Калядны кадэцкі баль

14 снежня навучэнцы кадэцкіх класаў узялі ўдзел у Калядным кадэцкім балі. Сярэднюю школу № 7 Навагрудка прадставілі навучэнцы Кацярына Саладкова, Настасся Пісарэнка, Лаліта Верашчагіна, Мікіта Борыс, Гардзей Дзенісевіч, Ягор Козел.

У зале палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне Калядны кадэцкі баль сабраў каля ста маладых людзей з усёй Гродзеншчыны. Сукенкі да падлогі, лёгкія карункі, элегантныя прычоскі, старадаўняя музыка, галантныя кавалеры ў мундзірах з залацістымі аксельбантамі і белыя пальчаткі… На адзін дзень нашы хлопцы і дзяўчаты акунуліся ў мінулае.


Дарэчы, ёсць павер’е, што падчас балю час замірае, і гаспадары ў сваіх палацах заўсёды спынялі стрэлкі гадзіннікаў. На працягу ўсяго свята панавала ўзнёслая атмасфера свецкага балю, урачыстасці, любові і добрага настрою.

Вольга КУР’ЯН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 7 Навагрудка.