Каля самага сіняга мора

- 10:52World Skills

Іспанія. Каталонія. Невялікі гарадок Жырона на беразе мора. Хаваючыся ў цені фешэнебельнага рэстарана Miramar ад ліпеньскай спякоты і атрымліваючы асалоду ад подыху марскога брызу, заказваю экзатычныя стравы з морапрадуктаў міжземнаморскай кухні. Гастранамічныя тварэнні прадстаўляе кліентам рэстарана сам аўтар страў. І хто б вы думалі?! Наш зямляк Пётр Ануфрыенка. Як прыемна сустрэць за мяжой знаёмыя твары. Але не ў натоўпе шматлікіх турыстаў, бестурботна сноўдаючых па ўзбярэжжы, а менавіта сярод тых, хто працуе ў гэтым курортным месцы. І хай для аўтара заметкі такая карціна — проста фантазія, для Пятра — гэта чыстая праўда.

Сапраўды, наш Пеця, як ласкава называюць яго педагогі і аднакурснікі, праходзіць цяпер 3-месячную стажыроўку ў іспанскім рэстаране Miramar, дзе шліфуе сваё майстэрства і спазнае сакрэты міжземнаморскай кухні ў гуру кулінарыі — шэф-повара Пакі Перэса. Пака Перэс настолькі знакаміты ў свеце, што стажыравацца ў яго — вялікі гонар для любога кулінара. Сусветна вядомы кухар прынёс славу і пашану сваёй краіне на шматлікіх конкурсах і фестывалях кулінарнага мастацтва. Акрамя таго, кулінарны маэстра з задавальненнем перадае сваё майстэрства маладым. Да яго едуць стажыравацца перспектыўныя майстры кулінарнай справы: разам з нашым Пятром у рэстаране Miramar навучэнцы з розных краін свету.

Студэнт спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Пётр Ануфрыенка запомніўся ўсім яшчэ на нацыянальных чэмпіянатах WorldSkills Belarus. І як за гэты час вырасла яго майстэрства! Калі на чэмпіянаце 2016 года Пётр выступаў у ролі валанцёра, то на сёлетнім ён безагаворачна перамог у прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Па сутнасці, ужо сфарміраваны кулінарны мастак, віртуоз, ён уразіў сваім майстэрствам як гледачоў, так і прафесіянальнае журы, у склад якога, дарэчы, уваходзіў наш знакаміты Мікіта Цвяткоў, выхаванец WorldSkills Belarus, а цяпер шэф-повар рэстараннай кампаніі.

“Кулінарнае мастацтва” належыць да тых прафесійных кампетэнцый WorldSkills, дзе традыцыйна высокая канкурэнцыя. На сёлетнім чэмпіянаце за першынство змагаліся 10 канкурсантаў, якія папярэдне перамаглі ў адборачных спаборніцтвах. Акрамя таго, у гэтай кампетэнцыі выступалі прадстаўнікі Расіі і Казахстана.

Як паведаміла прарэктар універсітэта, нацыянальны эксперт WorldSkills Belarus у прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, дацэнт Вольга Уладзіміраўна Мацікава, такі выдатны вынік Пятра Ануфрыенкі на рэспубліканскім конкурсе быў прадказальным. Ён ішоў да яго з моманту паступлення ва ўніверсітэт і на працягу ўсёй вучобы. Пётр праходзіў стажыроўку ў рэстаране Khama park, што знаходзіцца ў г. Алматы (Казахстан), удзельнічаў у міжнароднай праграме “Тэхналогіі і інавацыі ў сферы грамадскага харчавання краін Скандынавіі” з наведваннем чэмпіянату прафесійнага майстэрства EuroSkills 2016. Важна і тое, што навучанне ва ўніверсітэце Пётр паспяхова сумяшчаў з працай у адным з лепшых аб’ектаў грамадскага харчавання Магілёва — бары Wine’s. У час вучобы і працы Пётр актыўна ўдасканальвае англійскую мову, а цяпер і іспанскую.

Стажыроўка ў рэстаране Miramar стане для Пятра яшчэ адной прыступкай у працэсе падрыхтоўкі да 45-га сусветнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства ў Казані, куды Пётр паедзе ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.

Ала КЛЮЙКО.