Каманда нашага двара, або Футбольныя прамудрасці

- 12:41Выхаванне

На працягу 19 гадоў працы школьным футбольным трэнерам мне даводзілася сутыкацца з рознымі недахопамі як у сваёй дзейнасці, так і ў дзейнасці калег. Робячы высновы на падставе ўласнага аналізу, хацеў бы звярнуць увагу на дэфіцыт тэарэтычнага поля ў футбольнай адукацыі. Важна ведаць не толькі правілы гульні, але і розныя футбольныя хітрасці, якія нярэдка адбіваюцца не толькі на асобна ўзятым гульнявым эпізодзе або матчы, але і на выніку ўсяго турніру.

Адна з самых яркіх трэнерскіх падзей адбылася са мной за мяжой. Працуючы ў Кіеве школьным настаўнікам і трэнерам у прыватнай гімназіі, я рэгулярна ўдзельнічаў у раённых і гарадскіх турнірах з навучэнцамі 3—4 класаў. З-за невялікага выбару (адзін 4 і адзін 3 клас па 18 чалавек, з якіх 9—10 — хлопчыкі) скласці канкурэнцыю саперніку толькі ў фізічным плане было складана. І мы, як правіла, спыняліся за крок ад перамог у раённых спаборніцтвах і на выхадзе ў фінальную стадыю першынства горада. І ўсё ж, запоўніўшы ўсе прабелы, мы не толькі сталі пераможцамі першынства раёна, але і занялі 3-е месца ў фінальным турніры Кіева, пакінуўшы ззаду ў працяглым супрацьстаянні каля 400 школ.

У гэтым годзе ўжо ў Магілёве каманда сярэдняй школы № 23 заняла 2-е месца ў першынстве горада сярод дваровых каманд “Скураны мяч”. 17 гадоў назад мая каманда, якая складалася з навучэнцаў 1989 года нараджэння, таксама стала другой. Але ў той час гэта можна было разглядаць як вялікае дасягненне маладога трэнера, цяпер жа мы разлічвалі толькі на перамогу. І ўсё ж недахопы ў гульнявых і тэарэтычных кампанентах у мяне былі.

Як правіла, дзейнасць настаўніка ў школьных аб’яднаннях па інтарэсах зводзіцца да правядзення банальных двухбаковых гульняў. Але і яны абавязкова прынясуць свой плён, калі падчас гульні ўносіць карэктывы. Неабходна звяртаць увагу на ўсе нюансы гульнявога працэсу. Зрабіць гэта за кароткі тэрмін вельмі складана. Вялікі аб’ём інфармацыі не будзе ўспрыняты дзецьмі, таму неабходна на кожнай трэніроўцы ў спрэчных сітуацыях спыняць гульню і тлумачыць усё па пунктах. Падчас перапынкаў на адпачынак я таксама праводжу так званы лікбез. Аднак у апошні час стаў лавіць сябе на думцы, што дзеці ўжо самі выдатна навучыліся маніторыць футбольныя падзеі і навіны, разбірацца ў правілах гульні. І мой некалі маналог стаў ператварацца ў дыялог, дзе навучэнцы з’яўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі.

На пачатковай стадыі навучання футбольным азам нярэдка здараецца, што той ці іншы навучэнец разумее словы настаўніка далёка не з першага разу. Аднак наша задача — зрабіць так, каб юныя спартсмены як мага хутчэй засвоілі футбольныя законы і не рабілі такія банальныя памылкі, як пас партнёру ўздоўж сваіх варот, гульня наском (“пыром”), абвядзенне ў пазіцыі апошняга абаронцы, гульня рукамі варатара пасля паса ад свайго гульца. Такія рэчы не толькі прыводзяць да гола ў свае вароты, але і дэстабілізуюць каманду, зніжаюць яе баявы дух, які потым складана аднавіць.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, чаго ў пачатку маёй працоўнай дзейнасці не было, навучэнцы могуць самі ўбачыць тыя ці іншыя складаныя сітуацыі, спраектаваць іх і прааналізаваць свае дзеянні. На занятках я выдзяляю час на прагляд футбольных матчаў, а лепш за ўсё — іх дэтальных аглядаў. Тут можна звярнуць увагу на розныя аспекты гульні, паказаць на канкрэтных прыкладах сітуацыі, якія здаюцца бязвыхаднымі, і вылучыць моманты, дзякуючы якім той ці іншай камандзе атрымлівалася пераламаць ход сустрэчы.

На спаборніцтвах рознага ўзроўню даводзіцца сустракаць каманды, гульцы якіх не разбіраюцца ў судзейскіх жэстах. З аднаго боку, футбалісты гатовы фізічна і маральна, а з другога — іх ставяць у тупік простыя рэчы. Уменне арыентавацца ў жэстыкуляцыі вельмі важнае для гульца. Акрамя таго, што сам расказваю пра судзейскую працу і паказваю, як дзейнічае рэферы, прымаючы тое ці іншае рашэнне, я перыядычна экзаменую сваіх футбалістаў. Кожны з іх, стоячы перад партнёрамі, адказвае на мае пытанні, але не голасам, а жэстамі.

Вось ужо шмат гадоў традыцыйна мы сустракаемся на футбольным полі з маёй першай камандай. Маладым людзям ужо амаль 30 гадоў, але нас аб’ядноўвае футбол, тыя моманты гульні, якія застануцца ў нашых сэрцах назаўсёды. Падрастуць мае цяперашнія выхаванцы, і мне хацелася б правесці матч пакаленняў, які сабраў бы разам навучэнцаў адной школы і адной каманды — каманды нашага двара.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік вышэйшай катэгорыі фізічнай культуры і здароўя
Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Фота аўтара.