Калі зоркі запальваюць…

Настассі Скарапад яшчэ толькі 16 гадоў, а яе ўжо на вуліцах пазнаюць: пасля эфектных выступленняў на тэлебачанні юную магіляўчанку ведаюць і ў твар, і па голасе. Сёння мы гутарым з яе педагогам Ліліяй Чагадаевай, якая займаецца з ёй вакалам ужо больш за дзесяць гадоў у тэатры­студыі “Вясёлка” пры Абласным цэнтры творчасці Магілёва. Менавіта ў гэтай студыі займаліся Ірына Дарафеева, Наталля Падольская і шмат іншых знакамітасцей, імёны якіх сёння на слыху. Цяпер плеяду беларускіх “зорачак” папоўніла Настасся Скарапад.

— Лілія Аляксандраўна, якой была Насця, калі толькі прыйшла займацца ў студыю пяцігадовай дзяўчынкай?

— Гэта была маленькая харызматычная дзяўчынка, якая вельмі любіла сцэну, жыцця не ўяўляла без выступленняў, яе трэба было толькі ледзь-ледзь накіраваць у патрэбнае рэчышча. Ніводнага разу Насця не скардзілася, што ёй надакучыла ці яна стамілася — гэта той шчаслівы выпадак, калі чалавек на сцэне заўсёды адчувае сябе ў сваёй талерцы.

— Ніколі не трасецца ад страху перад выступленнямі?

— У кожнага добрага артыста абавязкова павінна быць хваляванне перад выхадам на сцэну. Але Насця — моцнае духам дзіця, якое можа ўзяць сябе ў рукі. І галоўнае  — ёй так падабаецца атрымліваць аддачу ад аўдыторыі, што калі яна бачыць зачараваныя вочы гледачоў, то забывае пра ўсё на свеце.

— Тэатр-студыя “Вясёлка” выпусціла шмат знакамітых артыстаў. Як лічыце, у чым сакрэт?

— Напэўна, справа ў адданасці сваёй справе, уменні прапус­каць праз душу і сэрца тое, што мы робім, і, зразумела, жаданні ісці ў нагу з часам.

— На што вы звяртаеце ўвагу, калі ўпершыню бачыце новага навучэнца?

— На яго прыродныя даныя, на тое, як ён умее працаваць з пуб­лікай, няхай гэта ўсяго два-тры чалавекі, на тое, як ён ладзіць зносіны з іншымі дзецьмі, педагогамі, ці трапляе ў тэмп, рытм, ці можа паўтарыць малюнак танца, прапляскаць мелодыю… і, галоўнае, ці любіць ён выходзіць на сцэну…

— А калі ён любіць, але пакуль сам гэтага не зразумеў?

— Спачатку многія дзеці маюць пэўныя заціскі, не адчуваюць раскаванасці на сцэне… Усё прыходзіць з часам. Калі ёсць сумесная праца дзіцяці, педагога і бацькоў, ёсць вера ў тое, што ўсё атрымаецца, выніку не можа не быць!

— Вы сачылі за выступленнем Насці па тэлебачанні?

— Зразумела, і не толькі я. Мы ўсёй “Вясёлкай” перажывалі і хваляваліся за яе.

— Ці было адчуванне, што ўсё атрымаецца?

— Конкурс — гэта такая суб’ектыўная справа: камусьці падабаецца адмысловы тэм бр голоса, хтосьці любіць соўл, іншы — джаз. Многае залежыць ад асабістых густаў. Таму ты ніколі не можаш быць да канца ўпэўнены, што будзе далей. Але харызму, талент і добрае выкананне яшчэ ніхто не адмяняў. Таму заўсёды ёсць вера і спадзяванне, што менавіта твой навучэнец пройдзе ў наступны этап. Але самае галоўнае не вынік, а тое, каб ён змог рэалізаваць тыя веды і навыкі, што педагог у яго ўкладваў.

— Ці часта, нягледзячы на станоўчы вынік, вы бываеце незадаволены выкананнем: мы ж столькі разоў рэпеціравалі гэтае месца, чаму зноў ты на ім спатыкнуўся?

— Вядома, кожнае выступленне мы абавязкова аналі­зуем: работа над памылкамі павінна праводзіцца, каб дзіця ведала свае моцныя і слабыя бакі. Але ні адзін вопыт не можа быць нестаноўчым: аднойчы ён абавязкова ўзгадаецца і спатрэбіцца.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Настассі Скарапад.