Каляндар выбарчай кампаніі

- 13:17Выбары 2015

Каляндар выбарчай кампаніі

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка. Згодна з зацверджаным Цэнтральнай камісіяй каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не пазней як 25 верасня 2015 года (за 15 дзён да выбараў) павінны быць прадстаўлены спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, для азнаямлення.
Не пазней як 8 кастрычніка 2015 года (за 2 дні да выбараў) павінны быць прадстаўлены спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, для азнаямлення на ўчастках для галасавання, створаных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах.
Не пазней як 26 верасня 2015 года (не пазней як за 14 дзён да выбараў) на ўчастках для галасавання павінны быць аформлены стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі аб кандыдатах у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і парадак іх складання
Спісы грамадзян складаюцца па кожным участку для галасавання і падпісваюцца старшынёй і сакратаром участковай камісіі.
Гарадскія, пасялковыя, сельскія выканаўчыя камітэты, а ў гарадах з раённым дзяленнем – мясцовыя адміністрацыі, раённыя выканаўчыя камітэты ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, дзе не створаны гарадскія і пасялковыя выканаўчыя камітэты, забяспечваюць улік выбаршчыкаў і перадаюць участковым камісіям спісы грамадзян Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваных на тэрыторыі адпаведных участкаў для галасавання і маючых права ўдзельнічаць у выбарах, падпісаныя старшынямі адпаведных выканаўчых камітэтаў, а ў гарадах з раённым дзяленнем – кіраўнікамі мясцовых адміністрацый.
Спісы грамадзян – ваеннаслужачых, якія знаходзяцца ў воінскіх часцях, а таксама членаў сем’яў ваеннаслужачых і іншых выбаршчыкаў, якія пражываюць у раёнах размяшчэння воінскіх часцей, складаюцца на аснове даных, прадстаўленых камандзірамі воінскіх часцей. Ваеннаслужачыя, якія пражываюць па-за воінскімі часцямі, уключаюцца ў спісы грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах па месцы жыхарства на агульных падставах.
Спісы грамадзян па ўчастках для галасавання, створаных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, складаюцца ўчастковымі камісіямі на аснове даных, прадстаўленых ва ўчастковыя камісіі кіраўнікамі названых устаноў.
Спісы грамадзян па ўчастках для галасавання, створаных за межамі Рэспублікі Беларусь, складаюцца на аснове даных, прадстаўленых кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў (консульскіх устаноў) Рэспублікі Беларусь, дзеючых на тэрыторыі адпаведных замежных дзяржаў. Прозвішчы грамадзян у спісе пазначаюцца ў парадку, зручным для правядзення галасавання.

Парадак уключэння і спіс грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах
У спіс грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, уключаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, дасягнулі да дня ці ў дзень выбараў 18 гадоў, зарэгістраваныя ў момант складання спіса па месцы жыхарства або па месцы знаходжання на тэрыторыі гэтага ўчастка для галасавання. Грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы знаходжання, уключаюцца ў спіс толькі на ўчастку для галасавання па месцы знаходжання.
Грамадзянін можа быць уключаны ў спіс толькі на адным участку для галасавання.
У спіс грамадзян на ўчастку для галасавання, створаным за межамі Рэспублікі Беларусь, уключаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы або знаходзяцца ў працяглай замежнай камандзіроўцы. У гэты спіс пры звароце ва ўчастковую камісію ўключаюцца таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прыбылі ў замежную дзяржаву ў сувязі з прыватнай, службовай, дзелавой або турыстычнай паездкай.

Азнаямленне са спісамі грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах
Спісы грамадзян прадстаўляюцца выбаршчыкам для азнаямлення за 15 дзён да выбараў, а на ўчастках для галасавання, створаных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу у стацыянарных умовах, – за два дні да выбараў.
Грамадзяне, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, але не ўключаны ў спіс па якой-небудзь прычыне, дадаткова ўключаюцца ўчастковай камісіяй у спіс на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці ў ім штампа аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на тэрыторыі ўчастка для галасавання, а грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы знаходжання, – на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і дакумента, які пацвярджае рэгістрацыю па месцы знаходжання на тэрыторыі ўчастка для галасавання. Пры адсутнасці ў грамадзяніна рэгістрацыі на тэрыторыі гэтага ўчастка для галасавання ён уключаецца ў спіс на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі ўчастка для галасавання. У гэтым выпадку ўчастковая камісія перадае паведамленне аб уключэнні грамадзяніна ў спіс ва ўчастковую камісію ўчастка для галасавання, на тэрыторыі якога грамадзянін зарэгістраваны па месцы жыхарства або па месцы знаходжання.

