Каменьчыкі Марблс у працы дэфектолага

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Пытанне развіцця дробнай маторыкі ў дзяцей дашкольнага ўзросту даволі актуальнае. Яе ўзровень — адзін з паказчыкаў, які забяспечвае развіццё агульных і спецыяльных здольнасцей да розных відаў дзейнасці і творчасці. Работу па развіцці дробнай маторыкі трэба пачынаць задоўга да паступлення ў школу, а менавіта з самага ранняга ўзросту.

У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення развіццё дробнай маторыкі мае свае асаблівасці. Гэта выяўляецца ў недастатковай каардынацыі пальцаў рук, напрыклад пры расшпільванні гузікаў, завязванні шнуркоў. Слабае развіццё маторыкі адбіваецца на ўсіх відах дзейнасці.

Часцей за ўсё, калі развіццё дробнай маторыкі адпавядае ўзросту, то i моўнае развіццё знаходзіцца ў межах нормы. Калі ж развіццё рухаў пальцаў адстае, затрымліваецца i моўнае развіццё, хоць агульная маторыка пры гэтым можа быць захавана і нават пераўзыходзіць норму.

На сённяшні дзень існуе мноства метадаў і прыёмаў, з дапамогай якіх можна рэгуляваць працэс развіцця дробнай маторыкі дашкольнікаў. Прак­тыка паказала, што традыцыйныя гульні і практыкаванні не заўсёды выклікаюць цікавасць у выхаванцаў з маўленчай паталогіяй, таму ў сваёй рабоце я часцей ужываю нетрадыцыйны метад — выкарыстанне каменьчыкаў Марблс.

Пры выкарыстанні каменьчыкаў Марблс у дзяцей становіцца больш устойлівай фіксацыя позірку, паляпшаецца цэласнае ўспрыманне, пашыраюцца прадметныя ўяўленні. У дзяцей узбагачаецца слоўнікавы запас, развіваюцца ўвага, памяць і мысленне. Каменьчыкі Марблс развіваюць хуткасць і дакладнасць рухаў, а розныя адценні шкляных каменьчыкаў абуджаюць у малых пачуццё прыгожага. З іх дапамогай я дыягнастую эмацыянальную сферу дзіцяці, выяўляю яго праблемы і ў далейшым вырашаю іх. Усе заняткі накіраваны на развіццё мыслення, увагі, памяці, маўлення.

У сваёй працы я прытрымліваюся шэрага асноўных прынцыпаў. Першы з іх — даступ­насць і індывідуальнасць заняткаў. Сваёй галоўнай задачай бачу спазнанне асобасных асаблівасцей кожнага дзіцяці, падбор метадаў індывідуальнай работы з кожным з іх. Матэрыял павінен быць зразумелы і даступны. Не менш важным лічу прынцып паслядоўнасці і сістэматычнасці. Для развіцця дробнай маторыкі паслядоўнасць абавязковая. Заняткі праходзяць 2—3 разы на тыдзень, а ў вывучэнні матэрыялу мы ідзём ад простага да складанага. Вялікую ролю адыгрывае таксама прынцып нагляднасці. Абапіраючыся на псіхалогію, узроставыя асаблівасці дзяцей дашкольнага ўзросту, нагляднасць дапамагае ствараць сувязь паміж прадметамі або з’явамі рэчаіснасці і словамі, якія іх абазначаюць.

Для рэалізацыі задачы па фарміраванні і ўдасканаленні правільнага захопу каменьчыка я выкарыстоўваю такія гульні, як “Каралі”, “Чароўны кошык”, “Крыжыкі-нулікі”, “Чапля”, “Сар­таванне”. На гэтым этапе асаблівую ўвагу ўдзяляю фарміраванню ў дзіцяці “пінцэтнага захопу”, што ў далейшым неабходна для падрыхтоўкі рукі да пісьма.

На наступным этапе вя­дзецца работа па фарміраванні ў дзяцей умення пераключацца з выканання статычных практыкаванняў на дынамічныя. У гэтым дапамагаюць практыкаванні “Лепім разам”, “Пальчык-асілак”, “Масаж пальчыкаў”. Калі першапачаткова малыя маюць цяжкасці пры выкананні дынамічных прак­тыкаванняў, то ў працэсе работы іх рухі становяцца больш выразнымі, дыферэнцыраванымі.

