Каля вытокаў Нёмана

Льецца Нёман паміж гораў, // Светлы, чысты, як з расы, // Накапаў ён ям і нораў, // Гоніць воду праз лясы… Гэтыя знакамітыя коласаўскія радкі справядлівыя ў дачыненні да Уздзенскага, Стаўбцоўскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Іўеўскага, Лідскага, Шчучынскага, Мастоўскага, Гродзенскага раёнаў — тых мясцін, праз якія бацька Нёман нясе свае воды да Балтыйскага мора. І першым у гэтым спісе нездарма стаіць Уздзенскі раён — менавіта тут славутая рака пачынае спрадвечны шлях, тут знаходзяцца яе вытокі.

Край літаратараў

Панямонне — край паэтаў і пісьменнікаў. А як жа іначай! Калі жывеш сярод чароўных даляглядаў, “дзе льецца Нёман срэбраводны, дубы дзе дружнай чарадою стаяць, як вежы, над вадою”, проста немагчыма не быць лірыкам. І самы лірычны, самы багаты на літаратараў-землякоў куточак Панямоння — гэта Уздзеншчына. Напрыклад, у вёсцы Вялікая Уса нарадзіўся Пятро Глебка, у Нізку — Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Лі­дзія Арабей, у Забалацці — Алесь Махнач, дзіцячыя і юнацкія гады Алеся Якімовіча прайшлі ў Чурылаве. А яшчэ з Уздзеншчынай звязана жыццё продкаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Нездарма ва ўстановах адукацыі Уздзенскага раёна дзейнічае аж 5 літаратурных музеяў. Завітаем у музей імя Пятра Глебкі Ліцвянскага дзіцячага сада — базавай школы і ў музей Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы. Акрамя таго, нас чакае падарожжа да вытокаў Нёмана, але гэта будзе другой часткай нашага наведвання Уздзеншчыны. Спачатку — у госці да літаратараў.

Дырэктар Ліцвянскай базавай школы А.А.Атраховіч з партрэтам П.Глебкі.

“Бо я вясковы ўсё ж”

З жыццём пісьменнікаў, паэтаў можна знаёміцца розным чынам. Самы просты і даступны — на Вікіпедыі. Але ж там будуць толькі кароткія звесткі з біяграфіі, творчай спадчыны. Да таго ж не трэба забываць, што прыведзеныя ў інтэрнэце факты могуць не адпавядаць рэчаіснасці. Выверанымі будуць звесткі з падручнікаў па літаратуры. А вось унутраны свет, памкненні, захапленні аўтара раскрые знаёмства з яго творчасцю, неспарэднае прачытанне твораў. І ўсё ж найбольш цікавы і часта непрадказальны спосаб — гэта знаёмства з асобай паэта праз гутарку з яго землякамі. Часта менавіта на гэтых сустрэчах можна пачуць факты, пра якія не прачытаеш ні ў падручніках, ні ў творах, ні тым больш у інтэрнэце.

У многіх людзей вобраз Пятра Глебкі асацыіруецца з вобразам савецкага паэта, які пісаў на патрэбу сваёй эпохі. Гэта, канечне, праўда. Аднак Пётр Фёдаравіч пісаў не толькі пра будаўніцтва светлага жыцця. Чаго варта яго знакамітае “О Беларусь, мая калыска, // Жыццё маё, прытулак мой!”. Канечне, усхваляе паэт тут і “заводы з белым дымам”, і тое, як на “спелых нівах ураджайных” “махаюць крыламі камбайны”. Аднак ключавымі з’яўляюцца першыя радкі, у якіх паэт “з гарачаю любоўю нізка” схіляецца перад Радзімай.

Экскурсію сярод музейных бяроз праводзіць І.У.Атрушкевіч.