Права на абскарджанне няправільнасцей у спісе
Кожнаму грамадзяніну забяспечваецца магчымасць праверыць, ці ўключаны ён у спіс і ці правільна ў спісе пазначаны звесткі аб ім.
Кожнаму грамадзяніну прадастаўляецца права абскардзіць неўключэнне, няправільнае ўключэнне ў спіс або выключэнне са спіса, а таксама дапушчаныя ў спісе недакладнасці і пазначэнні даных аб грамадзяніне. Заява аб няправільнасцях у спісе разглядаецца ўчастковай камісіяй, якая абавязана не пазней як у двухдзённы тэрмін, а напярэдадні і ў дзень выбараў неадкладна разгледзець заяву, унесці неабходныя папраўкі ў спіс або выдаць заяўніку копію матываванага рашэння аб адхіленні яго заявы. Гэта рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйшую камісію, якая абавязана разгледзець скаргу не пазней як у трохдзённы тэрмін, а ў дзень галасавання – неадкладна. Рашэнне ўчастковай камісіі можа быць таксама абскарджана не пазней як за пяць дзён да выбараў у раённы, гарадскі суд, які абавязаны разгледзець скаргу ў трохдзённы тэрмін. Рашэнне раённага, гарадскога суда канчатковае. Папраўка ў спісе ў адпаведнасці з рашэннем вышэйшай камісіі або суда робіцца ўчастковай камісіяй неадкладна.

Перадвыбарная агітацыя
У Беларусі прадаўжаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі. 10 верасня Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатамі чатырох прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта – Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча.
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ініцыятыўным групам, якія праводзяць агітацыю за выбранне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадастаўляецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцей, правядзення агітацыі за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамі.
Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 18 верасня паведаміла, што перыяд перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты праходзіць актыўна. Кандыдаты праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, выкарыстоўваюць сваё права на выступленні ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Усе кандыдаты ўжо апублікавалі свае перадвыбарныя праграмы.
Лідзія Ярмошына нагадала, што мясцовыя выканаўчыя органы прынялі рашэнні аб адвядзенні месц для перадвыбарных сустрэч з выбаршчыкамі. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы не пазней як за два дні да такой сустрэчы павінны праінфармаваць у заяўным парадку мясцовыя выканаўчыя органы аб яе правядзенні, а таксама аб тым, у які час яна пройдзе.
“Што ж датычыцца сустрэч у закрытых памяшканнях, то яны праводзяцца ў культурных, адукацыйных установах, тых памяшканнях, якія таксама вызначылі мясцовыя выканаўчыя органы па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі камісіямі”, – канстатавала Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, кандыдаты і іх давераныя асобы падаюць адпаведныя заявы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якія прымаюць меры па забеспячэнні гэтых сустрэч, размяшчаюць аб’явы аб іх правядзенні, забяспечваюць залы неабходнай электроннай апаратурай. “Таму сачыце за інфармацыйнымі сайтамі мясцовых выканаўчых органаў – там перш-наперш будуць публікавацца аб’явы аб сустрэчах кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі. Акрамя таго, гэта інфармацыя будзе абнародавацца ў мясцовых газетах, якія заснаваны дзяржаўнымі органамі”, – падагульніла кіраўнік ЦВК.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, кандыдатам на пасаду Прэзідэнта для арганізацыі сустрэчы з калектывам прадпрыемства патрэбны толькі дазвол яго кіраўніка. Пры гэтым калі аднаму з кандыдатаў будзе адмоўлена, то павінна быць адмоўлена і ўсім астатнім. “Павінна быць роўнасць умоў: калі аднаму дазволена сустрэцца, то і ўсім астатнім камандам, якія звернуцца, трэба дазволіць тое ж самае”, – падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Тэледэбаты пройдуць 3 кастрычніка, удзельнічаць у іх будуць тры кандыдаты ў прэзідэнты
Для ўдзелу ў тэледэбатах кандыдаты павінны былі не пазней як 18 верасня падаць у Белтэлерадыёкампанію пісьмовую заяву. Тэледэбаты плануецца паказаць на тэлеканале “Беларусь 1” 3 кастрычніка (пачатак у 17.00), для чаго даецца 60 мінут эфірнага часу.
Удзельнічаць у тэледэбатах будуць тры кандыдаты ў прэзідэнты. У Белтэлерадыёкампанію паступілі заяўкі ад Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча. У адпаведнасці з пастановай Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, тэледэбаты могуць адбыцца, калі аб жаданні ўдзельнічаць у іх заявілі як мінімум два кандыдаты.
Згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, на працягу апошніх пяці дзён да выбараў не дапускаецца апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, звязаных з выбарамі, прагнозам іх вынікаў.