Прызнаюся, першыя тры гады былі складанымі. Але ў нас ужо ёсць дасягненні, якімі мы ганарымся. Нашы навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі раённых і гарадскіх навукова-практычных канферэнцый па сусветнай гісторыі, фізіцы, біялогіі, а таксама пераможцамі раённых алімпіяд па працоўным навучанні. Дыпломамі І і ІІ ступеняў адзначаны нашы школьнікі за ўдзел у міжнародным конкурсе “Сіманаўскія чытанні -2013” у намінацыі “Проза” і “Паэзія”. Паспяхова мы ўдзельнічалі ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка. Наша вучаніца Ірына Хоміч у верасні 2012 года на днях беларускай пісьменнасці атрымала з рук міністра адукацыі дыплом фіналісткі гэтага конкурсу.

— Алег Іванавіч, які кірунак дзейнасці вы выбралі для сваёй установы? — Хачу заўважыць, што мне адразу пашчасціла з навучальнымі ўстановамі. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ ў 1993 годзе я быў накіраваны ў Нававёскаўскую сярэднюю школу Стаўбцоўскага раёна. Лепшае месца для гісторыка цяжка было адшукаць — там усё дыхала гісторыяй. Школа размяшчалася ў былым панскім маёнтку, побач быў парк са старажытнымі ліпамі і цудоўнае возера. Мы з дзецьмі адразу ўключыліся ў даследчую работу, разглядалі розныя легенды, у тым ліку і пра скарб, захаваны ў маёнтку. Ладзілі розныя краязнаўчыя вандроўкі. Калі я перайшоў на работу ў сярэднюю школу № 181 Маскоўскага раёна сталіцы, то разам са сваім аднакурснікам Валянцінам Глушанковым і настаўнікам працоўнага навучання Генадзем Кокарам прадоўжыў работу ў гэтым кірунку. Мы стварылі гісторыка-экалагічны турыстычны клуб “Зялёны дуб”, які затым атрымаў статус гарадской арганізацыі. Мы ладзілі экалагічныя лагеры. З дзецьмі аб’ехалі ўсю Беларусь. Яны ад гэтых вандровак былі ў вялікім захапленні. Нават у гонар любімага клуба стварылі рок-гурт пад такой жа назвай. Тады ж на базе школы разам з геаграфічным факультэтам БДУ адкрылі ліцэйскія класы. Падчас усёй гэтай работы я зразумеў, што не трэба шмат гаварыць пра любоў да Айчыны. Мы павінны паказаць дзіцяці, за што яно можа любіць свой двор, сваю вуліцу, а затым яно само скажа, за што любіць свой раён, горад, краіну. Калі я даведаўся, на якой вуліцы будзе знаходзіцца наша школа (на вуліцы Льва Сапегі, 15), то гэта для мяне, як гісторыка, у нейкім сэнсе было знакава. У нас ёсць “Кніга ганаровых гасцей”, куды мы просім запісаць свае пажаданні ўсіх наведвальнікаў. Мы ладзім шмат сустрэч з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, музыкантамі, каб беларускае слова часцей гучала ў межах школы. Хачу зачытаць словы Эдуарда Акуліна пра нашу школу: “Хай словы Скарыны і Сапегі заўжды для вас будуць як два абярэгі”. Мы разумелі, што назва вуліцы нас накіроўвае займацца краязнаўчай дзейнасцю. У нас ёсць задумкі зрабіць краязнаўчы музей, у якім расказаць пра наш мікрараён “Міхалова” . Калі настаўніца гісторыі Таццяна Анатольеўна Чарняк удзельнічала ў конкурсе “Акадэмія ўрока”, то рыхтавала ўрок-прысвячэнне Льву Сапегу, за які была адзначана дыпломам ІІ ступені. Затым мы паказалі ўрывак гэтага ўрока бацькам. Мы хацелі, каб яны разумелі, што мала быць шчаслівым ад таго, што ты атрымаў кватэру на вуліцы Льва Сапегі, трэба ганарыцца тым, што жывеш на вуліцы, якая носіць імя такога славутага чалавека. На цяперашні час у сярэдняй школе № 26 адкрыты спартыўныя класы, дзе дзеці займаюцца футболам. Побач з нашай школай на вуліцы Сямашкі размешчаны Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па футболе БДУ, які ўзначальвае Уладзімір Антонавіч Пігулеўскі. Дзякуючы яго падтрымцы, класы і былі адкрыты. Асаблівасць спартыўных класаў у тым, што ў навучэнцаў няма звычайных урокаў фізічнага выхавання, а яны штодзень наведваюць 2-3 трэніроўкі па футболе. Мы ганарымся поспехамі нашых футбольных класаў, якія ўдзельнічалі ў фінале неафіцыйнага чэмпіянату свету па футболе сярод дзяцей у кастрычніку 2011 года ў Іспаніі, дзе занялі 20 месца з 42. Гэта быў сур’ёзны прарыў. У наступным навучальным годзе мы плануем адкрыць агульнаграмадазнаўчы кірунак. Ужо ёсць дамоўленасць з выкладчыкамі гістарычнага факультэта БДУ.

