Каманда актыўных, яркіх і крэатыўных

- 14:59Выхаваўчая прастора

Як студэнцкае самакіраванне дапамагае юнакам і дзяўчатам раскрываць таленты і рэалізоўваць свае ідэі ў час навучання ва ўніверсітэце? Хто падтрымлівае творчых і нераўнадушных студэнтаў? У якіх мерапрыемствах яны прымаюць удзел найбольш актыўна і як такая дзейнасць дапамагае ім у будучай прафесіі?.. Адказы ведае старшыня студэнцкага савета Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Павел Лапацінскі.

— Павел, як даўно створаны студэнцкі савет БДПУ і якая яго асноўная функцыя?

— Каля 20 гадоў у нашым універсітэце функцыянуе студэнцкі савет, які стварае ўмовы для найбольш поўнага раскрыцця патэнцыялу студэнцкай моладзі, спрыяе паляпшэнню яе прафесійнай падрыхтоўкі, фарміруе грамадзянскую пазіцыю, а таксама захоўвае і развівае традыцыі нашай установы. Студэнцкі савет БДПУ — каманда актыўных, яркіх і крэатыўных аднадумцаў, з якімі можна любыя горы звярнуць (усміхаецца). Усе мы лічым студсавет школай развіцця камунікатыўных кампетэнцый, лідарскіх якасцей і навыкаў эфектыўнага ўзаемадзеяння ў калектыве.

— А як вы сталі старшынёй студсавета і ці часта самі ўдзельнічаеце ў мерапрыемствах, што праводзяць вашы актывісты?

— На 1 курсе я стаў лаўрэатам праекта па выяўленні творчай моладзі “Вялікая сцэна”, пасля якога разам з аднагрупнікамі мы арганізавалі некалькі факультэцкіх мерапрыемстваў. А ўжо на 2 курсе маю кандыдатуру прапанавалі ў якасці старшыні студэнцкага савета ўніверсітэта, і на справаздачна-выбарчай канферэнцыі студэнты аднагалосна падтрымалі яе. Гэта стала для мяне добрай матывацыяй да дасягнення чагосьці новага і цікавага.

Напэўна, складана ўспомніць мерапрыемствы, у якіх я не прымаў удзелу, бо трэба быць заўсёды побач са студэнтамі. Так, я пастаянны ўдзельнік універсітэцкага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Зорны паход БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа”. На 1 курсе стаў байцом педагагічнага атрада “Сузор’е”, што працуе на базе НДЦ “Зубраня”, у наступным — яго камандзірам, у 2018-м перамог у намінацыі “Мастацка-творчая дзейнасць” конкурсу “Студэнт года БДПУ”, у 2019-м — у намінацыі “Лепшы камандзір педагагічнага атрада” рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр”, а ў 2020-м мяне прызналі лепшым у намінацыі “Маладзёжнае лідарства”. Лічу, што сапраўдны лідар павінен паспяваць як у грамадскай дзейнасці, так і ў вучэбнай і навуковай, таму з 1 курса я член студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі.

— Як дзейнасць студэнцкага савета ўплывае на жыццё ўсяго ўніверсітэта?

— Студэнцкі савет з’яўляецца своеасаблівым злучальным звяном паміж студэнтамі і адміністрацыяй універсітэта. Наша задача — пачуць студэнтаў, іх меркаванні і прапановы, а часам праблемы, данесці іх да адміністрацыі і дапамагчы вырашыць. Члены нашага студсавета ўваходзяць у склад савета ўніверсітэта і розных грамадскіх камісій, што функцыянуюць у БДПУ.

— Студсавет вядзе актыўную шматгранную выхаваўчую дзейнасць. А па якіх напрамках?

— Па такіх, як прафарыентацыйная работа, цьютарскае суправаджэнне студэнтаў, валанцёрская дзей­насць, а таксама стымуляванне сацыяльнай актыўнасці студэнтаў і прасоўванне іх грамадска значных ініцыятыў, раскрыццё лідарскага патэнцыялу і арганізацыя карпаратыўнага навучання, прапаганда здаровага ладу жыцця, пашырэнне магчымасцей для творчай самарэалізацыі студэнцкай моладзі. Апошнім часам мы актывізавалі работу па развіцці ўзаемадзеяння з органамі студэнцкага самакіравання і маладзёжнымі арганізацыямі УВА як Беларусі, так і замежжа.