— Шкада, што творчасць нашага земляка не вывучаецца цяпер так шырока ў школе. А ў яго шмат цудоўных вершаў. Мне, напрыклад, падабаюцца вось гэтыя радкі: “Не выка­заць таго ніякім словам, // Што сэр­ца мне паліла, як палын, // Калі, правёўшы сына за дуброву, // І бацька мне сказаў: — Ідзі адзін!..” Гэта радкі з верша “Ліст у вёску”. Яны аўтабіяграфічныя і апісваюць той момант, калі бацька праводзіў Пятра на вучобу ў Мінск у Белпедтэхнікум. Першая спроба была няўдалай, таму ён вяртаецца сюды і працуе сакратаром сельсавета, наступнае паступленне было ўдалым, — паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ліцвянскага дзіцячага сада — базавай школы Іна Уладзіміраўна Атрушкевіч.

З рэдкімі фотаздымкамі Пятра Глебкі, інфармацыяй пра яго родных, пра малую радзіму паэта можна азнаёміцца ў школьным музеі, які носіць імя паэта. Па словах настаўніцы, музей быў адкрыты ў 1970 годзе, на наступны год пасля адкрыцця школы. Першыя экспанаты сабраў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павел Іосіфавіч Махнач. Ён нават едзіў да жонкі паэ­та Ніны Іларыёнаўны. Жанчына перадала фотаздымкі, былі зроблены іх копіі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае выява бацькоўскага дома паэта. Гэты дом згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны, аднак выява была адноўлена па ўспамінах родных, блізкіх паэта. На адкрыцці музея прысутнічалі жонка Ніна Іларыёнаўна, Заір Азгур падарыў бюст Пятра Глебкі. Шмат кніг з аўтографамі падарылі сябры паэта, пісьменнікі. У пазнейшыя гады ў музей наведваўся пляменнік Пятра Фёдаравіча Пятро Ліпай, сярод гасцей быў і кампазітар Ігар Лучанок.

Ліцвянскія навучэнцы знаёмяцца з біяграфіяй паэта.

У кожным школьным музеі можна знайсці арыгінальныя элементы афармлення экспазіцыі. У музеі Ліцвянскай школы такім элементам з’яўляюцца бярозы. Музейныя бярозы былі “паса­джаны” ў канцы 80-х. “Тады ў мяне быў клас, амаль адны хлопцы, якія вучыцца асабліва не хацелі, але былі працавітыя. Яны і “пасадзілі” са мной гэтыя бярозы, якія шу­мяць ужо каля 30 гадоў”, — згадала Іна Уладзіміраўна. Бярозы ў музеі — не выпадковасць. Па словах настаўніцы, у Пятра Глебкі ў творах даволі часта згадваюцца гэтыя дрэвы: “Дрыжаць у шэрані бярозы, // Бялеюць снежныя палі…” або “Бярозы ў шэрані сіве­юць, // Палі бялеюць, як паркаль. // Зіма, зіма… Снягі, завеі, // Дарога звонкая, як сталь”.

Вобраз роднай вёскі, малой радзімы даволі часта сустракаецца ў творчасці Пятра Глебкі. Хаця, як прызналася настаўніца, паэт нячаста ў дарослыя гады наведваўся ў родныя мясціны. Затое, калі прыязджаў, то абавязкова адпраўляўся на ціхае паляванне — ён вельмі любіў збіраць грыбы. Пётр Фёдаравіч узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук, клопату ў яго хапала. Выдатна пра ўсё гэта гаворыцца ў вершы “Ліст у вёску”. Аўтар просіць прабачэння ў матулі, у родных, што забывае пра іх, што нячаста выпадае магчымасць прыехаць у родную вёску: “Я горад палюбіў з яго змаганнем, // Бо тут жыццё ідзе зусім інакш, // І ад яго я шлю вам прывітанне, // Бо я вясковы ўсё ж, я родны ваш”.

Гэтыя радкі выдатна характарызуюць паэта. Нягледзячы на клопаты жыцця ў горадзе, на змаганні, Пятро Глебка застаецца вяскоўцам. А яшчэ, нягле­дзячы на цяжкі, супярэчлівы час, у які Пятру Фёдаравічу выпала нара­дзіцца і жыць, яму ўдалося застацца годным чалавекам.

Пра знакамітага земляка расказвае Т.М.Пагоня.

