Камень у падмурак

- 10:25Навіны рэгіёнаў

У мікрараёне новабудоўляў Гомеля заклалі камень на месцы будаўніцтва новай школы. Юныя жыхары Хутара пакуль што ездзяць у розныя ўстановы сярэдняй адукацыі Гомеля, бо адна школа, якая знаходзіцца побач, не можа ўмясціць усіх, хто жадае ў ёй вучыцца. Пытанне пра новую школу ўздымалася не раз. Жыхароў 96-га мікрараёна Гомеля ўлады пачулі.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей расказаў, што будучая школа разлічана на 845 месцаў. Гэта новы, сучасны, цікавы праект. Плануецца, што ў школе будуць асобныя блокі для пачатковых класаў, а таксама сярэдняга звяна і старшых вучняў. Прадугледжваецца цэнтральны блок з адміністрацыяй, бібліятэкай і гардэробамі. У спартыўнай частцы будынка ўладкуюць не толькі залы, але і басейн, а на тэрыторыі размесціцца стадыён, футбольнае поле, пляцоўкі для валейбола і баскетбола, гімнастычных заняткаў і інш. Запланаваны зоны для варкаўта, вулічных трэнажораў, адпачынку і гульняў школьнікаў і нават пляцоўка для вольнага часу бацькоў з дзецьмі-дашкольнікамі. У новай установе створаць безбар’ернае асяроддзе. Завяршыць работу над праектам плануецца ў лістападзе. Пасля гэтага пачнецца будаўніцтва школы, падмурак якой мяркуецца закласці ўжо сёлета.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.