Калідорныя дзеці

На Міншчыне рэалізуецца праект “Калідорныя дзеці”. Яшчэ нядаўна праект дзейнічаў толькі ў некалькіх гарадах вобласці, а два месяцы назад атрымаў больш шырокую ўвагу і распаўсюдзіўся на ўвесь прысталічны рэгіён. Што гэта за праект і чаму ён так зацікавіў спецыялістаў, што маштабы яго значна павялічыліся?

Заняткі “Клуба маладых адкрывальнікаў” у гульнявым пакоі ў Маладзечне.

Выхаванне калідорамі

Тое, як дзіця бавіць вольны час, значна ўплывае на яго станаўленне як асобы. Згадзіцеся, вялікае значэнне мае тое, дзе, з кім, у якіх умовах і ў якім асяроддзі гэта адбываецца. І калі дарослыя не паклапоцяцца аб арганізацыі вольнага часу, то станаўленне асобы можа адбывацца само па сабе, стыхійна, пад уплывам негатыўных прыкладаў, і можа атрымаць зусім нежаданы кірунак. Менавіта з гэтымі думкамі аўтары праекта “Калідорныя дзеці” звярнулі ўвагу на хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць разам з бацькамі ў інтэрнатах калідорнага тыпу, таму што яны знаходзяцца ў неспрыяльных умовах. Па-першае, нярэдка ў такіх інтэрнатах няма спецыяльна выдзеленага месца, дзе дзеці маглі б бавіць вольны час. Па-другое, жылыя памяшканні ў такіх інтэрнатах зусім невялічкія — 10—18 квадратных метраў, на якіх жыве цэлая сям’я, нярэдка не з адным дзіцем. У гэтых умовах няпроста знайсці месца нават для самых неабходных для жыцця рэчаў, тым больш складана размясціць куток для дзіцячых гульняў. Па-трэцяе, нярэдка бывае, што ў такіх інтэрнатах жывуць сем’і з невялікім фінансавым дастаткам і ім складана выдаткаваць з сямейнага бюджэту грошы для арганізацыі вольнага часу дзяцей недзе ў спецыялізаваных установах. Вось і атрымліваецца, што дзеці прадастаўлены самі сабе і выхоўваюцца ў інтэрнацкіх калідорах. Змяніць гэтую сітуацыю і быў закліканы праект.

Аўтары праекта — творчая група педагогаў з розных гарадоў Беларусі. Яны мелі вопыт сумеснай рэалізацыі некалькіх праектаў і разам распрацавалі праект “Калідорныя дзеці”. Ініцыятыва атрымала грант фонду Пасольства Нідэрландаў па рэгіянальным партнёрстве “MATRA”. Вялікую падтрымку аказалі і мясцовыя ўлады. У 2015 годзе праект стартаваў у Беразіне, Жодзіне, Маладзечне і Пінску. Галоўнай ідэяй праекта стала стварэнне прасторы для арганізацыі вольнага часу дзяцей, якія пражываюць у інтэрнатах.

Заняткі ў гульнявым пакоі ў Жодзіне.

Эксперыментуем, развіваемся, ствараем

У кожным з чатырох гарадоў на першапачатковым этапе рэалізацыю праекта каардынавала адна з устаноў адукацыі. У цэнтры ўвагі апынуліся інтэрнаты, у якіх пражываюць навучэнцы гэтых устаноў. Так, напрыклад, у Жодзіне эпіцэнтрам развіцця падзей стала сярэдняя школа № 2. На момант распрацоўкі праекта 150 навучэнцаў установы жылі ў інтэрнатах у мікрараёне школы, з іх 14 былі прызнаны, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, двое стаялі на ўліку ў ІСН.

Падтрымку праекту аказалі Жодзінскі гарадскі выканаўчы камітэт, упраўленне па адукацыі гарвыканкама, аб’яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, валанцёры.

Разам з ЖКГ было вызначана памяшканне, на базе якога рэалізоўваўся праект — гэта інтэрнат сямейнага тыпу на вуліцы Брэсцкай. У пакоі, выдзеленым для заняткаў дзяцей, зрабілі касметычны рамонт, закупілі неабходную мэблю, абсталяванне, і напярэдадні Каляд адбылося ўрачыстае адкрыццё гульнявога пакоя ў інтэрнаце.

— Ствараючы прастору для дзяцей, мы абапіраліся на тэхналогію edutainment. Гэтае слова ўтварылася пры спалучэнні двух слоў, якія перакладаюцца як “адукацыя” і “забавы”, і прадугледжвае адукацыю ў захопленай супольнасці. Мы імкнуліся стварыць не проста месца для адпачынку, а развіццёвае асяроддзе, дзе вольны час можна праводзіць з карысцю, — расказвае каардынатар праекта ў Жодзіне Валянціна Аляксандраўна Хадасевіч, дырэктар сярэдняй школы № 2. — І нам удалося дасягнуць мэты дзякуючы сумеснай рабоце, да якой падключыўся, здаецца, увесь горад: адгукнуліся ўлады, у якасці валанцёраў працавалі дзеці і дарослыя.

