Каманда алімпіяднікаў сфарміравана

- 10:00Адукацыйная прастора

Каля 200 школьнікаў Гомельшчыны прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які пройдзе ў канцы сакавіка.

На Гомельшчыне падведзены вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах. Пляцоўкамі для інтэлектуальных спаборніцтваў, дзе сышліся 1042 навучэнцы вобласці, сталі ўстановы агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомеля, Жлобіна, Мазыра. Практычныя туры па біялогіі і хіміі прайшлі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, па інфарматыцы — у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. У склад журы ўваходзіла 136 выкладчыкаў Гомельскай вобласці.

Па выніках алімпіяды 476 удзельнікаў узнагароджаны ды­пломамі. Самую вялікую колькасць дыпломаў атрымалі прадстаўнікі Савецкага (66 на­вучэнцаў), Чы­гу­начнага (56) і Цэнтральнага (51) раёнаў Гомеля, а таксама Жло­бінскага (47), Мазырскага (41) і Светлагорскага (38) раёнаў.

Высокія вынікі паказалі навучэнцы гомельскіх гімназій № 51 (28 дыпломаў), № 14 (26) і абласнога лі­цэя (24). Сярод гарадскіх сярэдніх школ у лідарах школа № 13 Жлобіна (15), на другім і трэцім месцах — № 9 Мазыра і № 8 Гомеля, №№ 14 і 16 Мазыра, № 27 Гомеля.

Сярод пераможцаў 24 навучэнцы з 20 сельскіх школ.

На заключным этапе алімпіяды Гомельшчына прыме ў сябе ўдзельнікаў па шасці вучэбных прадметах. У абласным цэнтры свае веды будуць дэманстраваць школьнікі, якія вывучаюць замежныя мовы (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую і кітайскую), а ў Мазыр з’едуцца знаўцы гісторыі.

Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі займаецца арганізацыяй вучэбных збораў, якія паэтапна пройдуць на яго базе. Школьнікі будуць працаваць з выкладчыкамі УВА, лепшымі настаўнікамі вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.