Каманда беларускіх фехтавальшчыкаў завяршыла сваё выступленне на XXX Сусветнай летняй універсіядзе.

Медалі разыгрываліся ў фехтаванні на шаблі, рапіры і шпазе.

Лепшы вынік сярод шаблістаў паказаў Сяргей Кісель — 13-е месца, на 16-м апынуўся Арцём Новікаў. Кірыл Кірпічоў заняў 24-е месца. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 69 спартсменаў. У выніковым рэйтынгу беларусы на 5-й пазіцыі сярод 19 каманд.

“У гэтым відзе мы разлічвалі на медалі, як у асабістых, так і ў камандных спаборніцтвах, — адзначыў трэнер Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву Андрэй Віктаравіч Губанаў. — На леташнім чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі каманда ў гэтым жа складзе заваявала 3-е месца ў камандных спаборніцтвах.

На жаль, крыху не хапіла беларусам у асабістых спаборніцтвах, каб трапіць у топ-8 і пазмагацца за медалі. Крыўднае паражэнне Кірыла Кірпічова карэйскаму спартсмену  — 14,15 —  пазбавіла яго права трапіць у лік 16 наймацнейшых і працягнуць барацьбу.

Тым не менш у агульным рэйтынгу шаблістаў мы пакінулі за сабой такія краіны, як Венгрыя, Расія, Італія, Украіна, ЗША”.

У асабістых спаборніцтвах сярод шаблістак, дзе за п’едэстал змагаліся 59 спартсменак, 8-е месца заняла Паліна Каспяровіч, Кацярына Рагачэўская на 26-й пазіцыі, Ганна Іванішчанка — на 39-й. Беларусь на 9-м месцы з 13 каманд.

Паліна Каспяровіч была зусім блізкая да пападання ў чацвёрку і магла прыняць удзел у розыгрышы медаля. Заўважым, што папярэдні вынік студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры — 3-е месца на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі.

“У каманднай барацьбе не склалася, не зусім удала атрымалася адфехтаваць у нашай маладой спартсменкі Кацярыны Рагачэўскай, — пракаменціраваў Андрэй Губанаў”.

Шпажыст Дзяніс Паўлоўскі, які ў гэтым годзе выйграў адзін з этапаў Кубка Еўропы сярод моладзі, на Сусветнай універсіядзе ў Неапалі спыніўся на 14-й пазіцыі сярод 84 удзельнікаў.

Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы 2018 сярод моладзі Уладзіслаў Лагуноў заняў 11-е месца ў фехтаванні на рапіры. Агульны склад удзельнікаў у гэтым відзе праграмы — 68 спартсменаў.

На 40-й пазіцыі з 56 у жаночай рапіры спынілася студэнтка Універсітэта Атланты Ганна Андрэенка.

“Узровень спартсменаў на ўніверсіядзе вельмі высокі, і мы павінны былі гэта адчуць, — рэзюмаваў А.В.Губанаў. — Высновы зроблены, спецыфіка турніру ўлічана. Спадзяёмся, наступны раз у нас будуць усе шансы заявіць пра сябе”.

Наталля АЛЁХІНА.