Такія практыкаванні, як “Каляровыя вяровачкі”, “Зрокавая памяць”, “Маляванне”, спрыя­юць паляпшэнню ў дзяцей каардынацыі і дакладнасці рухаў рук і вачэй. У працэсе іх выканання акрамя развіцця дробнай маторыкі фарміруюцца паняцці аб колеры, даўжыні, таўшчыні, а таксама ўменне рэфлексаваць сваю дзейнасць.

На этапе ўдасканалення ўмення адначасова выкон­ваць рухі пальцамі абедзвюх рук я выкарыстоўваю практыкаванні “Знайдзі звярка”, “Зрабі па прыкладзе”. Пры гэтым дзецям прапануецца здзяйсняць рухі адначасова абедзвюма рукамі, насыпаючы, перакладваючы, сартуючы каменьчыкі. Падчас гэтых гульняў мы развіваем не толькі дробную маторыку, але і ўвагу, зрокава-рухальную каардынацыю, замацоўваем лексічны матэрыял.

Праца па фарміраванні ў дзяцей прасторавых уяўленняў уключае арыенціроўку ў трохвымернай і двухвымернай прасторы. Галоўным тут з’яўляецца выкананне ўмела падабраных практыкаванняў, заданняў-даручэнняў, заданняў-гульняў з каменьчыкамі. Развіццё прас­торавых уяўленняў у дзяцей адбываецца ў розных напрамках з паступовым ускладненнем заданняў.

Акрамя развіцця дробнай маторыкі, на сваіх занятках з ужываннем каменьчыкаў Марблс я вырашаю і іншыя задачы. На­п­рыклад, фармірую і замацоўваю здольнасць дзяцей дыферэнцыраваць колеры і іх адценні. Падчас гэтай работы выкарыстоўваю натуральныя формы і суадношу іх з каменьчыкамі Марблс. Дзеці звязваюць колер з вобразам прадмета: зялёны — трава, елка; жоўты — сонейка, кураня; сіні — мора. Часта прымяняю для гэтага гульні “Каляровыя вяровачкі”, “Збяры пару”.

Таксама з дапамогай каменьчыкаў Марблс вучу дашкольнікаў колькаснаму і парадкаваму лічэнню. Трэніруючыся ў парадкавым лічэнні, дзеці вызначаюць месца каменьчыка сярод іншых, размяшчаюць іх у пэўным парадку. Каменьчыкі Марблс дапамагаюць і ва ўзбагачэнні слоўнікавага запасу, у развіцці фразавага маўлення. На занятках па навучанні грамаце з дапамогай рознакаляровых каменьчыкаў фармірую ў дзяцей правільны вобраз літары. Да­школьнікі па ўзоры, а затым самастойна выкладваюць з каменьчыкаў розныя літары. Акрамя гэтага, каменьчыкі выкарыстоўваю і пры індывідуальнай рабоце па аўтаматызацыі і ды­ферэнцыяцыі гукавымаўлення.

Вопыт работы паказвае, што выкарыстанне каменьчыкаў Марблс спрыяе развіццю дробнай маторыкі ў дзяцей да­школьнага ўзросту. Дзеці маёй групы ў працэсе карэкцыйных заняткаў навучыліся правільнаму захопу каменьчыкаў, іх рухі сталі больш скаардынаванымі, дакладнымі. Дашкольнікі без цяжкасцей пераключаюцца з выканання статычных практыкаванняў на дынамічныя. Палепшыліся каардынацыя і дакладнасць рухаў рук і вачэй. У працэсе выканання практыкаванняў акрамя развіцця дробнай маторыкі ў малых сфармаваліся паняцці аб колеры, даўжыні, таўшчыні. Дашкольнікі навучыліся выконваць рухі адначасова абедзвюма рукамі, у іх сфарміраваліся прасторавыя ўяўленні. Дзеці навучыліся арыентавацца ў схеме ўласнага цела, у прасторы і на лісце паперы.

Спалучэнне гульні з каменьчыкамі і практыкаванняў па ка­рэкцыі гукавымаўлення дазваляе значна павысіць эфектыўнасць карэкцыйна-педагагічнай дзейнасці ва ўмовах дашкольнай установы, а таксама аптыміза­ваць выкананне маўленчых прак­тыкаванняў у хатніх умовах. Такім чынам, мэтанакіраваная, сіс­тэматычная і планамерная работа па развіцці дробнай маторыкі рук у дзяцей дашкольнага ўзросту з маўленчымі парушэннямі праз выкарыстанне каменьчыкаў Марблс не толькі спрыяе фарміраванню каардынаваных рухаў пальцаў рук, але і станоўча ўплывае на развіццё інтэлектуальных здольнасцей і маўлення, а яшчэ дабратворна адбіваецца на эмацыянальным фоне дзіцяці.


