Напэўна, няма ў свеце такога гісторыка-краязнаўца, які б не марыў пабываць каля знакамітага Стоўнхэнджа, не спяшаючыся абысці вакол велічных доўгіх камянёў і прапанаваць навуковай грамадскасці сваю версію паходжання і першапачатковага прызначэння сусветнавядомага аб’екта… Напэўна, няма ў Бялыніцкім раёне такога гісторыка-краязнаўца, які б не пабываў у ваколіцах вёскі Заазер’е каля велічнага каменнага крыжа і парослых імхом валуноў і не прапанаваў бы сваю версію адносна паходжання і першапачатковага прызначэння ўнікальнага беларускага стоўнхэнджа.
Дзівосны аповед
Колькі на Беларусі гарадоў, вёсак — падлічана. Колькі азёр, рэк, помнікаў гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны — таксама. А вось колькі вялізных, заімшэлых валуноў паважна ляжаць у пушчах і лясах, на ўзбочынах дарог і сярод палёў, ніхто з нас дакладна не ведае. Канечне, некаторыя валуны ахоўваюцца дзяржавай, ёсць і адпаведная статыстыка. Аднак улічана толькі невялікая частка той агромністай валуновай спадчыны, да якой мы павінны адносіцца з не меншай пашанай, чым да гарадзішчаў або курганоў. Менавіта камяні не горш за археалагічныя знаходкі здольны раскрыць таямніцы нашага мінулага. Выдатны прыклад — знакамітыя Барысавы камяні. Валуны можна лічыць і помнікамі архітэктуры, і помнікамі пісьменства, і помнікамі прыроды, і помнікамі гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Можна… Аднак большасць з іх нікому не патрэбныя, нікім не заўважныя задуменна слухаюць у адзіноце на працягу стагоддзяў шапаценне лістоты дрэў і траў, старэюць, пакрываюцца мохам. Шмат чаго ведаюць старыя валуны, шмат таямніц могуць раскрыць. Трэба толькі навучыцца слухаць іх дзівосны аповед.
Краязнаўчы шок
У Бялыніцкім раёне мову валуноў ведаюць усе краязнаўцы, сярод якіх нямала і настаўнікаў. А пачалося актыўнае вывучэнне незвычайнага мовазнаўства ў 2008 годзе, пасля таго, як удзельнікі гісторыка-краязнаўчага гуртка Эсьмонскага дзіцячага сада — сярэдняй школы падчас чарговага летняга паходу вырашылі адпачыць на ўскрайку лясной дарогі і прыселі на шырокі, урослы ў зямлю валун. Пільныя краязнаўчыя вочы адразу заўважылі мноства меншых па памерах камянёў, якія былі нібыта кімсьці раскіданы побач у адмысловым парадку. Эсьмонскія вучні і кіраўнік гуртка настаўніца гісторыі Таццяна Дзмітрыеўна Шастак, як цяпер модна гаварыць, былі проста ў шоку — у краязнаўчым шоку. На камянях красаваліся то крыжы, то кружочкі, то ломаныя лініі, а па форме камяні нагадвалі розных істот. Але галоўную цікавасць выклікаў самы вялікі камень, той, на якім вучні адпачывалі. Зарослы мохам, папараццю, ён нібыта прасіўся, каб яго паднялі з зямлі. На наступны дзень настаўніца звярнулася ў мясцовае лясніцтва, і з дапамогай тэхнікі просьба валуна была выканана. Краязнаўчы шок, які апанаваў настаўніцу і вучняў некалькі дзён назад, быў нічым у параўнанні з тым новым шокам, які яны адчулі, калі над зямлёй, нібыта старадаўні волат, узняўся каменны крыж.
