Камандны стыль работы, адказнасць і дзяржаўны падыход

Вынікі комплекснага вывучэння дзейнасці ўпраўлення адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, устаноў адукацыі ў 2017 годзе і задачах па павышэнні эфектыўнасці работы органаў кіравання адукацыяй Віцебшчыны ў 2018 годзе падведзены на пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта. У рабоце прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, намеснікі старшынь і начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гарадскіх (раённых) выканаўчых камітэтаў і адміністрацый раёнаў, дырэктары ўстаноў адукацыі, лепшыя педагогі, прадстаўнікі арганізацый-партнёраў і структур, з якімі цесна супрацоўнічае сістэма адукацыі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома падкрэсліў: мінулы год быў знамянальны правядзеннем Рэспубліканскага педагагічнага савета з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе былі вызначаны канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі. Для Віцебшчыны знакавай падзеяй стала перамога настаўніцы Баравухскай школы № 15 Наваполацка Святланы Румянцавай у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Работа кіраўнічай вертыкалі вобласці па забеспячэнні якасці адукацыі, стварэнні бяспечных умоў вывучана камісіямі дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Пытанні развіцця сістэмы адукацыі разгледжаны на пасяджэннях прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, абласнога выканаўчага камітэта, калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Намаганні органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі ў 2017 годзе былі накіраваны на забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі. Выкананы асноўныя паказчыкі якасці дашкольнай адукацыі: 100% дзяцей ахоплены падрыхтоўкай да школы, на працягу шэрага гадоў паказчык дзіцячага захворвання ніжэйшы за рэспубліканскі, праводзіцца сістэмная работа па забеспячэнні ўстаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі, якія маюць адукацыю па профілі “Педагогіка дзяцінства”. Развіваюцца новыя формы дашкольнай адукацыі, урэгуляваны парадак падвозу выхаванцаў уведзены ў эксплуатацыю 2 дзіцячыя сады ў Оршы і Глыбокім на 400 месцаў, адкрыты 848 дадатковых дашкольных месцаў. Нарматыў забяспечанасці дзяцей месцамі склаў 98,2 працэнта.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі колькасць навучэнцаў павысілася на 1030 чалавек, прыкметна павялічылася сярэдняя напаўняльнасць устаноў і класаў у гарадской і сельскай мясцовасці. Аптымізавана сетка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, на 241,4 рубля зніжаны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ўтрыманне аднаго дзіцяці, набыта 77 аўтобусаў для падвозу дзяцей.

Установы агульнай сярэдняй адукацыі забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі: 78,9 працэнта педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. На выпускных экзаменах адзначаецца станоўчая дынаміка высокага і дастатковага ўзроўню ведаў вучняў 9 і 11 класаў; атрымана 70 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 3 медалі міжнародных алімпіяд. Палепшыліся вынікі ўдзелу ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (у 2017 годзе — 14, у 2016 годзе — 11 дыпломаў).

Прымаюцца меры, накіраваныя на паляпшэнне якасці харчавання навучэнцаў, прафілактыку сямейнай непаспяховасці і сацыяльнага сіроцтва, далучэнне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Паказчык забяспечанасці ўстаноў адукацыі спартыўным інвентаром і абсталяваннем павысіўся на 11 працэнтаў. Зборныя каманды вобласці сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў у зімовым і летнім мнагаборствах. Для забеспячэння занятасці дзяцей у выхадныя дні і вячэрні час створаны праграмы, праекты арганізацыі суботняга дня, аптымізаваны рэжым работы аб’яднанняў па інтарэсах, пашырана сфера супрацоўніцтва з установамі культуры, сацыяльнымі інстытутамі, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. Павялічылася колькасць аб’яднанняў, якія працуюць у вячэрні час, на 23 працэнты, у суботу — на 19, у нядзелю — на 22 працэнты. Аказваецца ўсебаковая педагагічная падтрымка дзiцячым i маладзёжным аб’яднанням, развіццю дзіцячага парламентарызму. Ва ўстановах дадатковай адукацыі Оршы, Віцебска, Полацка, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў развіваецца адукацыйная робататэхніка.