— Якія найбольш яркія праекты рэалізуюцца па кожным з пералічаных напрамкаў?

— З 2018 года стартаваў прафарыентацыйны праект “Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас”. На працягу года, а таксама ў час канікул студэнты сустракаюцца з вучнямі школ, гімназій, ліцэяў і прэзентуюць ім нашу альма-матар. Абсалютна кожны студэнт перакананы, што гэтую работу варта пачынаць праводзіць з будучымі абітурыентамі як мага раней. Для іх актывісты распрацавалі квест “Пазнай БДПУ”, а таксама сумесна з членамі клуба выпускнікоў педагагічных класаў “Профіль+”, што быў створаны ў гэтым годзе па ініцыятыве першакурснікаў, арганізуем і право­дзім круглыя сталы для старшакласнікаў “БДПУ — будучыня пачынаецца тут”. А каб пазнаёміць першакурснікаў з гісторыяй, традыцыямі і славутасцямі ўніверсі­тэта, студэнцкі савет праводзіць інтэлектуальна-забаўляльны квест “Шляхам вагантаў”.

Сёлета мы запусцілі анлайн-платформу “ТьYOUторhelp”, дзе кожны студэнт можа па­кінуць заяўку на аказанне дапамогі ў ліквідацыі прабелаў па пэўных дысцыплінах, і нашы актывісты аператыўна знойдуць цьютара. Адзначу, што кожны студэнт — будучы педагог — у душы ўжо валанцёр. Разам мы рэалізуем валанцёрскі праект “Твары дабро”, накіраваны на аказанне дапамогі і стварэнне новых форм падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва. На працягу года студэнты актыўна збіраюць падарункі для выхаванцаў дзіцячых дамоў, рыхтуюць забаўляльныя, гульнявыя і канцэртныя праграмы, а затым з задавальненнем наведваюць дзетак і дораць ім сапраўднае свята.

Канечне, асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы студэнцкіх ініцыятыў. У гэтым годзе мы правялі конкурс праектаў #Studproekt_BSPU, які прайшоў па 12 напрамках. Сярод іх — #Мая малая радзіма, #Электронны ўніверсітэт, #Педагог XXI стагоддзя, #Студэнцкая арт-прастора, #Сяброўства без меж, #Green life, #Медыяпрастора. Перамагла ў гэтым конкурсе студэнтка 1 курса факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Мядзведзева са сваім праектам “Медыяархіў выпускнікоў ФПА, або Гісторыя факультэта ў асобах”, які плануем з новага навучальнага года рэалізаваць ва ўсім універсітэце. Асноўная мэта конкурсу #Studproekt_BSPU — выяўленне і падтрымка студэнцкіх ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў арганізацыі адукацыйнага працэсу і стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дарэчы, удзел у ім прынялі студэнты не толькі Беларусі, але і Казахстана, Расіі, праўда, яны абаранялі свае праекты анлайн.

Найбольш папулярным напрамкам дзейнасці сярод студэнтаў застаецца пашырэнне магчымасцей для творчай самарэалізацыі: конкурс прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства “Міс БДПУ”, конкурс на лепшую студэнцкую групу сярод 1 курса “Першыя на першым”, серыя інтэлектуальных гульняў “Мудрая сава БДПУ” (аналаг гульні “Што? Дзе? Калі?”), фотаквест “Таямніцы на вуліцы Савецкай, 18”. Але мы не стаім на месцы, знаходзімся ў пастаянным пошуку новых форм дзейнасці. Наш універсітэт — адна вялікая дружная сям’я, і ў нас  дзе студэнты — там і выкладчыкі. Галоўнае — рабіць усё разам, тады і цікавасць расце да кожнага мерапрыемства.

Своеасаблівым трыумфам для нас стала штогадовая цырымонія ўзнагароджання актывістаў студэнцкага савета і падвядзення вынікаў конкурсу “Залаты джокер”, які таксама накіраваны на раскрыццё патэнцыялу студэнцкай моладзі і фарміраванне карпаратыўнай культуры членаў студсавета БДПУ. На працягу навучальнага года ўсе студэнцкія саветы факультэтаў і інстытутаў ­удзельнічаюць у розных праектах, арганізуюць свае арыгінальныя мерапрыемствы, трэнінгі, майстар-класы. А ў канцы года мы выбіраем пераможцаў у 14 намінацыях на лепшы студэнцкі савет, а таксама на лепшы акаўнт у сацыяльных сетках. Сёлета абсалютным пераможцам стаў студэнцкі савет факультэта пачатковай адукацыі.