Версіі, версіі…
Ваколіцы Заазер’я сталі месцам краязнаўчага паломніцтва. Тут былі і вучоныя, і журналісты, і настаўнікі — усе, каго зацікавіла інфармацыя пра ўнікальную знаходку. І кожны выказваў сваю версію адносна з’яўлення сярод балот каменнага волата і яго меншых каменных братоў. Па словах Таццяны Дзмітрыеўны, найбольш папулярныя пяць версій. Самыя распаўсюджаныя першыя тры, якіх прытрымліваюцца мясцовыя жыхары. Адны сцвярджаюць, што тут даўней хавалі заазерцаў. Адразу ж узнікае пытанне: навошта ставіць такі масіўны крыж на звычайных вясковых могілках? Яшчэ лічаць, што падчас Паўночнай вайны, калі шведскія войскі адступалі праз гэты край, тут адбыўся бой, падчас якога быў забіты адзін са шведскіх генералаў. На яго магіле, маўляў, і паставілі вялізны крыж, а на магілах салдат — звычайныя камяні. Аднак такая ж версія тычыцца і французаў, якіх з Бялынічаў гнаў атрад Дзяніса Давыдава. Значыць, і гэтыя меркаванні памылковыя. Большасць краязнаўцаў Бялыніччыны (сярод іх і рэдактар раённай газеты “Зара над Друццю” Міхась Аляксеевіч Карпечанка, і мой праваднік Таццяна Дзмітрыеўна) лічаць, што на гэтым месцы некалі знаходзілася капішча ў гонар багіні Мажаны. А вось крыж першапачаткова быў ідалам, які ў часы хрысціянізацыі краю быў абсечаны і набыў сучасную форму. Гэта пацвярджаюць шматлікія сколы на камені.
— Усяго вакол цэнтральнага крыжа знойдзена 320 камянёў. У зямлі яшчэ захоўваецца прыкладна такая ж колькасць. Версію аб капішчы пацвярджае і шурфаванне, праведзенае навукоўцамі. Чалавечыя косткі не былі знойдзены, значыць, гэта не могілкі. Версію аб капішчы падтрымалі і мае калегі — удзельнікі сёлетніх рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў у Жлобіне. А гэта не дылетанты, гэта людзі, якія ўсё сваё жыццё займаюцца вывучэннем роднага краю. Маё выступленне нікога не пакінула абыякавым, па кожным здымку прэзентацыі вялася актыўная дыскусія, — паведаміла Таццяна Дзмітрыеўна.
Па словах настаўніцы, камяні з’явіліся ў лясным масіве не проста так. Калі стаць спінай да крыжа, то непадалёк на паўночным захадзе знаходзіцца больш за сотню славянскіх курганоў Х—ХІІІ стагоддзяў. На паўночным усходзе — славянскае гарадзішча ХІІІ стагоддзя. У другім баку крыжа — таксама гарадзішча, а незвычайны беларускі стоўнхэндж — якраз паміж гэтымі помнікамі археалогіі. Лічыцца, што нашы продкі жылі на гарадзішчы, хавалі памерлых у курганах, а тут яны, адчуваючы набліжэнне смерці, замольвалі свае грахі.
— Звычайна тыя, хто сюды прыходзіць, прыхіляюцца да крыжа, закрываюць вочы і просяць нешта сваё — часцей здароўя. Камень нібыта прымае чалавечыя боль і праз зямлю перадае яго дрэвам. Звярніце ўвагу на сосны і бярозы, якія растуць каля самога каменя. Яны хворыя, хаця ўсе астатнія бліжэйшыя дрэвы здаровыя. Тут асаблівае месца, бо зямля і валуны нібыта забіраюць людскія хваробы. Нехта гаворыць, што тут моцнае энергетычнае поле, таму людзям, якія фізічна і псіхічна слабыя, а таксама дзецям лепш сюды не хадзіць. Лічыцца, што гэта жаночае капішча, і асабліва часта сюды прыходзілі жанчыны, у якіх былі праблемы з дзетараджэннем. Па меркаванні некаторых даследчыкаў, напрыклад, Янкі Крука і Аксаны Катовіч, на вось гэтым плоскім камені, што каля крыжа, жанчыны нараджалі будучых знахароў. Непадалёк камень з адбіткам лапы ваўка. Магчыма, гэта неяк звязана з міфамі пра ваўкалакаў. А вось знак галінкі, які па піктаграфіі сімвалізуе сувязь з раслінным светам. Каб выявы на камянях сталі больш заўважнымі, іх трэба паліць вадой. Калі гэта зрабіць, то на адным з валуноў дакладна праглядваецца выява чалавечка з лукам, — паведаміла Таццяна Дзмітрыеўна.
