Каля 33 тысяч абітурыентаў здалі першы тэст — па беларускай мове

- 15:49Актуально
У пятніцу 14 чэрвеня ў 11 гадзін раніцы адначасова ў 72 пуктах тэсціравання краіны пачаўся першы тэст — па беларускай мове. На яго запісалася больш за 33 тысячы абітурыентаў. У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь журналістам прадэманстравалі: працэдура ЦТ адладжана і працуе дакладна, як гадзіннік.

 

— Сістэма прыёму ў Беларусі выбудавана такім чынам, што поспех пры паступленні — гэта залежыць ад узроўню ведаў і здольнасцей абітурыента, — зазначыў у размове з прэсай Аляксандр Курлыпа, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы і дзейнасці дзяржаўных органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, кіраўнік рабочай групы Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.
Гарантыя гэтага — тое, як арганізавана цэнтралізаванае тэсціраванне. А.Курлыпа падкрэсліў, што месцы абітурыентаў ва аўдыторыях вызначаюцца па жэрабі. Жараб’ёўку праходзяць таксама і члены арганізацыйнай камісіі пункта тэсціравання, і работнікі Дзяржкамісіі, якія да апошняга не ведаюць, у якой аўдыторыі будуць працаваць.
У Акадэміі кіравання на ЦТ па беларускай мове зарэгістравалася 255 чалавек. Іх размеркавалі па чатырох аўдыторыях. У кожнай прысутнічалі па тры члены арганізацыйнай камісіі і адзін супрацоўнік Дзяржкамісіі.
Абітурыентаў пачалі пускаць у акадэмію з 9.30, а прыпынілі допуск у той момант, калі былі распячатаны канверты з заданнямі — каля 11 гадзін. Натуральна, “чалавечы фактар” адыграў сваю ролю: знайшліся абітурыенты, якія прыйшлі ў самы апошні момант, а былі і тыя, хто ўвогуле не з’явіўся.
Удзельнікам наступных іспытаў настойліва рэкамендуецца прыходзіць у пункты тэсціравання загадзя. Патрэбен час на тое, каб знайсці аўдыторыю, здаць асабістыя рэчы, прайсці праверку дакументаў, заняць сваё месца ва аўдыторыі згодна з жэрабем. Лішні раз не пашкодзіць паслухаць інструктаж арганізатараў. Напрыклад, у Акадэміі кіравання абітурыентам раілі ўпісваць адказы ў бланкі бліжэй да заканчэння вызначанага часу, калі ўжо ёсць упэўненасць, што абраны варыянт — правільны.
Нялішне было яшчэ раз пачуць, што выкарыстоўваць падчас іспыту розныя сродкі сувязі катэгарычна забаронена. Як вядома, пры сабе трэба мець толькі пропуск, пашпарт (ці іншы дакумент, які сведчыць асобу), гелевую ці капілярную ручку з чарнілам чорнага колеру. На тэсціраванні па хіміі і фізіцы дазваляюцца калькулятары, але толькі такія, якія не могуць выступаць сродкам прыёму, захоўвання і перадачы інфармацыі. “Парушальнікам ануліруюць пропуск і пазбавяць магчымасці працягваць выпрабаванне”, — папярэдзілі адказныя арганізатары.
_DSC1275Трэба быць вельмі ўважлівымі, запісваючы прозвішчы, асабліва складаныя: яны павінны цалкам адпавядаць дакументам. Нельга пісаць нецэнзурныя словы ў бланках адказаў, не дапускаецца выкарыстанне экзаменацыйных матэрыялаў для чарнавых запісаў.
Прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю нагадаў, што для абітурыентаў, якія не змаглі з’явіцца на тэсціраванне па ўважлівай прычыне, зарэзерваваны дадатковы дзень — 4 ліпеня. Рэзервовы іспыт пройдзе ў Белдзяржуніверсітэце.
У перыяд уступнай кампаніі ў Дзяржкамісіі працуе гарачая лінія. Яе тэлефон — 327-66-80. Па словах Аляксандра Курлыпы, пакуль асноўныя пытанні, якія паступаюць на гарачую лінію, тычацца дакументаў, што сведчаць асобу. Такіх дакументаў тры: пашпарт, пасведчанне бежанца і від на жыхарства. Па завераных копіях пашпартоў на ЦТ не пускаюць (напрыклад, у выпадку, калі пашпарт знаходзіцца ў пасольстве на афармленні візы).
Нагадаем, што сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістравалася больш за 117 тысяч абітурыентаў. Гэта прыкладна на 23 тысячы менш, чым у мінулым годзе. Наступны іспыт — па рускай мове. Гэта самы масавы прадмет. Яго плануюць здаваць 15 чэрвеня больш за 83 тысячы чалавек.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.