Калі захацець і пастарацца, поспех забяспечаны

- 14:56Адукацыйная прастора

Як павысіць паспяховасць вучэбнай дзейнасці старшакласнікаў?

Адной з цэнтральных праблем псіхолага-педагагічных даследаванняў з’яўляецца паспяховасць навучэнцаў, а вывучэнне розных фактараў яе павышэння заўсёды актуальнае. Значную ролю ў вучэбнай дзейнасці адыгрываюць матывацыйныя фактары, а таксама тое, як чалавек тлумачыць свае няўдачы ці поспехі.

Стыль тлумачэння поспехаў ці няўдач непасрэдна звязаны са стылем атрыбуцыі. Атрыбутыўны стыль — гэта кагнітыўная асобасная характарыстыка, якая адлюстроўвае спецыфічны спосаб тлумачэння прычыны падзей, да якіх далучаны чалавек.

Атрыбутыўны падыход да матывацыі канцэнтруецца на тым, як людзі асэнсоўваюць тое, што адбываецца з імі, як яны тлума­чаць розныя падзеі, якія яны назіраюць і перажываюць.

Псіхалагічная прычыннасць (ці стыль тлумачэння) уяўляе сабой пастаянна дзеючы фактар, які адыгрывае вялікую ролю ў матывацыі вучэбнай дзейнасці. Пры матывацыі поспеху дзеянні чалавека накіраваны на тое, каб дасягнуць канструктыўных, станоўчых вынікаў. Пры дамінаванні матывацыі боязі няўдачы чалавек імкнецца перш за ўсё пазбегнуць ганьбавання, пакарання.

Каўзальная атрыбуцыя (англ. causal attribution, ад англ. attribution — прыпісванне, надзяленне + лат. causa — прычына) — атрыбуцыя адносна прычын сваіх ці чужых паводзін ці ўзнікнення канкрэтнай сітуацыі. Каўзальная атрыбуцыя дасягненняў — гэта кагнітыўны працэс інтэрпрэтацыі ўласных дасягненняў і прыпісванне прычын сваім поспехам і няўдачам пры выкананні якой-небудзь дзейнасці.

Праз атрыбуцыю прычын паводзін індывід раздзяляе асобасныя і сітуатыўныя фактары. Да асобасных фактараў адносяцца намер чалавека, намаганне, здольнасці, да сітуатыўных — цяжкасці, задачы і выпадак.

Вучэбная дзейнасць — гэта дзейнасць суб’екта па авалоданні абагульненымі спосабамі вучэбных дзеянняў і самаразвіцці падчас рашэння вучэбных задач, спецыяльна падрыхтаваных выкладчыкам, на аснове знешняга кантролю і ацэнкі, якія перахо­дзяць у самакантроль і самаацэнку.

Вучэбная дзейнасць мае сваю структуру. Д.Б.Эльконін вылучыў некалькі ўзаемазвязаных кампанентаў:

  1. Матывацыя. Вучэбна-пазнавальныя матывы — цікавасць да змястоўнага боку вучэбнай дзейнасці, да таго, што вывучаецца, да працэсу дзейнасці.
  2. Вучэбная задача. Сістэма заданняў, пры выкананні якіх дзіця асвойвае найбольш агульныя спосабы дзеянняў. Развіццёвае навучанне прадугледжвае сумеснае адкрыццё дзецьмі і настаўнікам агульнага спосабу рашэння задач.
  3. Вучэбныя аперацыі. Уваходзяць у склад спосабу дзеяння аперацыі і вучэбных задач. Кожная вучэбная аперацыя павінна быць адпрацавана.
  4. Кантроль. Спачатку вучэбную дзейнасць кантралюе настаўнік, потым вучні самі кантралююць сябе. Без самакантролю немагчыма паўнавартаснае разгортванне вучэбнай дзейнасці, таму гэта найважнейшая педагагічная задача.
  5. Ацэнка. Дзіця павінна навучыцца адэкватна ацэньваць сваю работу агульнай ацэнкай (наколькі правільна выканана заданне) і ацэнкай сваіх дзеянняў (наколькі асвоены спосаб рашэння, што не адпрацавана).

Педагагічныя крытэрыі паспяховасці вучэбнай дзейнасці:

  • здольнасць вучня да засваення адукацыйных праграм, якія прапануе школа;
  • здольнасць прадэманстраваць свае веды, уменні і навыкі, паспяховасць па школьных дысцыплінах.

