Пра падтрымку адоранай і таленавітай моладзі, стварэнне ўмоў для яе развіцця гаварылі падчас прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— У Акадэміі адукацыі ў 2024 годзе распрацаваны і рэалізаваны 4 вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі па пытаннях удасканалення работы з адоранай моладдзю, — адзначыла начальнік аддзела па суправаджэнні работы з адоранымі навучэнцамі Акадэміі адукацыі Юлія Пашкевіч. — Мы правялі 7 павышэнняў кваліфікацыі і 45 міжкурсавых мерапрыемстваў для амаль 23 тысяч педагогаў, а таксама 14 міжкурсавых мерапрыемстваў для метадыстаў ІРА і 10 — згодна з дарожнай картай па ўдасканаленні работы з тымі, хто ўключаны ў банкі даных адоранай і таленавітай моладзі.
Традыцыйнымі для акадэміі сталі дыялогавыя пляцоўкі “Эфектыўныя метады работы па падрыхтоўцы да інтэлектуальна-творчых спаборніцтваў”. У мінулым навучальным годзе яны праходзілі па фізіцы, хіміі, матэматыцы і геаграфіі ў форме абмену перадавым педвопытам. У кастрычніку на такую сустрэчу быў запрошаны дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі, намеснік дэкана ФПМІ па прафарыентацыйнай рабоце і дадатковай адукацыі БДУ Барыс Задворны, які расказаў пра асаблівасці падрыхтоўкі да міжнародных алімпіяд па матэматыцы. А ў лістападзе дыялогавая пляцоўка прайшла з удзелам Дзмітрыя Паджыгерава, настаўніка геаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.
Для педагогаў і дзяцей арганізуюцца вебінары “Шлях да поспеху”, дзе прадстаўнікі адоранай і таленавітай моладзі расказваюць, як дасягнулі высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Так, у снежні прайшла сустрэча з дэканам машынабудаўнічага факультэта БНТУ Настассяй Арабей.
Акадэмія адукацыі ўдзельнічае ў падрыхтоўцы школьнікаў да міжнародных алімпіяд. З гэтай мэтай для пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды з красавіка па ліпень праводзяцца вучэбныя зборы на базе НДАЦ “Зубраня”, дзе з імі займаюцца лепшыя педагогі краіны.
За апошнія 5 гадоў на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах заваяваны 262 медалі, з іх 45 залатых, 91 сярэбраны, 126 бронзавых. У 2024 годзе 63 навучэнцы прынялі ўдзел у 13 міжнародных спаборніцтвах, з іх 56 сталі пераможцамі і прызёрамі: заваявана 18 залатых, 13 сярэбраных і 25 бронзавых медалёў. У 2024 годзе вучань гімназіі № 2 Брэста Мікалай Місіюк стаў абсалютным пераможцам Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды. У агульнакамандным заліку каманда Беларусі заняла 1-е месца на Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіядзе.
Акадэмія адукацыі ва ўзаемадзеянні з БДУ ў 2024 годзе ўпершыню правяла дыстанцыйныя вучэбныя змены ў тры этапы (з 30 верасня па 14 снежня) па астраноміі, біялогіі, геаграфіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы і хіміі ў рамках школы алімпіяднага руху. У іх прынялі ўдзел каля 8 тысяч навучэнцаў, з іх 79% гараджане, астатнія — жыхары сельскай мясцовасці. Абмежаванняў па ўзросце для ўдзельнікаў не было: 5-класнікі маглі спаборнічаць нароўні з 11-класнікамі. Заданні прапаноўваліся алімпіяднага ўзроўню. Да трэцяга этапу дайшлі 3 тысячы 127 навучэнцаў. У школьнікаў была магчымасць не толькі паспрабаваць свае сілы ў рашэнні складаных заданняў, але і пасля ўбачыць іх відэаразбор, які праводзяць педагогі БДУ.
З 3 па 14 лютага адбудзецца вочны этап вучэбных змен школы алімпіяднага руху. У ім будуць удзельнічаць тыя, хто набраў найвышэйшую колькасць балаў па прадметах на папярэдніх этапах.
Аб падтрымцы таленавітых і адораных школьнікаў і студэнтаў расказаў першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч:
— Для сваіх абітурыентаў мы праводзім прафарыентацыйную работу ў рамках унутраных факультэцкіх конкурсаў, алімпіяд, конкурсаў навуковых работ. Што тычыцца рэспубліканскіх алімпіяд, то нашы выкладчыкі выступаюць у якасці распрацоўшчыкаў, членаў журы, а таксама кіраўнікоў каманд, якія рыхтуюць дзяцей на зборах да міжнародных алімпіяд і ездзяць з імі на гэтыя спаборніцтвы. Я, напрыклад, адказваю за падрыхтоўку дзяцей да Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі, геалогіі, навуках аб Зямлі. Летась вазіў каманду на Міжнародную алімпіяду па навуках аб зямлі ў Кітай, дзе вучні заваявалі 3 залатыя, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медалі.
Па словах Дзмітрыя Курловіча, тым, хто быў уключаны ў банк адораных навучэнцаў і стаў студэнтам БДУ, прадастаўляецца індывідуальны куратар, які выбудоўвае адукацыйную і навуковую траекторыю маладога чалавека.
Ва ўніверсітэце функцыянуе 66 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і 122 студэнцкія навуковыя гурткі, у якіх маладыя людзі робяць першыя крокі ў навуку. Студэнты ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. У 2024 годзе прадставілі 281 праект у 23 секцыях, 218 з іх адзначаны дыпломамі. Каманда БДУ, як правіла, уваходзіць у топ-15 наймацнейшых зборных на чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў, дзе ўдзельнічае не менш за 100 каманд з розных краін свету. Высокія вынікі і на міжнародным чэмпіянаце “Гульні будучыні”, міжнароднай алімпіядзе “IT-Планета”, Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе сярод студэнтаў універсітэтаў, Міжнароднай экалагічнай алімпіядзе ВНУ краін СНД.
У БДУ праводзіцца спецыяльны конкурс грантаў для студэнтаў і аспірантаў, якія хочуць займацца навукай. Для тых, хто збіраецца застацца ў магістратуры, аспірантуры, ствараюцца камфортныя ўмовы для навуковых даследаванняў, ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў выкладанні. І за кожным новым маладым спецыялістам у БДУ замацоўваецца вопытны настаўнік, які перадае яму свае веды.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота БелТА