Атрымалася шматфункцыянальнае памяшканне, якое мае ўмоўнае занаванне. Так, у зоне “Эксперыментуем!” ёсць усё неабходнае для правядзення пазнавальных доследаў, у зоне “Развіваемся!” можна знайсці канструктары, пазлы, галаваломкі, настольныя гульні. Ёсць тут зона “Ствараем!”, дзе займаюцца рукадзеллем, “Гуляем!”, дзе размешчаны шашкі, кеглі, дартс. Зона “Чытаем!” уяўляе сабой паліцу для буккросінгу, і, нарэшце, зона “Маем зносіны” прызначана для правядзення свят і цікавых сустрэч. Прадуманая арганізацыя памяшкання дазваляе хутка і лёгка трансфармаваць яго ў адпаведнасці з рознымі патрэбамі і задачамі.

У гульнявым пакоі пачалі працаваць разнастайныя аб’яднанні: у клубе “Дамавічок” праводзяцца развіццёвыя гульні, трэнінгі, дапамагаюць у выкананні дамашніх заданняў; на занятках у майстэрні “Мара” і студыі “Вясёлка” дзеці засвойваюць разнастайныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, такія як квілінг, стварэнне габеленаў, вязанне, тарцаванне. У правядзенні заняткаў задзейнічаны педагогі Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. Заняткі ў гульнявым пакоі праходзяць 4 разы на тыдзень. На пачатковым этапе іх наведвалі 26 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. Перавага была аддадзена непаўналетнім з малазабяспечаных сем’яў, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на ўліку ў ІСН.

Праект “Калідорныя дзеці” атрымаў працяг. Так, у 2018/2019 навучальным годзе ён рэалізуецца на базе ўжо трох інтэрнатаў горада. Цэнтрам творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна арганізавана работа 13 груп аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, тэхнічнага і спартыўна-тэхнічнага, мастацкага, грамадска-гуманітарнага профіляў.

Акрамя заняткаў, праводзяцца майстар-класы для ўсёй сям’і, забаўляльныя праграмы ў перадсвяточныя і святочныя дні. Таксама на базе гульнявога пакоя прадастаўляецца магчымасць правядзення сямейных дзіцячых свят, якія немагчыма ладзіць у невялічкіх інтэрнацкіх пакоях.

А яшчэ праект адкрыў новыя магчымасці работы з сям’ёй — знаходжанне педагогаў непасрэдна там, дзе жывуць сем’і, дазваляе ўсталяваць больш цесны кантакт з бацькамі. На працягу года ў гульнявым пакоі праводзяцца сустрэчы са спецыялістамі — педагогамі-псіхолагамі, інспектарамі ІСН, медыцынскімі работнікамі — па пытаннях сямейнага выхавання, паводзін у складаных жыццёвых сітуацыях. Работа педагогаў у гульнявых пакоях дазваляе праводзіць прафілактычную работу па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці, прадухіленні правапарушэнняў і злачынстваў.

Мерапрыемства ў інтэрнаце ў Гарадзеі Нясвіжскага раёна ў рамках праекта “Калідорныя дзеці”.

У гульнявы пакой — у будні і на канікулах

У распараджэнні арганізатараў праекта “Калідорныя дзеці” ў Маладзечне аказаўся пакой, размешчаны ў інтэрнаце сямейнага тыпу на вуліцы Замкавай. Большасць дзяцей, якія пражываюць там, — навучэнцы сярэдняй школы № 5, у якой і ўзяліся за рэалізацыю праекта. У выдзеленым пакоі размяшчалася зала для фехтавання ДЮСШ, а ў перапынках паміж заняткамі спартыўнай секцыі пакой не выкарыстоўваўся. Была дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам спартыўнай школы аб сумесным выкарыстанні пакоя і ўзгоднены графікі работы гурткоў і секцыі па фехтаванні.

Потым памяшканне адрамантавалі, набылі камплекты развіццёвых гульняў для дзяцей рознага ўзросту, наборы для правядзення пазнавальных эксперыментаў, творчасці. Прадумалі і складную мэблю, каб не перашкаджаць правядзенню заняткаў па фехтаванні. Так з’явілася прастора для паўнавартаснага правядзення вольнага часу дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у інтэрнаце. У пакоі пачаў працаваць гурток “Яе Вялікасць — Гульня” ЦТДіМ “Маладзік”. Праграма гэтага аб’яднання па інтарэсах была спецыяльна распрацаваная педагогам дадатковай адукацыі Галінай Пятроўнай Іванькінай. Пад яе кіраўніцтвам пачала дзейнічаць таксама тэатральная студыя “Казка”. Заняткі “Клуба маладых адкрывальнікаў” тут жа праводзіла настаўніца фізікі Людміла Уладзіміраўна Гумянюк.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца розныя мерапрыемствы і святы для дзяцей і бацькоў, якія пражываюць у інтэрнаце. Гэта навагоднія спектаклі тэатральнай студыі і ранішнікі. Традыцыйнымі сталі сямейныя конкурсы, напрыклад, “Вясёлка талентаў”, “Містар Талент”, прымеркаваны да 23 лютага.