Да псіхалагічных крытэрыяў паспяховасці вучэбнай дзейнасці адносяць станоўчую дынаміку развіцця, станоўчую матывацыю да навучання, станоўчыя адносіны да школы, захаванне пазнавальнай цікавасці, сацыяльную адаптаванасць, пазітыўныя адносіны паміж вучнем і настаўнікам, пазітыўныя адносіны з аднакласнікамі, добрае фізічнае і псіхічнае здароўе, адэкватна-пазітыўную самаацэнку, адчуванне дабрабыту ў сям’і.

Якасныя паказчыкі паспяховасці — гэта пазнавальная актыўнасць, разумовая самастойнасць, самаарганізацыя, акадэмічная паспяховасць.

Мы правялі даследаванне і даказалі, што добрая каўзальная атрыбуцыя сваіх поспехаў і няўдач спрыяе развіццю ўнутранай матывацыі і павышэнню паспяховасці вучэбнай дзейнасці. Гэтае даследаванне паглыбляе і развівае існуючыя ўяўленні пра псіхалагічныя фактары паспяховасці навучання.

Метады даследавання:

  • метады атрымання інфармацыі (аналітычны агляд літаратуры па праблеме даследаванняў, выкананых у рамках сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі, анкетнае апытанне, тэсціраванне, аналіз дакументаў);
  • інтэрпрэтацыйныя метады, апісальная статыстыка.

Методыкі даследавання:

  1. Методыка выяўлення характару атрыбуцыі поспеху/няпоспеху.
  2. Апытальнік “Шкала акадэмічнай матывацыі”.
  3. Вывучэнне паказчыкаў паспяховасці, дасягненняў навучэнцаў на аснове аналізу дакументаў (журналаў, банка даных адораных навучэнцаў і інш.).

Выбарку даследавання склалі 44 чалавекі (20 — навучэнцы з высокім узроўнем паспяховасці вучэбнай дзейнасці і 24 — навучэнцы з нізкім узроўнем паспяховасці вучэбнай дзейнасці) — навучэнцы сярэдняй школы № 32 Гомеля, 10—11 клас. Узрост — ад 15 да 16 гадоў.

* * *

Паспяховасць вучэбнай дзейнасці звязана з каўзальнымі атрыбуцыямі дасягненняў. Навучэнцы з добрай атрыбуцыяй дасягненняў больш паспяховыя ў навучанні: маюць высокія адзнакі па вучэбных прадметах, дасягненні ў вучобе. Старшакласнікі, у якіх пераважае не вельмі добрая атрыбуцыя дасягненняў, менш паспяховыя ў вучэбнай дзейнасці (акадэмічная паспяховасць у іх ніжэйшая за сярэднюю).

У нашым даследаванні мы знайшлі сувязь паміж тыпам каўзальнай атрыбуцыі і матывацыяй. У высокаматываваных навучэнцаў (паспяховых старшакласнікаў) пераважае добрая атрыбуцыя дасягненняў. Пры атрыбуцыі поспеху яны выкарыстоўваюць прычынныя фактары намагання і добрыя здольнасці, гэта значыць, лічаць, што ў выпадку поспеху яны дастаткова стараюцца, многа працуюць, рыхтуюцца да ўрокаў, разумеюць тлумачэнні настаўніка, на занятках імкнуцца выконваць заданні хутчэй за іншых. Пры атрыбуцыі няпоспеху — недахоп ці адсутнасць намаганняў, стараннасці, працавітасці.

Вядучымі тыпамі матывацыі ў старшакласнікаў з высокім узроўнем паспяховасці вучэбнай дзейнасці з’яўляюцца матывацыя пазнання, матывацыя дасягнення і матывацыя самапавагі. Паспяховыя навучэнцы стараюцца даведвацца пра новае, зразумець прадмет, які вывучаюць, дабівацца максімальна высокіх вынікаў у вучобе, адчуваюць задавальненне ад рашэння цяжкіх задач, таксама праяўляюць жаданне вучыцца для адчування ўласнай значнасці і павышэння самаацэнкі за кошт дасягненняў у вучобе.

