Каменскія сувеніры для “Міс свету”

Выхаванцы Каменскай дапаможнай школы-інтэрната падрыхтавалі сувеніры для ўдзельніц конкурсу “Міс свету — 2018”.

Ідэя падарыць удзельніцам незвычайныя сувеніры, вырабленыя рукамі асаблівых дзяцей, з’явілася ва ўладальніцы тытула “Міс Беларусь — 2018” Марыі Васілевіч падчас наведвання ўстановы спецыяльнай адукацыі. Першая прыгажуня краіны шчыра пагутарыла з выхаванцамі школы-інтэрната, азнаёмілася з умовамі іх пражывання і навучання.

Дарэчы, яны адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. Дзеці не толькі атрымліваюць ва ўстанове якасную адукацыю, але і могуць рэалізаваць свае здольнасці і таленты. У школе-інтэрнаце функцыянуюць разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах, дзе кожны выхаванец можа знайсці занятак па душы.

— Нашы дзеці актыўна наведваюць спартыўныя секцыі. Карыстаюцца папулярнасцю ў іх і розныя творчыя гурткі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спяваюць, танцуюць, майструюць розныя вырабы. Два гады назад наша ўстанова была адзначана прызавым дыпломам Рэспубліканскага конкурсу “Вясёлкавы карагод” у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Менавіта навучэнцы, якія наведваюць аб’яднанне “Сваімі рукамі”, па даручэнні Марыі Васілевіч, вырабілі брошкі-сэрцы для ўдзельніц конкурсу “Міс свету — 2018”. Першыя падарункі нашы выхаванцы рабілі разам з Марыяй, астатнія сувеніры рыхтавалі самі. Усяго навучэнцы зрабілі 130 сэрцаў, своеасаблівых сімвалаў любові і дабра. Кожнае з іх асаблівае, непадобнае на іншыя, — расказаў дырэктар школы-інтэрната Леанід Мікалаевіч Краўчанка.

Такімі незвычайнымі падарункамі-сувенірамі беларуская прыгажуня хоча прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем самарэалізацыі і сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена ўстановай адукацыі.