Каляды ў Навагрудку

Вось і настаў выдатны час — Каляды! Дванаццаць святых дзён пасля Раства Хрыстова! Як не любіць гэты час? Прыбраныя ялінкі, вясёлыя агні, мароз на вуліцы, падарункі і, вядома, цудоўнае свята — Каляды!

Хрыстаславы сярэдняй школы № 7 Навагрудка рыхтавалі сваю праграму “За каляднай зоркай” з велізарным натхненнем, вучылі вершы, песні, падбіралі касцюмы. Вырашылі сёлета павіншаваць не толькі пажылых людзей, пенсіянераў, ветэранаў, але і настаўнікаў школы, дзяцей-інвалідаў, малых з ясляў-сада № 12 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка.

Прадстаўляем каманду “Хрыстаславы-2019” сярэдняй школы № 7: Цімур Кароль, Аляксей Пярко, Валерыя Харонжая, Лізавета Гурын, Марта Лявонава, Дар’я Свірыд, Алеся Басукова.

Асаблівую радасць даставіла дзецям-хрыстаславам віншаванне дзяцей і выхавальнікаў дзіцячых садкоў, дзяцей-інвалідаў, людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў Навагрудскага сацыяльнага цэнтра, наведванне якога стала добрай традыцыяй.

Душэўная цеплыня і ветлівасць, светлая радасць засталіся і ў сэрцах дзяцей, якія выконвалі святую місію, і ў душах усіх, каго павіншавалі з вялікім святам. Шлях усім асвятляла Калядная зорка.

Ліна КАРМЫЗАВА,
настаўніца музыкі,
Джэма НЕЎЖЫНСКАЯ,
настаўніца гісторыі і выкладчык факультатыву “Асновы праваслаўнай маральнасці”.