— Вы адзначылі, што садзейнічаеце развіццю міжуніверсітэцкага і міжнароднага студэнцкага супрацоўніцтва…

— Так, у цяперашні час займаемся распрацоўкай дарожнай карты, якая пакладзе пачатак узаемадзеянню БДПУ з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі. Іх прадстаўнікі ўжо прынялі ўдзел у фестывалі нацыянальных культур, што ўпершыню праводзіўся ў нашым ўніверсітэце цэнтрам студэнцкай творчасці. Думаю, што і наперадзе ў нас новыя і цікавыя сумесныя праекты.

Таксама варта нагадаць, што ў час правядзення дзён МПДУ (Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсі­тэта) у БДПУ завязаліся трывалыя адносіны з актывам ра­сійскага студэнцкага савета. Так, у красавіку 2021 года мне і самому давялося паўдзельнічаць у беларуска-расійскай анлайн-канферэнцыі “Роля студэнцкага самакіравання ў адукацыйнай прасторы ўніверсітэта”, дзе я падзяліўся вопытам арганізацыі дзейнасці студэнцкага савета свайго ўніверсітэта. Гэта сёння сапраўды актуальна, бо студсаветы УВА — самыя галоўныя партнёры рэктаратаў. Таму гэты кірунак трэба актыўна развіваць, і пляцоўкі па абмене вопытам становяцца ўнікальнымі платформамі, дзе можна пачарпнуць для сябе нешта новае.

— Якія фарматы найбольш даспадобы будучым педагогам?

— Нашы студэнты актыўныя ва ўсім, што тычыцца дзейнасці ўніверсітэта. Зразумела, больш актыўныя яны ў тым, што прапануюць самі, таму мы даём ім вялікія магчымасці для рэалізацыі іх ідэй і праектаў.

— Чаму студэнтам сёння важна быць актыўнымі?

— Мы сёння гаворым, што сучасны педагог, якога хочуць бачыць вучні, павінен быць з імі на адной хвалі, усебакова развітым і творчым. А стаць такім ён зможа, прайшоўшы ўнікальную ў сваім родзе школу лідарства. Абсалютна кожны наш актывіст, арганізуючы пэўнае мерапрыемства, набывае цэлы букет якасцей: гэта і ўменне захапіць, павесці за сабой цэлую каманду, і камунікатыўныя якасці і г.д. Мы бачым, што ніякія навыкі валодання мовамі, IT-кампетэнцыямі не заменяць атрыманых лідарскіх якасцей, унікальных арганізатарскіх здольнасцей, якія набываюць навучэнцы ў час вось такога насычанага студэнцкага жыцця. Нездарма ж гавораць, што студэнцкія гады самыя лепшыя.

— Павел, падзяліцеся планамі студсавета БДПУ.

— Планаў шмат. Ёсць і новыя праекты, якія ўжо чакаюць сваёй рэалізацыі. Галоўнае, каб каляндарных дзён у годзе хапіла (усміхаецца). Канечне, удзяляем увагу грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Дарэчы, у гэтым годзе мы ўпершыню стварылі свой зводны ўніверсітэцкі атрад “Моладзь БДПУ”, які прыняў удзел у 56-м Зорным паходзе студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта. У склад атрада ўвайшлі студэнты-актывісты студсавета і БРСМ БДПУ, і ўсе разам мы наведалі Крупскі раён. Вядома, пасля праведзенага конкурсу студэнцкіх праектаў сваёй чаргі ўжо чакаюць некалькі новых ініцыятыў. Упэўнены, сумаваць не будзе калі!

Увогуле наш студсавет з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для самарэалізацыі абсалютна ўсіх студсаветаўцаў, бо яны атрымліваюць каласальны вопыт каманднай работы, пашыраюць пэўныя кампетэнцыі. І пасля гэтага яны становяцца педагогамі, якія не толькі адпавяда­юць усім сучасным патрабаванням, але і могуць зацікавіць сучасных вучняў. Нашы выпускнікі, якія былі актывістамі студсавета, зараз выдатныя настаўнікі і класныя кіраўнікі, таму што ўмеюць цікава арганізаваць не толькі вучэбны працэс, але і выхаваўчы, а ад гэтага, пагадзіцеся, якраз і залежыць поспех дзейнасці сучаснага педагога.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва студсавета БДПУ.