Як запэўніла настаўніца, калі прыглядзецца да крыжа здалёк, то можна заўважыць на яго верхняй частцы выяву галавы каня. Са славянскай міфалогіі вядома, што багіня Мажана ператваралася ў каня і часам з’яўлялася людзям, якія збіраліся адыходзіць у іншы свет, у выглядзе пярэстай кабылы. Ды і крыж крыжоў, які часта сустракаецца на заазерскіх камянях, на думку настаўніцы, — гэта сімвал багіні Мажаны.
Ісціна недзе побач
У журналістаў ёсць такое правіла: каб знайсці ісціну, трэба браць інфармацыю як мінімум з трох крыніц. У нашым выпадку першая крыніца — гэта меркаванне заазерцаў, другая — бялыніцкіх краязнаўцаў. У якасці трэцяй крыніцы возьмем меркаванне доктара гістарычных навук прафесара Ігара Аляксандравіча Марзалюка. На аснове фотаздымкаў ён выказаў думку, што тут тыповы сярэднявечны могільнік. Адзін з аргументаў — выявы васьміканцовых праваслаўных крыжоў. Не рэдкасць для падобных мясцін і выява чалавечка з лукам. Яшчэ гэта можа быць шляхецкае родавае пахаванне. Але ж пра шляхецкія маёнткі ў ваколіцах нічога не вядома… Адным словам, пытанні, версіі, а ісціна, як вядома, недзе побач.
Бялыніцкія стоўнхэнджы
Калі заазерскія валуны — гэта бялыніцкі стоўнхэндж-1, то не менш цікавыя ў краязнаўчым плане валуны, якія знаходзяцца каля вёскі Студзёнкі, можна назваць бялыніцкім стоўнхэнджам-2. Ёсць у раёне яшчэ і стоўнхэндж-3 і нават 4. Разгледзім іх па парадку. Вось ляжаць сабе валуны ціхамірна, нікога не чапаюць, людзі не звяртаюць на іх ніякай увагі. Ляжаць дзясятак гадоў, паўстагоддзя, стагоддзе, другое, трэцяе, чацвёртае… Ужо, здаецца, надзейна прыхаваліся ад людскога вока і ніколі не раскрыюць сваіх таямніц. Аднак у адзін цудоўны летні дзень 2013 года на гэтыя валуны, схаваныя пад густымі яловымі лапамі, натыкаюцца ўдзельнікі пошукавай групы “Следапыт” Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Па словах настаўніка гісторыі Свяцілавіцкай школы Анатоля Іванавіча Марозава, праведзеныя даследаванні, у тым ліку навукоўцамі, сведчаць, што гэта некропаль ХV—ХVІ стагоддзяў. Усяго на месцы старажытнага пахавання свяцілавіцкімі краязнаўцамі было налічана 22 заімшэлыя, урослыя ў зямлю камяні з
праваслаўнымі і каталіцкімі, а таксама лівонскімі крыжамі. На некаторых валунах сустракаюцца і кірылічныя надпісы, якія ўдалося расшыфраваць.
— Мы супаставілі ўсе факты і прыйшлі да высновы, што ў лесе пахаваны воіны князя Свідрыгайлы, якія загінулі ў часы Грамадзянскай вайны 1432—1439 гадоў. У той час нашы землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Рускага. Пасля паражэння войскаў Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам 1 верасня 1435 года барацьба працягвалася. Полацк, Віцебск, Мсціслаў, іншыя землі на ўсходзе Беларусі аказвалі ўпартае супраціўленне Жыгімонту. Магчыма, пасля нейкай сутычкі з прыхільнікамі Жыгімонта ў лесе каля Студзёнкі і з’явілася гэтае пахаванне, — паведаміў Анатоль Іванавіч.
Трэці бялыніцкі стоўнхэндж створаны ў найноўшы час на месцы спаленай 22 снежня 1942 года карнікамі вёскі Стэфанова. Там, дзе некалі былі вясковыя вуліцы, цяпер ляжаць валуны з шыльдачкамі, на якіх пазначаны прозвішчы і ініцыялы загінуўшых. Кожны з валуноў сімвалізуе асобную сям’ю. Даглядаюць мемарыял настаўнікі і вучні Свяцілавіцкай школы. Наогул, за ўстановай адукацыі замацавана 13 помнікаў, якія нагадваюць пра трагічныя часы Вялікай Айчыннай вайны. Раскіданы помнікі па мікрараёне школы на адлегласці да 25 кіламетраў. Канечне, догляд іх — складаная справа не толькі фізічна, але і матэрыяльна. Фізічна настаўнікі і вучні яшчэ спраўляюцца, а вось матэрыяльна — не заўсёды. І гэтая праблема актуальная не толькі для Бялыніцкага раёна.
