Сярэбраныя медалі заваявалі навучэнцы сталічнай гімназіі № 41 на VII Міжнароднай алімпіядзе па дакладных навуках (матэматыка, фізіка, хімія) «Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў», якая праходзіць у Азербайджане. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
Нашу краіну прадстаўлялі навучэнцы 9—10-х класаў вышэйназванай гімназіі Яўген Ліппа, Юлія Рыдчанка і Аляксей Сцяпанаў. Трэнер каманды — настаўніца фізікі гімназіі № 41 Юлія Брэль. Акрамя яе рыхтавалі моладзь да гэтых спаборніцтваў настаўніца хіміі Марыя Жыгала, настаўнікі матэматыкі Таццяна Валахановіч, Барыс Камракоў, Леанід Лаўрыновіч.
У алімпіядзе прынялі ўдзел больш за 100 школьнікаў і трэнераў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Грузіі, Узбекістана, Таджыкістана. У камандным заліку першае месца заняла каманда Расіі, другое — каманда Беларусі, трэцяе — каманда Азербайджана.
Міжнародная алімпіяда па дакладных навуках «Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў — 2024» праходзіць з 5 па 12 снежня. Праект рэалізуецца пад эгідай і пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Яго мэтай з’яўляецца выяўленне інтэлектуальнага патэнцыялу маладога пакалення краін СНД, стварэнне здаровага спаборніцкага асяроддзя і зносін сярод тых, хто ўжо захоплены або праяўляе цікавасць да дакладных, тэхнічных і прыродазнаўчых навук.
Праект унікальны па мэтах, якія ставіць, механізмах, што выкарыстоўваюцца, і складу экспертаў і прафесіяналаў, якіх ён аб’ядноўвае. Алімпіяда дазваляе ацаніць не толькі веды падлеткаў па прадметах, але і іх здольнасці нестандартнага мыслення, развіццё логікі для рашэння арыгінальных задач. Вочны тур складаецца з заданняў па трох прадметах — фізіцы, хіміі і матэматыцы.
— Праект стварае платформу для навуковых спаборніцтваў і зносін таленавітай моладзі краін СНД у галіне дакладных навук для дадатковай адукацыі падлеткаў. У 2017 г. ён упершыню прайшоў на міжнародным узроўні, што спрыяла ўзмацненню інтэграцыйнага ўзаемадзеяння паміж краінамі Садружнасці ў галіне адукацыі, прыродазнаўчых навук і маладзёжнай палітыкі, — паведамілі ў Мінадукацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з Telegram-канала Мінадукацыі