Каляда сімвалічная і магічная

- 10:37Практыкум, Рознае партфолiо

Каляндарна-абрадавая паэзія заўсёды займала значнае месца ў жыцці беларусаў. Тлумачыцца гэта, напэўна, цеснай сувяззю нашага народа з фальклорнай спадчынай, з міфалогіяй, з верай у тое, што ўвесь навакольны свет заселены багамі і духамі, якія альбо спрыяюць чалавеку ў жыцці, альбо, наадварот, перашкаджаюць яму.

Жыццё беларуса заўсёды было звязана з зямлёй, з працоўнай дзейнасцю чалавека, з клопатам пра ўраджай як аснову жыцця, дабрабыту і шчасця. Менавіта з гэтым і знітавана сваім зместам і вобразамі каляндарна-абрадавая паэзія. Абрады былі падпарадкаваны адной мэце — пры дапамозе спеваў, танцаў, замоў паўплываць на сілы прыроды, каб атрымаць багаты ўраджай на ніве, абараніцца ад усяго злога і шкоднага, палепшыць свой лёс.
Згодна з земляробчым календаром, асаблівую ўвагу беларусы ўдзялялі зімовым святам і прысвяткам. Галоўным святам зімовага перыяду былі Каляды. Свята гэтае сваімі каранямі адыходзіць яшчэ да часоў паганства, а з прыняццем хрысціянства супала са святкаваннем Нараджэння Хрыстова. У гэтае свята беларусы ўшаноўвалі продкаў, падводзілі вынікі года, загадвалі пра будучы ўраджай, імкнуліся ўлагодзіць зімовых багоў, у першую чаргу Каляду, Зюзю, праводзілі абрады, якія б забяспечылі ўраджай наступнага года, дабрабыт у сям’і. Асабліва ўважліва ставіліся да ночы перад Калядамі. Існуе вялікая колькасць павер’яў, звязаных менавіта з гэтай ноччу, таму ёсць і пэўныя традыцыі яе правядзення.
Ноч перад Калядамі (з 6 на 7 студзеня) са старажытных часоў мае вялікае значэнне для беларусаў. З гэтым перыядам звязана вялікая колькасць прыкмет і павер’яў. З цягам часу некаторыя з іх страцілі сваё значэнне, другія зніклі зусім, а трэція з’явіліся пад уздзеяннем містыфікацыі гэтай ночы. Паспрабуем зазірнуць у далёкае мінулае і разабрацца ў тым, як усё-такі правільна праводзіць Куццю, што ў гэтую ноч у нашых продкаў было першапачаткова і ў чым жа містыка ночы перад Калядамі.

Каляды — адно з самых галоўных хрысціянскіх свят. На Русі Каляды пачынаюць афіцыйна святкаваць з Х стагоддзя, калі на рускіх землях распаўсюдзілася і ўкаранілася хрысціянства. Паколькі славяне вельмі цяжка пераходзілі ад паганства да хрысціянства, Каляды зліліся з паганскім старажытнаславянскім зімовым святам у гонар духаў-продкаў (Куцця), таму ў святкаванні Каляд у славян захаваліся старажытныя абрады.
Менавіта адсюль бяруць пачатак вераванні ў тое, што ноч перад Калядамі з’яўляецца чароўнай, той самай, калі нячыстая сіла валодае адмысловай магутнасцю, імкнецца займець у сваё валоданне максімальную колькасць чыстых праваслаўных душ, лёгка выходзіць на кантакт з цікаўнымі людзьмі, якія спрабуюць любымі спосабамі даведацца пра сваю будучыню, імкнецца пракрасціся ў хату і нашкодзіць гаспадару. Гэтыя павер’і прыйшлі з паганства, а хрысціянства ўнесла сур’ёзныя змены ва ўяўленні пра ноч перад Калядамі, заклала новыя традыцыі. Такім чынам, з сінтэзу хрысціянства і паганства выйшла наступнае ўяўленне пра калядную Куццю.
З раніцы на Куццю мылі сцены і столь, скрэблі і шаравалі ядлоўцам падлогу, затым парыліся ў гарачай лазні. Лічылася, што, зрабіўшы ўсё гэта, пазбавіш сваю хату ад нячыстай сілы, а сябе і дамачадцаў — ад розных хвароб.
Да наступлення цемры гаспадар і гаспадыня павінны былі абысці ўсіх свойскіх жывёл, падзякаваць ім за службу і дапамогу ў гаспадарцы і пачаставаць чым-небудзь смачным. Лічылася, што ў ноч перад Калядамі ўсе жывёлы размаўляюць з Богам, ён пытае ў іх, як ім жывецца ў гаспадароў. Для таго каб усе засталіся задаволены, а гаспадарам не было сорамна і поспех не пакінуў хату, і праводзіўся гэты абрад.