У старшакласнікаў з нізкім узроўнем паспяховасці вучэбнай дзейнасці выяўлены экстэрнальная матывацыя і матывацыя самапавагі. Такія навучэнцы ацэньваюць сітуацыю вымушанасці вучэбнай дзейнасці, абумоўленую неабходнасцю выконваць патрабаванні, якія дыктуе соцыум — ён вучыцца, каб пазбегнуць магчымых праблем. У менш паспяховых навучэнцаў выяўляецца жаданне вучыцца для адчування ўласнай значнасці і павышэння самаацэнкі.

Нематываваныя навучэнцы поспех тлумачаць шанцаваннем, выпадковасцю, удачным збегам акалічнасцей, лёгкасцю вучэбных заданняў, няпоспех — складанасцю заданняў і нізкімі здольнасцямі.

Высокая паспяховасць у вучэбнай дзейнасці звязана з унутранымі матывамі: цікавасць да працэсу дзейнасці, да яе выніку, імкненне да самаразвіцця, развіцця якіх-небудзь сваіх якасцей, здольнасцей. Для нізкай паспяховасці ў вучэбнай дзейнасці характэрны знешнія матывы: дзейнасць ажыццяўляецца з-за доўгу, абавязку, дзеля дасягнення пэўнага становішча сярод равеснікаў, з-за націску родных, настаўніка і інш.

Практычнае значэнне работы: вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны ў рабоце настаўнікаў-прадметнікаў, педагога-псіхолага; распрацаваны рэкамендацыі для настаўнікаў “Павышэнне матывацыі вучэбнай дзейнасці” і для навучэнцаў “Фарміраванне добрага аптымістычнага тыпу атрыбуцыі”. Практычныя рэкамендацыі дазволяць рашаць задачы, звязаныя з павышэннем матывацыі навучання, а таксама панізіць наступствы ўплыву дрэнных атрыбуцый на псіхаэмацыянальны стан навучэнцаў.

Рэкамендацыі настаўнікам

Павышэнне матывацыі вучэбнай дзейнасці

  1. Акцэнтаваць увагу на навучанні ці набыцці ўменняў і навыкаў, а не на дасягненнях або выніку гэтага працэсу. Гэта значыць, рэагаваць фактычна на намаганні, затрачаныя вучнямі, а не на вынік, які быў дасягнуты. З гэтага палажэння лагічна вынікае неабхо­дасць канкрэтнай зваротнай сувязі ад настаўніка адносна правільнасці выканання задання, а не проста адзнак (без параўнання з іншымі вучнямі).
  2. Настаўнік можа павысіць матывацыю навучэнцаў праз зніжэнне канкурэнцыі паміж імі (выкарыстанне падыходаў, заснаваных на супрацоўніцтве і поўным авалоданні вучэбным матэрыялам).
  3. Настаўніку неабходна дапамагчы навучэнцам ацаніць свае вынікі на аснове прычынных фактараў, акрамя здольнасцей (унутраны, стабільны, некантралюемы фактар, цесна звязаны з самасцвярджэннем і ўпэўненасцю ў сабе). Найбольш аптымальна рабіць акцэнт на намаганні (унутраны, нестабільны і кантралюемы фактар) у якасці прычыны поспеху.
  4. Настаўніку трэба імкнуцца да пастаноўкі рэалістычных мэт, каб павысіць магчымасць поспеху і асабістую ацэнку навучэнцамі сваіх здольнасцей.
  5. Неабходна пастаянна сачыць за інфармацыяй (вербальнай і невербальнай) аб прычынах няпоспехаў у вучобе, якую яны пасылаюць навучэнцам, і адпаведна мяняць свае выказванні з мэтай зваротнай сувязі.
  6. Настаўнікам самім трэба пазбягаць стану вывучанай бездапаможнасці ў выніку ўласных няўдач і расчараванняў, адчутых у класе, якія імі ўспрымаюцца.
  7. Неабходна выкарыстоўваць заахвочванне (адэкватнае цяжкасці задачы і прыкладзеным намаганням), каб дапамагчы навучэнцам больш пазітыўна ацэньваць сябе, адчуваць жаданне дасягнуць нечага.

