Камандай да поспеху

- 10:08Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Камандны падыход у навучанні дзяцей з аўтызмам можа спрыяць іх паспяховай сацыялізацыі і раскрыццю патэнцыяльных магчымасцей.

Дзецям з аўтызмам складана адаптавацца да школьных нагрузак. “Стварыць усе ўмовы для ўключэння дзіцяці ў адукацыйны працэс!” — такую задачу паставіў дырэктар Параф’янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Віктар Каросцік перад педагогамі, калі ў першы клас інтэграванага навучання і выхавання прыйшла дзяўчынка з аўтызмам. 

Норму стаўлення да дзяцей заўсёды задае настаўнік пачатковых класаў. Адаптавацца да новых умоў заняткаў, пачаць арыентавацца ў памяшканні школы, выпрацаваць неабходныя са­цыяльныя навыкі — усяму гэтаму навучыла Дашу Падляшчук настаўніца пачатковых класаў Ірына Рандарэвіч. У сваёй практыцы педагог зрабіла акцэнт на метадычных прыёмах, нацэленых на тое, каб на прыкладзе аднаго вучня закласці пэўныя ма­дэлі адносін. Паказаць, навучыць і прызвы­чаіць дзяцей, як трэба добразычліва і цярпліва ставіцца да Дашы, узаемадзейнічаць з ёй, дапамагчы ёй першы раз выступіць на школьным свяце…

У адаптацыі адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з аўтызмам важная арганізацыя сацыяльна-бытавых умоў. Для Дашы было абсталявана асобнае працоўнае месца, структуравана дзейнасць на ўроку, перапынку, арганізаваны заняткі ў групе прадоўжанага дня. Суправаджальны выхавальнік дапамагаў Дашы прытрымлівацца раскладу, кантактаваць з аднагодкамі; настаўнік-дэфектолаг аказваў дапамогу ў адаптацыі вучэбнага матэрыялу. На практыцы, якія б ідэальныя ўмовы ні былі распрацаваны, станоўчы эфект будзе толькі ў тым выпадку, калі ў працэс іх рэалізацыі ўключаны ўвесь педагагічны і дзіцячы калектыў. Мерапрыемствы і класныя гадзіны, накіраваныя на фарміраванне талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі развіцця, прынеслі свае вынікі. Нават старшакласнікі ставяцца да Дашы з разуменнем і цярпеннем, аднакласнікі дапамагаюць ёй у вучобе і выкананні працоўных даручэнняў. З педагогамі школы ўвесь час праводзіцца метадычная работа. Педсаветы, семінары, работа метадычных аб’яднанняў, курсы павышэння кваліфікацыі накіраваны на павышэнне кампетэнтнасці ў пытаннях навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дадатковая адукацыя ўяўляе сабой унікальны рэсурс, які дазваляе дзіцяці з асаблівасцямі знайсці найбольш цікавы для яго занятак. Здольнасці Дашы да выяўленчай дзейнасці заўважылі яшчэ ў пачатковай школе. Чатыры гады назад дзяўчынка стала наведваць заняткі па інта­рэсах “Выяўленчае мастацтва”. Педагог Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Ючкавіч змагла дапамагчы раскрыцца таленту дзіцяці. Даша ўдзель­нічала ў абласных конкурсах “Права на дзяцінства”, “Мамін клопат”. Яна з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённага фестывалю дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі “Сонечнае кола”, міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Залюстэр’е” ў намінацыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастац­тва”. У мінулым годзе ў школе была арганізавана персанальная выстава Дашыных малюнкаў “Я люблю гэты свет”. А на міжнародным дыстанцыйным конкурсе інклюзіўнай мастацкай творчасці “Немагчымае магчыма” Даша заваявала дыплом ІІ ступені. Цяпер яе малюнкі прадстаўлены на абласным этапе 13-га рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Адным з удзельнікаў вучэбнага працэсу з’яўляецца сям’я. Сумесныя паездкі з маці па Беларусі ўносяць важкі ўклад у рэалізацыю магчымасцей дзіцяці, яго развіццё і сацыялізацыю. Зараз Даша асвойвае праграму 7 класа дапаможнай школы, актыўна ўдзельнічае ў школьным жыцці, паспяхова рэалізуе сябе ў творчасці. 

Пастаўленая кіраўніком установы задача паспяхова рэалізавана, што, безумоўна, з’яўляецца заслугай усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Аксана ДУЛІНЕЦ, 
намеснік дырэктара Докшыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.