“Калядная ёлка” з якуцкім каларытам

Больш за паўтары тысячы дзяцей з раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прыехалі сёння ў беларускую сталіцу на XXV Рэспубліканскую дабрачынную акцыю “Калядная ёлка — нашы дзеці”, юбілейныя мерапрыемствы якой прайшлі па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Мерапрыемствы дабрачыннай акцыі традыцыйна адкрыла Калядная літургія ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Сёлета з уладыкам Паўлам сустрэліся юныя таленты з Буда-Кашалёўскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці — каля 300 дзяцей. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, павіншаваў дзяўчынак і хлопчыкаў з Нараджэннем Хрыстовым, здзейсніў малітву за дзяцей Беларусі, благаславіў удзельнікаў сустрэчы. Дзеці ў сваю чаргу ў знак падзякі агучылі яму творчыя віншаванні і падарылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Аляксандр Ціток, начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь, гаворачы пра ідэю праекта, адзначыў: “25 гадоў запар падчас Каляд мы збіраем у Мінску дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях Беларусі, каб стварыць для іх атмасферу ўтульнасці, падарыць ім радасны дзень, добры настрой, каб у сценах храма даць дзецям наказ на веру, надзею, любоў. Гэта і будзе надаваць перспектыву для іх жыцця. Штогод хлопчыкі і дзяўчынкі збіраюцца ў цырку, радуюцца, смяюцца. А гэта самае галоўнае ў жыцці — ба-чыць радасць на іх тварах, чуць іх смех. Так дзеці яшчэ раз упэўніваюцца, што дзяржава клапоціцца пра іх, што яна нікога не пакіне ўбаку, у крыўдзе і заўсёды будзе ствараць для іх усе ўмовы, каб яны маглі жыць і камфортна адчуваць сябе ў грамадстве”.

Так, у працяг свята Беларускі дзяржаўны цырк сустракаў 1600 юных гасцей Мінска. На арэне іх чакала грандыёзнае шоу “Цяпло вечнай мерзлаты” Брыльянтавага цырка Якуціі. Чароўная паўночная казка ўвабрала ў сябе дзівосны нацыянальны каларыт. У ёй разам спляліся бітвы шаманаў, цуды якуцкіх эквілібрыстаў, найскладанейшыя акрабатычныя трукі, палёты пад купалам, а таксама выступленні сапраўдных насельнікаў тундры: паўночных аленяў, пясцоў, лісіц, сабак лаек і інш.

Перад пачаткам паказу на арэне цырка ў адрас удзельнікаў “Каляднай ёлкі” прагучалі прывітанні і віншаванні з Новым годам і Калядамі ад арганізатараў дабрачыннага праекта. Кульмінацыяй свята стала ўручэнне дзецям салодкіх падарункаў.

Каардынатар валанцёрскага руху “Добрае сэрца” Аляксандра Ганчарова адзначыла: “Сённяшняя акцыя — гэта добрая справа, якую мы кладзём у скарбонку нашай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. Асаблівасць сёлетняй акцыі ў тым, што мы, нарэшце, выйшлі на міжканфесійны ўзровень, сёння дзяцей вітаюць і віншуюць са святамі прадстаўнікі ўсіх асноўных канфесій Рэспублікі Беларусь, і кожнае дзіця атрымае падарунак і сюрпрызы ад Беларускай Праваслаўнай Царквы і іншых канфесій”.

Праграма ладзіцца 25-ы раз, таму менавіта такая колькасць свечак была запалена на святочным калядным пірагу. Паколькі “Калядная ёлка” адзначае юбілей, арганізатары запрасілі ўдзельнікаў акцыі розных гадоў, якія ўжо ў самым пачатку падавалі творчыя надзеі, а сёння сталі прафесійнымі артыстамі, лаўрэатамі міжнародных і нацыянальных конкурсаў. У прыватнасці, сярод гасцей былі заслужаны калектыў Беларусі ансамбль “Церніца” і заслужаны аматарскі калектыў “Цернічка” культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, якія выконвалі ў храме калядныя спевы.

Арганізатарамі XXV Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Калядная ёлка — нашы дзеці”, якая праводзіцца з мэтай духоўнай, сацыяльнай і творчай падтрымкі дзяцей, што пражываюць у аддаленых і пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах Беларусі, выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, епархіяльнае ўпраўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міру” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага цырка.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.