Актыўна працуе пакой і падчас канікул. У школьных лагерах заўсёды ёсць дзеці, якія пражываюць у інтэрнаце і ўжо знаёмы з гульнявым пакоем. Падчас правядзення гульнявых дзён у лагеры яны мелі магчымасць паказаць і іншым дзецям школы гэтую выдатную пляцоўку. Для таго каб педагогі, якія працуюць у лагеры, маглі праводзіць паўнавартасныя заняткі з дзецьмі ў гульнявым пакоі, для іх папярэдне было праведзена пасяджэнне метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў на базе пакоя ў інтэрнаце, дзе яны пазнаёміліся з настольнымі гульнямі і іншым інвентаром. У выніку наведванне гэтага месца стала адным з любімых мерапрыемстваў для ўсіх дзяцей, якія аздараўліваюцца ў школьным лагеры.

— Пакой дзейнічае ў нашым горадзе ўжо некалькі гадоў. І сёння мы бачым, што сюды з задавальненнем ідуць дзеці. Прычым любога ўзросту — як малодшыя школьнікі, так і старшакласнікі. Задаволены гэтым і бацькі, якія могуць быць спакойнымі за сваіх дзяцей, — лічыць каардынатар праекта ў Маладзечне намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 5 Алена Мікалаеўна Парахня. — Упэўнена, што такія пакоі патрэбны ў кожным інтэрнаце, дзе жывуць сем’і з дзецьмі.

Новыя пакоі і новыя гарызонты

Падчас рэалізацыі праекта “Калідорныя дзеці” сталі відавочнымі яго станоўчыя вынікі. Па-першае, пры рэалізацыі праекта з’явілася годная прастора, дзе дзеці могуць бавіць вольны час. Прычым рабіць гэта з карысцю, дзякуючы педагогам, якія там праводзяць цікавыя заняткі, арганізоўваюць гурткі, ладзяць мерапрыемствы. Па-другое, такія пакоі і мерапрыемствы, што ў іх ладзяцца, становяцца пляцоўкай для аб’яднання сем’яў, якія жывуць у інтэрнатах, павышэння іх сацыяльнай актыўнасці праз далучэнне да змястоўнага вольнага часу. Па-трэцяе, цеснае ўзаемадзеянне з сем’ямі дае магчымасць сачыць за станам сям’і і папярэджваць, калі трэба, сямейную нядобранадзейнасць.

Вопыт работы Маладзечна і Жодзіна па праекце быў прадстаўлены ў лістападзе мінулага года на абласным міжведамасным семінары па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Праект зацікавіў удзельнікаў мерапрыемства, атрымаў высокую ацэнку спецылістаў розных ведамстваў, і на семінары было прынята рашэнне аб распаўсюджванні гэтага вопыту на ўсю вобласць. У МАІРА прайшоў семінар, прысвечаны ўкараненню праекта “Калідорныя дзеці”, удзельнікі якога пазнаёміліся з існуючым вопытам і звярнулі ўвагу на сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя аспекты суправаджэння дзяцей і бацькоў, якія пражываюць у інтэрнатах, неабходнасць дэталёвага планавання асветніцкіх і прафілактычных мерапрыемстваў з імі. У снежні праект стартаваў ва ўсёй вобласці.

У кожным раёне Міншчыны пазнаёміліся з праектам і ўкараняюць яго з улікам асаблівасцей, патрэб і запытаў кожнага рэгіёна. Так, напрыклад, першыя мерапрыемствы ў рамках праекта ўжо прайшлі ў двух інтэрнатах у Салігорску — спецыялісты Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна правялі для дзяцей навагоднія гульнявыя праграмы, а педагогі-псіхолагі і педагогі сацыяльныя СПЦ Салігорскага раёна арганізавалі пасяджэнне “Сямейнай гасцёўні “Бяспечны дом”, дзе аказалі кансультацыйную дапамогу бацькам.

Актыўна ўзяліся за справу і ў Нясвіжы. Гульнявая праграма “Крыніца энергіі”, майстар-клас па вырабе святлоадбівальных элементаў “Засвяціся ў цемры” і крэатыў-лабараторыя “Хэнд-мэйд з паперы” былі прапанаваны юным жыхарам інтэрната, што знаходзіцца ў горадзе. Для бацькоў спецыялісты Нясвіжскага раённага СПЦ правялі кансультацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый і наладжванні даверлівых адносін з дзецьмі. А ў Гарадзеі ў гульнявым пакоі дзяцей чакалі танцы, карагоды і флэш-моб з казачнымі героямі, а таксама вясёлыя конкурсы па правілах дарожнага руху.

Як паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі

Мінаблвыканкама, праект укараняецца і развіваецца ў вобласці ў мэтах стварэння неабходных умоў для паўнавартаснага вольнага часу, культурнай, творчай дзейнасці і адпачынку дзяцей, якія пражываюць у інтэрнатах, арганізацыі іх эфектыўнай занятасці, прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Цяпер па ўсёй вобласці дзеці ў інтэрнатах будуць цудоўна бавіць час з карысцю для сябе.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.