“Я — пякучка-крапіва”

“Нягледзячы на тое, што абодва нарадзіліся на Уздзеншчыне, сябравалі, яны былі зусім розныя. Глебка — лірык, а Крапіва — сатырык. Крапіва быў асаблівым чалавекам. У яго, напэўна, не было шмат адданых сяброў. Па жыцці ён ішоў неяк сам па сабе. Быў строгі, патрабавальны, надзвычай адказны. З такімі людзьмі сябраваць цяжка”, — так ахарактарызавала адносіны паміж землякамі і сябрамі кіраўнік музея Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы Таццяна Мікалаеўна Пагоня. Дадала жанчына яшчэ цікавы факт: “Калі Пятро Глебка любіў збіраць грыбы, то Кандрат Крапіва любіў рыбалку, разам з іншымі пісьменнікамі часта наведваўся на Нарач, на малую радзіму Максіма Танка”. Вось як пісаў пра свайго сябра і земляка сам Пятро Глебка: “Крапіва, безумоўна, вялікі майстар байкі і камедыі, але ён і добры лірычны паэт, і цудоўны бытапісец. Дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі”.

“Асабіста я з Кандратам Крапівой не была знаёма, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Адзі­ная сустрэча адбылася ў мае студэнцкія гады. Як напамін пра яе — аўтограф пісьменніка на кнізе з яго творамі. Гаво­раць, што Крапіва быў чалавекам, які вельмі любіў сваю радню. Яго дзеці — гэта было яго ўсё. Я чытала яго перапіску з сынам, які загінуў пад Сталінградам — для мяне гэта было сапраўднае адкрыццё, вельмі кранальна. Да ўсяго астатняга ён больш спакойна ставіўся. Але ён ніколі не быў абыякавым. У яго была такая прымаўка: работу трэба адсе­джваць, нават калі няма чаго рабіць. Гэта сведчыць, што ён быў абавязковым, адказным, асабліва калі займаўся навукай. Усё жыццё любіў адну жанчыну, ў яго не было іншага кахання, што таксама немалаважна. Яны разам з жонкай Аленай Канстанцінаўнай былі з адной вёскі”.

І.А.Афанасьева і А.М.Ярмольчык каля вытокаў Нёмана.

“У жыцці Кандрат Крапіва быў сапраўдным беларусам, з беларускім менталітэтам, які заўсёды працаваў на патрэбу часу, — далучыўся да размовы настаўнік гісторыі Андрэй Мікалаевіч Ярмольчык. — Неабходна было зямлю араць — ён яе араў (у прамым сэнсе, бо быў селянінам), трэба было дзяцей вучыць — ён вучыў, здаўшы экстэрнам экзамены на народнага настаўніка з правам выкладаць у народнай пачатковай школе. Трэба было ваявац­ь — ён ваяваў. Ён скончыў паскораныя курсы прапаршчыкаў, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, быў камандзірам роты — самае цяжкае званне, бо ротныя гінулі вельмі часта. Ваяваў на Румынскім фронце ў самы складаны перыяд вайны, у 1916—1917 гады. Вярнуўся, пачаў настаўнічаць. Калі Польшча акупіравала беларускія землі, то Кандрат Крапіва зноў узяўся за зброю. Калі настаў мірны час, ён пачаў спрабаваць сябе ў літаратуры. Спачатку пісаў на рускай мове, але калі пачалася беларусізацыя, патрэбны былі людзі для развіцця беларускай мовы, і ён уключыўся ў гэтую справу. А калі нашай літаратуры не хапала драматычных твораў і патрэбны былі драматургі, асабліва байкапісцы, то спрабавалі многія, але Крапіве гэта ўдалося лепш за ўсіх. Ён выконваў сацыяльны заказ, стаў драматургам. У савецка-фінскую вайну камандаваў кулямётнай ротай, а ўжо ў Вялікую Айчынную быў ваенным карэспандэнтам, выпускаў газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Немцы былі пад Сталінградам — было не да смеху. І трэба было майстэрства, каб выпускаць такую газету, праз гумар фарміраваць у людзей веру ў перамогу. Пасля вайны заняўся навукай”.

А.М.Ярмольчык і ўдзельнікі гуртка “Сцяжынкамі Уздзеншчыны”.