Вернемся да нашых стоўнхэнджаў. На чарзе нумар чатыры. Знаходзіцца ён за 2 кіламетры ад Свяцілавіч каля вытоку рачулкі Свяцілаўкі. На думку Анатоля Іванавіча Марозава, валуны з’яўляліся ў даўнія часы паганскім свяцілішчам.
— Сёння некалькі вялікіх камянёў знаходзіцца на правым беразе ракі, непадалёк яе рэчышча, само ж свяцілішча было значна вышэй на ўзгорку, прыкладна за 70 метраў ад берага. Там мы з вучнямі знайшлі яшчэ некалькі валуноў. У цэнтры аднаго з іх — заглыбленне, магчыма, для ахвярапрынашэнняў. Былое свяцілішча з двух бакоў абворана і знаходзіцца пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі, захавалася толькі яго цэнтральная частка. Хутчэй за ўсё, падчас правядзення сельскагаспадарчых работ камяні звезлі з пагорка ўніз на бераг ракі. На адным з камянёў выбіта выява галавы рысі, а таксама шкілета рыбіны. Справа ў тым, што казачны сюжэт аб маці-рысі быў вельмі распаўсюджаны ў славянскай міфалогіі. Такім чынам, акрамя пакланення Перуну, на паганскім капішчы каля Свяцілавіч, магчыма, пакланяліся яшчэ і маці-рысі, — паведаміў Анатоль Іванавіч.
Белыя ночы
Але хопіць пра паганства. Калі гаварыць пра адметнасці гэтай зямлі, то нельга не сказаць і пра знакамітую цудадзейную бялыніцкую ікону Божай Маці, з якой звязана не толькі духоўнае жыццё краю, але і паходжанне назвы райцэнтра. Згодна з паданнем, пасля таго, як мангола-татарскія войскі Батыя захапілі Кіеў, некалькі манахаў узялі з сабой старадаўнюю візантыйскую ікону і адправіліся з ёй у лясы. Іх доўгі шлях ляжаў аж да высокага берага Друці. Тут манахі пабудавалі царкву ў гонар прарока Ільі і заснавалі манастыр. У першую ж ноч на новым месцы падарожнікі ўбачылі яркае святло, якое зыходзіла ад іконы. Незвычайная з’ява паўтаралася некалькі начэй запар, ад чаго яны станавіліся белымі. Адсюль і назва — Бялынічы. Дарэчы, бялыніцкая ікона ўшаноўваецца як праваслаўнымі, так і католікамі, уніятамі, а яе выява ўпрыгожвае сучасны герб гарадскога пасёлка.
(Не)турыстычныя аб’екты
У Год гасціннасці па ўсёй краіне, у тым ліку ва ўстановах адукацыі, актыўна распрацоўваюцца маршруты пешых, водных, веласіпедных падарожжаў па малой радзіме. Усё робіцца для таго, каб айчынным турыстам, а таксама гасцям з блізкага і далёкага замежжа было зручна знаёміцца са славутасцямі беларускай зямлі. У Бялыніцкім раёне сітуацыя крыху іншая. Хоць мясцовыя стоўнхэнджы і з’яўляюцца галоўнай адметнасцю краю, аднак настаўнікі і ўсе, каму неабыякава захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны роднай зямлі, асабліва не імкнуцца папулярызаваць гэтыя аб’екты. Іх жаданне можна зразумець, яно цалкам апраўдана. Калі да заазерскіх валуноў пракласці турыстычныя сцяжыны, расказаць пра крыж кожнаму аматару “культурнага” адпачынку, то праз год-другі вялікая колькасць валуноў ужо не будзе здавацца настолькі ўнікальнай у параўнанні з вялікай колькасцю пустых пластыкавых бутэлек. Верагодна, што ў хуткім часе ад сакральнага месца і каменя на камені не застанецца ў прамым сэнсе гэтых слоў. Так што няхай Бялыніцкая зямля і далей прыхоўвае свае таямніцы. А той, хто захоча іх раскрыць, заўсёды знойдзе час і магчымасці.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.