Рэкамендацыі навучэнцам

Фарміраванне аптымістычнага тыпу атрыбуцыі

  1. Мяняйце свае адносіны да падзей, што не кантралююцца, на кантралюемыя.
  2. Трэба перашкаджаць замацаванню памылковых перакананняў адносна сваіх здольнасцей. Імкнуцца да развіцця сваіх здольнасцей і свайго патэнцыялу ў рамках вучэбнай дзейнасці.
  3. Пераконвайце сябе ў тым, што валодаеце здольнасцю для дасягнення мэты. Але гэта павінна адпавядаць вашым рэальным магчымасцям і здольнасцям.
  4. Пры вучэбных цяжкасцях па некаторых прадметах памятайце, што ў той жа час могуць паспяхова быць асвоены блізкія дысцыпліны.
  5. Пры немагчымасці радыкальнага пераадолення няўхільнасці негатыўных наступстваў мае месца навучанне сутыкненню з імі з найменшымі выдаткамі (навучанне пакорлівасці).
  6. Рабіце тое, чаго баіцеся — самаэфектыўнасць будзе ўзмацняцца. Назірайце за людзьмі, якія паспяхова выстройваюць паводзіны: гэта дапаможа ўсяліць упэўненасць, што ў вас таксама ўсё атрымаецца.
  7. Рэакцыя чалавека на няўдачу вызначаецца ў асноўным яго агульнымі адносінамі да жыцця, а не ступенню гатоўнасці да канкрэтнай сітуацыі. Развівайце аптымістычныя ўстаноўкі.

Поспехі

  • Прыпісваюцца сабе: гэта адбылося заканамерна, у гэтым мая заслуга, я гэта зрабіў(ла) сам(а), усё залежала і залежыць ад маіх намаганняў і майго жадання.
  • Шырока ў прасторы: пры любых акалічнасцях, калі захацець і пастарацца, поспех забяспечаны. У любым месцы, у любой краіне.
  • Шырока ў часе: і раней так было, і ў будучыні будзе таксама. Заўсёды. За вельмі рэдкім выключэннем.
  • Няўдачы
  • Прыпісваюцца збегу акалічнасцей: проста не пашанцавала, няўдачна склаліся акалічнасці, не па маёй віне, па віне выпадку ці іншых людзей.
  • n Лакальна ў прасторы: проста ў гэтым месцы выпадкова аказаліся не самыя лепшыя ўмовы.
  • n Лакальна ў часе: час аказаўся не самым удачным. Трэба паспрабаваць пазней яшчэ раз.
  1. Кожны дзень стаўце перад сабой толькі адну мэту.
  2. Штодзень вылучайце час для поўнай рэлаксацыі — як мінімум адзін раз на дзень і не менш за 20 мінут.
  3. Заўсёды разглядайце праблему як мінімум з трох пунктаў гледжання.
  4. Штодзень бярыце на заметку ўсё, што вас здзівіла.
  5. Штодзень старайцеся здзівіць тых, хто з вамі працуе.
  6. Не толькі запісвайце праблемы, але і візуалізуйце іх.
  7. Штодзень тым ці іншым чынам уключайце ў сваё жыццё музыку.
  8. Зрабіце так, каб штодзень вы не менш за гадзіну інтэнсіўна займаліся нейкай адной справай.
  9. Штодзень здзяйсняйце 20-мінутную прагулку.
  10. Вазьміце на ўзбраенне прынцып: “Пераначуем — лепей пачуем”.
  11. Назірайце за навакольным светам, прыродай; атрымлівайце асалоду ад рухаў аблокаў, узыходу сонца, вясёлкі.
  12. Старайцеся так плаванаваць дзень, каб заставаўся вольны час на задавальненні, часцей усміхайцеся і разважайце пра добрае.
  13. У вольны час успамінайце пра лю­дзей, з якімі вам было прыемна і лёгка, не замыкайцеся ў сабе, больш фантазіруйце і эксперыментуйце.
  14. Чытайце смешныя гісторыі і анекдоты.
  15. Самі прыдумляйце, калі ўмееце, вясёлыя гісторыі.

* * *

Такім чынам, навучэнцы з добрай атрыбуцыяй дасягненняў з’яўляюцца больш паспяховымі ў вучэбнай дзейнасці і маюць унутраную (высокую) матывацыю вучэбнай дзейнасці. Навучэнцы з не вельмі добрай атрыбуцыяй дасягненняў менш паспяховыя ў вучэбнай дзейнасці і маюць знешнюю (нізкую) матывацыю вучэбнай дзейнасці. Павышэнне вучэбнай матывацыі ў навучэнцаў і змяненне тыпу каўзальнай атрыбуцыі дасягненняў будзе спрыяць паспяховасці вучэбнай дзейнасці.

Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.