Пра Кандрата Кандратавіча Атраховіча ў музеі другой уздзен­скай школы могуць расказваць гадзінамі. Каля 150 экспанатаў асноўнага і больш за 100 экспанатаў дапаможнага фонду захоўваюцца ў чатырох раздзелах: “Ад маленства да сталасці…”, “Творчая дзейнасць”, “Дзейнасць у акадэміі навук”, “Нацыянальны акадэмічны тэатр”. Галоўная роля адводзіцца кнігам. У экспазіцыі прадстаўлены практычна поўны збор празаічных, паэтычных, літаратурна-крытычных твораў пісьменніка. Асабліва каштоўныя асабістыя рэчы Кандрата Крапівы: плашч, кашуля, шалік, гальштук, прылады для галення.

“Здаецца, наш знакаміты зямляк многа пражыў, павінна быць і шмат слядоў, але калі зайшла размова пра стварэнне музея, то знайсці ўласныя рэчы было вельмі складана. Шмат было прыкла­дзена намаганняў, каб сабрац­ь змешчаныя тут матэрыялы. Праз экспанаты намагаемся перадаць той час, у які жыў і ствараў свае неў­міручыя творы наш славуты зямляк. Музей адкрыўся ў 1996 годзе і ўяўляў спачатку невялікі музейны пакой. На адкрыцці чыр­воную стужачку пераразаў наш пісьмен­нік-зямляк Алесь Махнач, а таксама нявестка Кандрата Крапівы. З 2014 года школьны музей атрымаў новую прапіску  — утульнае светлае памяшканне з новай мэбляй”, — паведаміла Таццяна Мікалаеўна.

Музей — візітоўка школы. Акрамя экскурсій, тут праходзяц­ь урокі літаратуры. Традыцыяй стала правядзенне крапівінскага тыдня ў сакавіку. У гэтым го­дзе былі падрыхтаваны класныя гадзіны “Ад маленства да сталасці”, “Крапіва-байкапісец”, “Крапіва-драматург”, “Крапіва-навуковец”, “Крапіва-сатырык”, “Крапіва і вайна”, арганізоўваліся выставы малюнкаў “Малюем байкі”, выставы плакатаў, газет, буклетаў “Я — пякучка-крапіва…”, адбываліся інсцэніроўкі баек.

“Дыпламаваны баран”, “Дзед і баба”, “Ганарысты парсюк” — кожны з нас згадае некалькі радкоў гэтых знакамітых баек Кандрата Крапівы, якія мы вывучалі яшчэ ў школьныя часы. Кожная байка — гэта не толькі выкрыццё пэўных чалавечых заган, гэта сведчанне майстэрства аўтара. Выкрываць тыя ці іншыя заганы ў жартоўнай форме і праз гэта імкнуцца зрабіць жыццё грамадства лепшым можа толькі сапраўдны майстар слова. “Я ў мастацкім агародзе // Толькі марная трава. // А якая? Смех, дый годзе: // Я — пякучка-крапіва”. Канечне, Кандрат Кандратавіч не быў марнай травой у мастацкім і літаратурным агародзе. Наадварот, ён быў і застаецца адной з яркіх постацей у літаратурным і навуковым свеце нашай краіны.

Залатое кола

“Кожны край — унікальны. Так мы з калегамі гаворым і пра нашу Уздзеншчыну. Мы яе любім і намагаемся захоўваць спадчыну для наступных пакаленняў, — падзяліўся Ан­дрэй Мікалаевіч Ярмольчык. — А спадчына наша багатая. Гэта ў першую чаргу вытокі Нёмана, адзінай ракі еўрапейскага маштабу, якая пачынаецца на беларускай зямлі. Толькі за гэта можна любіць уздзенскі край і ганарыцца ім. Па-другое, на Уздзен­шчыне карані класікаў беларускай літаратуры. Напрыклад, адносна Якуба Коласа гэта знакамітае ўрочышча Ліпава на мяжы са Стаўбцоўскім раёнам. Уздзенскі касцёл — месца хрышчэння продкаў Янкі Купалы. Жыццё родных Максіма Багдановіча па матулінай лініі звязана з Мякатамі — вёсачкай на мяжы з Мінскім раёнам. Уздзеншчына — гэта і радзіма беларускага кніга­друкавання. У 1572 годзе Сымон Будны зрабіў ва Уздзе свой пераклад Евангелля. Яшчэ Уздзеншчына — гэта малая радзіма паэтаў і пісьменнікаў”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Д.А.Лапіцкая і дырэктар Уздзенскай сярэдняй школы № 2 А.А.Іаргачова з партрэтам К.Крапівы.

