Каманда Віцебшчыны выйграла рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве сярод навучэнцаў каледжаў

- 12:00Образование

Каманда Віцебшчыны зноў пацвердзіла лідарства ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе” сярод навучэнцаў каледжаў.

На заключным этапе за перамогу ў асабістым і камандным заліку змагаліся 84 спартсмены ў складзе зборных абласцей і Мінска. Спаборніцтвы другі год запар прымаў Віцебск.  

Мы пабачылі прыгожую, напружаную і дынамічную спартыўную барацьбу, бо гэтыя юнакі і дзяўчаты прайшлі адборы ў рэгіёнах, дзе ўзначальваюць рэйтынгі, — падзяліўся ўражаннямі метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Кірыл Саракавік. — Вельмі прыемна з году ў год сустракацца ў фінале з выкладчыкамі і трэнерамі, хто дапамагае ярка раскрыцца маладым талентам, разам з прафесійнымі ведамі ўкладаючы ў падрыхтоўку душу і сэрца. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць велізарную падзяку нашым выдатным педагогам, су­дзейскай брыгадзе і арганізатарам на ўзроўні рэгіёна, якія пастараліся забяспечыць аптымальныя ўмовы правядзення спаборніцтваў. Усім нашым спартсменам мы, безумоўна, жадаем дасягнуць значных вынікаў. Што тычыцца каманднага першынства, то тут вырашальнымі фактарамі з’яўляюцца і фізічная падрыхтаванасць, і псіхалагічны настрой, з’яднанасць. Пераможныя вынікі заўсёды паказва­юць каманды, дзе наймацнейшая ўзаемная падтрымка.

Спартыўныя выпрабаванні гэтага мнагаборства зімой традыцыйна ўключаюць стральбу з пнеўматычнай зброі, скачкі ў даўжыню з месца, гімнастыку (падцягванне на перакладзіне ў юнакоў, згінанне-разгінанне рук ва ўпоры лежачы ў дзяўчат) і лыжныя гонкі. У асабістым заліку сярод юнакоў п’едэстал занялі спартсмены з Магілёўскай вобласці: на 1-м месцы Ілья Гры­шчанкоў, на 2-м — Ула­дзіслаў Нас­коў, на 3-м — Арцём Сарокін. Сярод дзяўчат пераможцай спаборніцтваў стала Рэната-Ксенія Зубарава (Гомельская воб­ласць). На дзвюх іншых прыступках п’едэс­тала — прадстаўніцы Віцебскай вобласці: другі радок у выніковым пратаколе заняла Кацярына Смагіна, трэці — Аліна Бандаркова.

Да апошняга заставалася непрадказальным, хто пераможа ў камандным заліку. У стральбе з пнеўматычнай зброі не было роўных навучэнцам з Гомельшчыны. Дастойную канкурэнцыю Гомелю склалі Брэст і Магілёў, зборныя якіх набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Па скачках у даўжыню ў вядучай тройцы апынуліся прадстаўнікі Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей, па гімнастыцы — Гомельскай, Віцебскай, Брэсцкай абласцей. Канчаткова інтрыгу вырашылі лыжныя гонкі, у якіх наймацнейшымі аказаліся навучэнцы Віцебшчыны. Вынікі сёлетняга зімовага сезона мнагаборства “Здароўе” сярод навучэнцаў каледжаў наступныя: 1-е месца — Віцебская вобласць (2079 ачкоў), 2-е — Гомельская вобласць (1967 ачкоў), 3-е — Магілёўская вобласць (1871 ачко). Характэрна, што паўночны рэгіён утрымлівае лідарства трэці год запар.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара