Каманда алімпіяднікаў сфарміравана

230 школьнікаў Гомельшчыны прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які пройдзе ў сакавіку 2021 года. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў паведаміў, што каманда вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе ўжо сфарміравана.

—Палова ўдзельні­каў —117 чалавек — прадстаўнікі Гомеля, — адзначыў Р.Смірноў. — Шырока прадстаўлены ў камандзе Мазырскі, Жлобінскі, Светлагорскі раёны, абласныя ліцэі. Ёсць у складзе і прадстаўнікі невялікіх раёнаў, у тым ліку пяць сельскіх школьнікаў з Мазырскага, Петрыкаўскага, Буда-Кашалёўскага, Гомельскага і Калінкавіцкага раёнаў. На рахунку гімназій і ліцэяў сёлета крыху больш за палову дыпломаў. Шосты год запар лідар рэйтынга — гімназія № 51 Гомеля, якая мае на сваім рахунку 30 дыпломаў. Значна палепшылі свае пазіцыі Гомельскі абласны ліцэй, гімназія № 14 Гомеля. Дарэчы, выхаваць нават аднаго канкурэнтаздольнага алімпіядніка — задача не з лёгкіх. Перамогі ў алімпіядах — гэта велізарная работа ўсяго калектыву навучальных устаноў.

Завочная падрыхтоўка алімпіяднікаў і заняткі на месцах ужо пачаліся. Абласны інстытут развіцця адукацыі займаецца арганізацыяй вучэбных збораў, якія паэтапна правя­дуць на яго базе. Школьнікі будуць працаваць з выкладчыкамі УВА, лепшымі настаўнікамі вобласці.

Заключны этап алімпіяды пройдзе ў 10 гарадах краіны. Гомель прыме лепшых знаўцаў пяці замежных моў з усёй рэспублікі, Жлобін — удзельнікаў алімпіяды па гісторыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.