Экскурсійны маршрут “Вытокі Нёмана”, складзены Андрэем Мікалаевічам разам з удзельнікамі гуртка “Сцяжынкамі Уздзеншчыны” Уздзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якраз праходзіць праз гэтыя мясціны. Па словах педагога, маршрут аўтамабільны і з’яўляецца адной з частак шматлікіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца цэнтрам да Года малой радзімы. Калі паглядзець на карту маршруту, то можна заўважыць, што ён падобны на своеасаблівае залатое кола, пачатковай і канцавой кропкай якога з’яўляецца райцэнтр. Тэматычная экскурсія “Вытокі Нёмана” працягласцю 78 км знаёміць удзельнікаў з гісторыяй развіцця наднёманскага краю, выдатнымі мясцінамі, выбітнымі помнікамі культуры, этнаграфіі, прыроды, а таксама з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі. Маршрут пралягае праз Узду, Забалацце, Калінінск, Пырашава, Даўгінава, Верх-Нёман, Крэстінтэрн, Ясень, Антанова, Першамайск, Сямёнавічы, Астравок, Наднёман. Пра кожны аб’ект настаўнік раскажа шмат цікавых фактаў.

“Гавораць, даўным-даўно з-па­д вялізнага каменя, дзе біла крынічка, нарадзіўся волат Нёман, — расказваў легенду пра Нёманец і Лошу Андрэй Мікалаевіч, калі мы разам з дырэктарам Уздзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірынай Анатольеўнай Афанасьевай дабраліся да вытокаў Нёмана. — Быў ён прыгожы і працавіты. А побач жыла гультаяватая Лоша. Толькі і рабіла, што адпачывала ў цяньку, сабою любавалася. Лоша часта наведвалася да свайго суседа, а за маўклівасць называла яго Нёманцам. Пакахаў Нёман Лошу. Былі на іх вяселлі і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара. Пасля вяселля працягваў Нёман паіць, карміць і чалавека, і звера, і птушку, і рыбу, насіў на сваіх гру­дзях чоўны і плыты. Лоша ж працягвала ля­жаць у цяньку, не хацела дзяліць з Нёманам радасці і нягоды. Абрыдла Нёману такое жыццё. Прачнулася аднойчы Лоша, а Нёмана няма. Пачала даганяць, ды не ў той бок кінулася. Клікала на дапамогу, але ніхто не дапамог: ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач. Толькі Выня паспачувала, разам з ёй знайшла Нёман каля сённяшняй вёскі Пясочнае. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша да свайго волата. Нёман і цяпер не забывае пра родныя мясціны. Кожную вясну і восень дажджлівай парой вяртаецца да сваёй матулі-крынічкі”.

Легенда прыгожая. Аднак, на жаль, крынічкі ўжо няма. У 30-я гады вялізны валун, з-пад якога струменіла вада, узарвалі, а калі правялі меліярацыю, то крынічка перасохла, а рэчышча Нёманца і Лошы стала каналізаваным. Выказваліся прапановы па забалочванні гэтых мясцін, але праца патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Цяпер гэтая тэрыторыя ўваходзіць у заказнік “Вытокі ракі Нёман”.

Незабыўная экскурсія

Чаму першай згадкай пра Узду ў гістарычных дакументах трэба лічыць не 1494, а 1450 год? Чаму ўрочышча каля райцэнтра называецца “Гагарынскія палеткі”? Дзе продкі Янкі Купалы арандавалі зямлю? Уладальніцай якога маёнтка была беларуская мецэнатка Марыя Магдалена Радзівіл? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні вы можаце атрымаць, адправіўшыся разам з Андрэем Мікалаевічам па маршруце “Вытокі Нёмана”. І, канечне, вас чакае сустрэча з Нёманцам і Лошай. Вас чакае Уздзеншчына — самы маляўнічы куточак Панямоння.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.