Картатэка гульняў з ужываннем каменьчыкаў Марблс

1. “Знаёмства з літарай”.

Мэта: замацаванне вобраза вывучаемай літары; развіццё дробнай маторыкі рук.

Апісанне гульні: дзіця па ўзоры, а затым самастойна выкладвае з каменьчыкаў зададзеную літару.

2. “Вясёлы лік”.

Мэта: развіццё дробнай маторыкі рук; удасканаленне ўмення лічыць; фарміраванне ўмення дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў.

Апісанне гульні: дзіця выкладвае столькі каменьчыкаў, колькі: лап у ката; вачэй у сабакі. Пры гэтым дапасоўвае назоўнікі да лічэбнікаў.

3. “Казка”.

Мэта: аўтаматызацыя мяккіх і цвёрдых гукаў; ды­ферэнцыяцыя цвёрдых і мяккіх зычных гукаў.

Апісанне гульні: мы выкарыстоўваем каменьчыкі Марблс і карты з сюжэтам; дзіця павінна прагаварыць склады за лагапедам і выкласці каменьчыкі аднаго колеру на цвёрдыя склады, іншага колеру — на мяккія.

4. «Каралі».

Мэта: фарміраванне і ўдасканаленне правільнага захопу каменьчыка; аўтаматызацыя мяккіх і цвёрдых гукаў.

Апісанне гульні: дзіця паўтарае склады за лагапедам і збірае каралі. Да­школьніку неабходна назваць словы з цвёрдым і мяккім гукам і сабраць каралі.

5. “Чароўныя клумбы”.

Мэта: аўтаматызацыя гукаў.

Апісанне гульні: Чырвоная Шапачка пасадзіла на клумбах кветкі. Дзіця павінна прыдумаць, якія кветкі з вызначаным гукам пасадзіла Чырвоная Шапачка, і выкласці каменьчыкамі “клумбы з кветкамі”.

6. “Каляровыя вяровачкі”.

Мэта: развіццё дробнай маторыкі праз маляванне з выкарыстаннем каменьчыкаў, фарміраванне паняцця аб колеры, даўжыні, таўшчыні.

Апісанне гульні: дзіця суадносіць каменьчыкі Марблс з вызначаным колерам вяровачкі, таксама дашкольнік па ўзоры робіць малюнак з вяровачкі, а затым выкладвае каменьчыкі зверху па контуры.

7. “Зрокавая памяць”.

Мэта: развіццё зрокавай памяці.

Апісанне гульні: адно з дзяцей выкладвае паслядоўнасць з 4—5 каменьчыкаў, астатнія глядзяць і запамінаюць. Потым паўтараюць па памяці.

8. “Знайдзі звярка”.

Мэта: развіццё дробнай маторыкі; фарміраванне звязнага маўлення.

Апісанне гульні: у ёмістасць насыпаем каменьчыкі Марблс і хаваем у іх маленькія фігуркі жывёл. Дзіця запускае руку ў ёмістасць з каменьчыкамі і знаходзіць фігурку навобмацак. Выцягваючы, называе жывёлу і расказвае пра яе: дзе жыве, чым сілкуецца.

9. “Лепім разам”.

Мэта: фарміраванне ў дзяцей умення пераключацца з выканання статычных практыкаванняў на дынамічныя, мяняць сілу націску.

Апісанне гульні: малышу неабходна ўціснуць у пластылін ці гліну гладкія каменьчыкі. Таксама можна зляпіць фігуру і ўпрыгожыць яе каменьчыкамі.

10. “Чароўны кошык”.

Мэта: замацаванне паняцця аб колеры, узбагачэнне слоўнікавага запасу.

Апісанне гульні: дзіця дастае з кошыка па адным шарыку, называе яго колер і пералічвае, што яшчэ можа мець такі колер (напрыклад, жоўты — сонейка, лімон; чырвоны — памідор, клубніцы).

11. “Маляванне”.

Мэта: замацаванне літар і лічбаў.

Апісанне гульні: дзіця па ўзоры, а затым самастойна малюе з дапамогай каменьчыкаў літары і лічбы. Гэта можна рабіць і па загадзя намаляваным контуры.

Наталля СТАРЧАНКА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 82 Магілёва.