Праведзены мерапрыемствы па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, удасканаленні іх матэрыяльнай базы, дзевяць устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэарганізаваны ў чатыры. Спынены прыём па 45 кваліфікацыях, у тым ліку па 26 — з прычыны неабходнасці чаргавання падрыхтоўкі, па 11 — з-за адсутнасці ў неабходнай колькасці заказу на падрыхтоўку рабочых, па 8 — у сувязі з прафілізацыяй падрыхтоўкі. Варта адзначыць, што ва ўстановах, якія ажыццяўляюць навучанне па праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, плануецца адкрыццё падрыхтоўкі па 49 запатрабаваных кваліфікацыях.

Разам з тым у рабоце органаў кіравання адукацыяй маюць месца асобныя недахопы і нявыкарыстаныя рэзервы. З 2015 года назіраецца рост няшчасных выпадкаў з дзецьмі. Неабходны замена зношанага і маральна састарэлага абсталявання ва ўстановах і на іх тэрыторыях, набыццё цацак, гульнявога, вучэбнага і лабараторнага абсталявання. Па-ранейшаму недастаткова педагогаў, якія маюць адукацыю па профілі “Педагогіка дзяцінства”. Выклікаюць занепакоенасць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, работа асобных гімназій, дынаміка развіцця сучасных напрамкаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў некаторых раёнах. Застаюцца актуальнымі пытанні арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, адкрыцця платных аб’яднанняў і гурткоў. Усе праблемныя пытанні знаходзяцца на кантролі і вырашаюцца.

— Прыярытэтныя задачы, над выкананнем якіх працавалі кіраўніцкая вертыкаль і педагагічныя калектывы і якія будуць для нас асноўнымі на 2018—2020 гады, — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці, павышэнне якасці адукацыі, фарміраванне кадравага патэнцыялу, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, выбудоўванне аптымальнай сеткі ўстаноў, прафесійная арыентацыя навучэнцаў на атрыманне прафесіі, — адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. — Дасягнуць пастаўленай мэты рэальна, але гэта патрабуе дзяржаўнага падыходу і каманднага стылю работы.

Як старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома выказаў вялікую ўдзячнасць за зладжаную арганізацыйную работу акружных і ўчастковых тэрытарыяльных камісій, дзе большасць членаў і старшынь з’яўляюцца прадстаўнікамі сістэмы адукацыі.

Аб выніках супрацоўніцтва праваахоўных органаў з рэгіянальнай сістэмай адукацыі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў (сярод падлеткаў яна знізілася на 27 працэнтаў) праінфармаваў старшы памочнік пракурора вобласці Антон Волкаў. Вопытам работы з адоранымі навучэнцамі падзяліліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава і дырэктар Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Віктар Жук. Аб рабоце педагагічнага калектыву па забеспячэнні якасці адукацыі ва ўмовах мадэрнізацыі ўстановы адукацыі расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 Дуброўна Іна Мартынава. Актуальным пытанням дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, прафесійнай арыентацыі моладзі былі прысвечаны выступленні начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Ігара Кіруценкі і дырэктара Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельгасвытворчасці Аляксандра Якубава.

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін падзякаваў педагогам Віцебшчыны за плённую выніковую працу і ўручыў узнагароды найлепшым. За актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” падзячнымі лістамі намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко адзначаны начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Валерый Кунашка і дырэктар дзіцячага дома Віцебска Наталля Культэнка. Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Дубровенскага райвыканкама Ірына Кантроўская і Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава, дырэктар Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці імя Л.М.Даватара Аляксандр Пашкевіч. Падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М.М.Шарснёва аб’яўлена начальнікам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэю Загурскаму, Віцебскага райвыканкама Вользе Разанавай, Докшыцкага райвыканкама Дзмітрыю Парцянку; дырэктару Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзю Сіняўскаму, дырэктару Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Віктару Жуку. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” Дзмітрый Хома ўрачыста перадаў настаўніку рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Наваполацка Алене Ратомскай. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана намеснік дырэктара Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава Марына Цынгалёва, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Лепеля Аліна Корсак. Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі адзначаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама, Чашніцкага, Браслаўскага, Полацкага райвыканкамаў, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж, гімназія № 8 Віцебска і дырэктар Дубровенскага ліцэя сельгасвытворчасці Аляксандр Азаранка. Шэраг прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці рэгіёна атрымалі ўзнагароды абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.