Каля вёсак Брады і Вежнае

- 19:37Год гістарычнай памяці

Крыніца “Бродская” знаходзіцца на ўскраіне вёскі Брады ў Пружанскім раёне. З усіх бакоў яе акружае поле. Крыніца агароджана штыкетнікам, на яе тэрыторыі растуць дзве высокія бярозы, усталяваны крыжы. Ля падножжа адной з бяроз знахо­дзіцца вялікі камень, з-пад якога б’е крынічная вада. З пакалення ў пакаленне перадаецца паданне аб тым, што на гэтым камені быў пакінуты адбітак ступні Божай Маці. Паводле легенды, раней гэтая мясцовасць выглядала па-іншаму. Тут былі лугі, рос густы хмызняк і стаяла высокая гара… Месца гэтае называлі Ляхаўка, да каменя прыходзілі маліцца, браць з крыніцы ваду людзі і з іншых сёл. Вада дапамагала многім: “На ногі  ставіла”.

Камень і па сённяшні дзень шануецца мясцовымі жыхарамі. Паводле іх аповедаў, трыма трактарамі спрабавалі ссунуць яго, але так і не ўдалося. Людзі паставілі каля каменя крыж і зрабілі агароджу. Так прыгожа яны і спалучаюцца: бяроза, карані якой падтрымліваюць камень, крыніца, што нясе жыватворную вільгаць, і камень з адбіткам следу Божай Маці.

Яшчэ адна крыніца ў Пружанскім раёне — “Вяжнянская”, асвячоная ў 2002 годзе ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Яна размешчана ў вёсцы Вежнае каля аўтадарогі. Людзі спрадвеку карысталіся невычэрпнасцю гэтай гаючай крыніцы, вада якой асабліва цанілася ў засушлівыя гады. У 1981 годзе, падчас меліярацыйных работ, экскаватар зняў верхні пласт грунту над крыніцай, і з зямлі ўгару ўзняло некалькі магутных, вышынёй больш за тры метры, струменяў вады. З часам сіла фантанаў слабела, і ў выніку яны ператварыліся ў крыніцы, зліваючыся з водамі канала. Каб вылучыць гэтую чыстую, гаючую ваду, вырашылі паставіць бетоннае кольца над крынічкамі. Па словах мясцовых жыхароў, крыніца праявіла сябе менавіта ў год святкавання 200-годдзя Вяжнянскага праваслаўнага храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца, размешчанага недалёка ад крыніцы. 10 ліпеня 2006 года крыніца была перададзена ў распараджэнне жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Брэсце, да якога адносіцца Свята-Мікольскі жаночы скіт у Вежным.

Алена ХАРАШЭВІЧ.
Фота аўтара.