Вечар Куцці зваўся Святы вечар, ці Багатая куцця. 6 студзеня, у Святвечар, гаспадыні павінны былі паставіць на стол 12 нішчымных страў, якія ў хрысціянскай дактрыне сімвалізавалі 12 апосталаў. Усе калядныя стравы павінны быць нішчымнымі, гэта значыць, не ўтрымліваць мяса, малака, яек і жывёльных тлушчаў. Гэтая традыцыя звязана з месцам нараджэння Збавіцеля і сацыяльным становішчам яго бацькоў. Паводле Бібліі, Хрыстос нарадзіўся ў пячоры, якая была хованкай ад непагадзі для жывёл, бо бацькі яго былі вельмі бедныя і не маглі заплаціць за прытулак. Першымі, хто засведчыў нараджэнне Месіі, былі свойскія жывёлы, адсюль і традыцыя не ўжываць у ежу на Каляды прадукты жывёльнага паходжання, бо гэта лічыцца вялікім грахом.
Асноўнай стравай каляднага стала была куцця, якую гатавалі з ячных круп з мёдам, а таксама адвар з сухафруктаў і сушаных ягад. Дазвалялася есці грыбы, рыбу, алей, канапляную мачанку, агародніну. За сталом павінна была сабрацца ўся сям’я без спазненняў, бо лічылася, што той, хто спазніўся, назаўсёды страціць жыццёвы шлях.
Акрамя нішчымнага меню, існавалі і іншыя традыцыі. Напрыклад, стол трэба было высцілаць сенам, на якое слалі белы абрус, як знак таго, што зыбкай для Ісуса былі яслі, лавы высцілалі перавернутымі аўчынамі як знак багацця, а дамачадцы па магчымасці апраналі новую адзежу, каб новы год пайшоў па-новаму і ўсё дрэннае засталося ў мінулым годзе. Таксама на стол трэба было паставіць запаленую свечку як знак святла і нятленнасці жыцця. Запальваць свечку павінен толькі гаспадар дома.
Гаспадыня ж абавязкова стрыножвала ножкі стала для таго, каб жывёла, калі пойдзе на пашу, сама вярталася дадому і ніколі не заблукала, каб уся сям’я была заўсёды разам.
На покуць абавязкова ставілі першы зажыначны ці апошні абжыначны пшанічны ці жытні сноп, які папярэдне ўпрыгожвалі каляровымі стужкамі. Перад тым як паставіць гэты сноп, гаспадар абыходзіў з ім увесь двор, уключаючы не толькі гаспадарчыя памяшканні, але і хлявы.
Да першых зорак вячэра лічылася сумнай, прысвечанай памерлым і тым, хто ў дарозе. Пачыналася вячэра з куцці. Першую лыжку гаспадар павінен быў выліць за акно, каб залагодзіць мароз, каб той не вымаразіў зімовую збажыну. Выліваючы першую лыжку куцці, гаспадар клікаў мароз на Святвечар у сваю хату, кажучы: “Мароз, Мароз, не марозь нашу збажыну, прыходзь да нас куццю есці!” За сталом патрабавалася паводзіць сябе ціха. Узяўшы лыжку, нельга было яе класці да канца вячэры. Акрамя таго, з-за стала забаранялася ўставаць, а тым больш выходзіць на вуліцу, каб не ўпусціць у хату нячыстую сілу. Кожны з прысутных быў абавязаны хоць па лыжачцы пакаштаваць кожную страву на стале, каб у сям’і не было голаду, але даядаць страву да канца таксама забаранялася, каб ежа ў хаце не перавялася.
Са з’яўленнем першай зоркі, якая сімвалізавала нараджэнне Збавіцеля, пачыналася свята. Падчас свята гаспадары загадвалі пра будучы ўраджай збажыны. Для гэтага, не гледзячы, гаспадар павінен быў выцягнуць з-пад абруса сцябло сена: калі доўгае выцягне, то ўраджай добры будзе, а калі кароткае — у гэты год хлеб не ўродзіць.