— Калі мы імкнёмся стаць прафесіяналамі, то арыентуемся на пэўны прыклад, так бы мовіць ідэал у прафесіі. Вы хацелі быць падобнымі да некага з вядомых вам дырэктараў школ з калег альбо з гісторыі педагогікі? — Падчас работы ў 181-й школе мне імпанаваў стыль кіраўніцтва дырэктара гэтай установы Людмілы Нічыпараўны Белавусавай. Яна цікавілася лёсам кожнага педагога. Калі ў 2007 годзе мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ў сярэдняй школе № 83 імя Г.К.Жукава Мінска, мне хоць і цяжка было расставацца са сваім любімым калектывам, але хацелася сябе паспрабаваць у новым амплуа. Я вельмі ўдзячны за многае дырэктару 83-й школы Людміле Ільінічне Клюцкай. Гэта кіраўнік-прафесіянал. Яна заўсёды ўважліва падыходзіла да любой праблемы, якая ўзнікала ў настаўніка, дзяцей. Я з боку назіраў і захапляўся яе прафесіяналізмам, тым, як яна можа проста вырашаць складаныя сітуацыі. Тады я для сябе адзначыў, што хачу быць падобным да гэтых двух кіраўнікоў. Не ведаю, ці атрымліваецца, але я хацеў бы. Я разумею, што настаўнік павінен ведаць, што справядлівасць існуе. І калі ён удзельнічае ў мерапрыемствах, конкурсах, то будзе за гэта адпаведна адзначаны. Разумею, што важна, каб кожны, хто звярнуўся да мяне з праблемай (бацькі, настаўнік, вучань), бачыў маё жаданне ўнікнуць у сітуацыю і дапамагчы яе вырашыць. Любая сітуацыя патрабуе ўдумлівага вывучэння, аналізу. Маім настаўніцкім крэда былі наступныя словы: вучыць — значыць, удвайне вучыцца. Калі зразумеў, што для таго, каб стаць кіраўніком, мне не хапае ведаў, то асэнсавана пайшоў на перападрыхтоўку ў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. У 2006 годзе атрымаў дыплом “Менеджар у сферы адукацыі” з адзнакай. Калі стаў намеснікам дырэктара, то мне здавалася, што розныя папяровыя справы не дазволяць займацца творчасцю, але я памыляўся. Творчасць набывае новыя формы. Маё кіраўніцкае крэда — “Кіраваць — значыць, весці да поспеху іншых”. Я адчуваю вялікае задавальненне, калі бачу, што педагог, у якога я верыў і ўсяляў у яго ўпэўненасць, дасягнуў пэўнага выніку. Для мяне было найвышэйшай пахвалой, калі навучэнец 11 класа (які перайшоў да нас з іншай установы адукацыі) аднойчы заўважыў, што ён да гэтага не ўяўляў, што можна так проста падысці да дырэктара, пра ўсё з ім пагаварыць і атрымаць адказ. Значыць, мне давяраюць, адчуваюць маю зацікаўленасць і шчырасць.

Асабістая прастора

— Якую кніжку вы прачыталі ў апошні час? — Я перачытваў “Тутэйшых” Янкі Купалы. А перад гэтым чытаў “Асновы менеджменту”. — У якой краіне марыце пабываць? — Я шмат дзе пабываў, але мне, як гісторыку, цікава пабачыць Рым, Італію. — У вольны час чым вы любіце займацца? — Мае бацькі жывуць у вёсцы, якая знаходзіцца ў Налібоцкай пушчы. Таму, калі бываю ў іх, то заўсёды езжу ў лес на веласіпедзе ці матацыкле. Вельмі люблю футбол. Мой брат узначальвае ДЮК у Стоўбцах. Я таксама марыў паступіць у інстытут фізічнага выхавання, але бацька сказаў, што ў сям’і хопіць аднаго спартсмена. Я выбраў гістарычны факультэт і не шкадую. У апошні час палюбіў рыбалку. Яна дапамагае зняць нервовае напружанне і дорыць заспакаенне. Мы з жонкай купілі для сябе па два вудзілы. Традыцыйна ў дзень нараджэння маці (7 мая) і таты (12 жніўня) збіраемся сваімі сем’ямі з братам і сястрой у бацькоў. І абавязкова за святочным сталом у нас арганізуецца своеасаблівы малы педагагічны савет. У складзе таты Івана Іванавіча, які больш за 45 гадоў адпрацаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, быў намеснікам дырэктара, брата, яго жонкі, якая працуе ў школе, і мяне. Усе мы не можам быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў сістэме адукацыі.

Гутарыла Святлана КІРСАНАВА.