Дзяўчатам варажыць у ноч перад Калядамі было забаронена, дазвалялася толькі загадаць сон, бо лічылася, што ў гэтую ноч сняцца прарочыя сны. Для таго каб запомніць сон, каля галавы нашы продкі ставілі запаленую свечку і клалі соннік, каб зранку адразу паглядзець тлумачэнне сну. Таксама можна было загадаць жаданне, і лічылася, што яно абавязкова збудзецца.
Пасля паўночы маладыя людзі збіраліся вялікімі кампаніямі, прыбіраліся і размалёўвалі твары, затым хадзілі па хатах, спявалі песні з пажаданнямі здароўя і дабрабыту гаспадарам. Песні, якія спявалі ў гэты вечар, называліся калядкамі. Акрамя таго, ладзіліся невялікія тэатралізаваныя паказы з біблейскіх паданняў пра нараджэнне Месіі.
Адным з самых важных атрыбутаў калядоўшчыкаў была зорка, якую насіў спецыяльна выбраны для гэтага чалавек, а таксама Каляда — прыбраная лялька ці самая прыгожая дзяўчына на вёсцы, якую апраналі ў белы ўбор, запляталі ёй касу рознакаляровымі стужкамі. Таксама ў калядоўшчыкаў абавязкова павінна была быць Каза — знак ураджаю і дабрабыту. Менавіта яе гаспадары павінны былі шчодра адарыць, каб наступны год быў багатым на ўраджай. Часам у выяве Казы выступаў пераапрануты калядоўшчык, а часам гэта была рэальная жывёла, якую ўпрыгожвалі бантамі і стужкамі. У некаторых вёсках замест казы было прынята вадзіць быка ці каня. Адорваць калядоўшчыкаў трэба было ласункамі і выпечкай, а вось грошы можна было даваць толькі блізкім сваякам.
Менавіта так у нашых продкаў праходзіла ноч перад Калядамі, ці Святы вечар. А вось усё таемнае і містычнае, як, напрыклад, знакамітыя дзявочыя варожбы на будучыню, дазвалялася праводзіць з 8 па 19 студзеня, але ніяк не ў ноч перад Калядамі. У гэты перыяд людзі працягвалі хадзіць калядаваць, усяляк забаўляючы гаспадароў песнямі, танцамі, жартоўнымі вершамі, славячы нараджэнне Збавіцеля і жадаючы гаспадарам дабра і шчасця ў новым годзе.
Пасля Святога вечара пачыналіся два святочныя тыдні (да Вадохрышча), у якія ладзіліся народныя гулянні. З гэтага часу пачыналі спяваць калядныя песні, якія ўваходзяць у цыкл зімовых каляндарна-абрадавых песен. Для нашых продкаў яны мелі сімвалічнае і магічнае значэнне, выкарыстоўваліся як замовы ад нячыстай сілы, замовы на ўраджай і дабрабыт сям’і. Магічны сэнс іх меў першаснае значэнне.

Хрысціна КАЛЯДА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Курманаўскага дзіцячага сада —
сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.