Камертон духоўнасці

- 10:52Актуально, Апошнія запісы

Днямі ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы з мэтай абмеркавання новых кірункаў далейшага супрацоўніцтва ў пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў.

У сустрэчы прынялі ўдзел міністр адукацыі І.В.Карпенка, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей А.А.Румак, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці В.А.Лісковіч, старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма-помніка, протаіерэй Фёдар Поўны, а таксама прадстаўнікі розных дзяржаўных арганізацый.

— Сумесная работа Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы мае даўнія традыцыі. Праваслаўна-хрысціянскія прынцыпы будовы свету і грамадства маюць неацэнныя адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці, — адзначыў Ігар Карпенка. — Стратэгічнымі напрамкамі нашага супрацоўніцтва з’яўляюцца: духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, сямейнае выхаванне, заснаванае на ўмацаванні традыцыйнага інстытута сям’і, вывучэнне гістарычна-культурнай, духоўнай і матэрыяльнай спадчыны і іншыя кірункі. У рамках рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва ажыццяўляюцца мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, фарміраванні ў моладзі грамадзянска-патрыятычных якасцей, праводзяцца навукова-даследчыя канферэнцыі, семінары, педагагічныя чытанні, прысвечаныя пытанням вывучэння гісторыі рэлігіі, рэалізуецца праграма факультатыўных заняткаў эксперыментальных і інавацыйных праектаў.

Па словах міністра адукацыі, зацверджаны новы склад каардынацыйнага савета, які будзе сістэмна і мэтанакіравана працаваць і вызначаць стратэгію і перспектывы развіцця супрацоўніцтва, ініцыіраваць правядзенне асабліва значных мерапрыемстваў і знаходзіць агульныя падыходы ў спрэчных пытаннях.

У рамках рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва ладзіцца таксама павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў, право­дзяцца семінары для спецыялістаў адукацыі па арганізацыі факультатыўных заняткаў і пазаўрочных мерапрыемстваў, накіраваных на вывучэнне культурнай спадчыны краіны. Гаворачы пра эфектыўнасць духоўна-маральнага, патрыятычнага выхавання, Ігар Карпенка заявіў, што вынік напрамую залежыць ад прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў: “Заўсёды ў цэнтры ўвагі знаходзяцца пытанні якаснай прафесійнай падрыхтоўкі педагагічных работнікаў, якія адказваюць за выхаванне навучэнцаў на духоўна-маральных традыцыях, фарміраванне патрыятызму і грамадзянскасці, любові і павагі да гісторыі, культуры і традыцый сваёй краіны”.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падкрэсліў, што школа і царква маюць шмат агульных поглядаў і падыходаў у сваіх выхаваўчых мэтах. “Праваслаўная царква аказвае актыўную падтрымку ўстановам адукацыі ў выхаванні асобы і гатова прыкладаць яшчэ больш намаганняў для вырашэння гэтай задачы, якая ўключае ў сябе таксама фарміраванне здаровага ладу жыцця, умацаванне сямейных каштоўнасцей, дапамогу дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, — па­тлумачыў ён. — Сумесная работа сям’і, школы, грамадства і царквы падахвочвае нас да пошуку новых форм узаемадзеяння”.

У сваю чаргу старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны прапанаваў усім прадстаўнікам сістэмы адукацыі наведваць храм-помнік у гонар Усіх Святых, бо, на яго погляд, з дапамогай візуалізацыі вобразаў і эмацыянальнага ўздзеяння храма можна прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення да гісторыі роднага краю, духоўных і культурных традыцый народа. “Мы плануем падаваць інфармацыю, адаптаваўшы яе пад розны статус і ўзрост наведвальнікаў, — адзначыў ён. — Акрамя таго, збіраемся абнавіць школьны факультатыў, на які дзеці будуць прыходзіць не навучацца, а спазнаваць новае і саміх сябе, а таксама плануем правесці серыю семінараў па пытаннях духоўна-маральнага выхавання. Дарэчы, разглядаем магчымасць уключэння студэнтаў у праекты, якія рэалізуюцца праваслаўнымі маладзёжнымі рухамі нашай краіны, бо варта больш актыўна праводзіць сустрэчы духавенства і студэнцтва, таму мы вітаем любыя ініцыятывы нашых УВА”.

Удзельнікі пасяджэння каардынацыйнага савета азнаёміліся з новымі падыходамі ў пытаннях духоўна-маральнага выхавання, вопытам работы сярэдняй школы № 70 Мінска, разгледзелі прыклад узаемадзеяння Нацыянальнага інстытута адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой у пытаннях удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і многае іншае.

Дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Вера Мартынава звярнула ўвагу на “Бацькоўскі ўніверсітэт”. “У выхаванні дзіцяці, асабліва ў раннім узросце, важная роля належыц­ь баць­кам. Аднак у ходзе даследавання мы высветлілі, што большасць апытаных баць­коў маюць цяжкасці ў выхаванні сваіх дзяцей, кожны пяты прызнаўся, што не здольны ўплываць на паводзіны свайго дзіцяці, ім не хапае ўменняў будаваць двухбаковыя зносіны з дзецьмі, разумець матывы іх паводзін, ствараць умовы для сумеснай дзейнасці, — выказала меркаванне дэкан. — “Баць­коўскі ўніверсітэт” — пастаянна дзеючая пляцоўка ўзаемадзеяння школы і сям’і ў выхаванні дзяцей рознага ўзросту. Яго поспех прадвызначаюць сучасныя формы работы, і гэта не толькі традыцыйныя бацькоўскія сходы, але і дыскусіі, практычныя заняткі, майстар-класы, канферэнцыі. На сайце нашага факультэта створана аднайменная анлайн-платформа ў дапамогу педагогам і бацькам. Прадстаўнікі рэсурснага цэнтра нашага ўніверсітэта вельмі рады, што праграма факультатыва “Асновы сямейнага жыцця” для 9—11 класаў трэці год рэалізуецца ў школах нашай краіны. Мы заўважылі, што дзеці праяўляюць непадробленую цікавасць да псіхалагічных ведаў, таму распрацавалі праграму факультатыву “Асновы псіхалогіі” для 7—9 класаў”.

У сваю чаргу дырэктар сярэдняй школы № 70 Мінска імя Л.М.Гурцьева Яўгенія Рудава зрабіла акцэнт на грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў на аснове далучэння іх да духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа: “Асноўная задача кожнай установы адукацыі — фарміраванне высокаадукаванай, гарманічна развітой, сацыяльна арыентаванай, прафесійна кампетэнтнай асобы, грамадзяніна і патрыёта Беларусі, здольнага да самастойнага жыццёвага выбару. Што ж такое грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і якая ў ім роля настаўніка, як зрабіць яго паспяховым, якія метады і формы работы больш эфектыўныя? Нагадаю, што са­праўдная задача настаўніка заключаецца не толькі ў развіцці інтэлекту, але і ў запальванні сэрца. У кожнай школьнай сям’і ёсць падмурак, закладзены заснавальнікамі, — у нас гэта школьны музей баявой славы, прысвечаны знакамітай 120-й гвардзей­скай мотастралковай Рагачоў­скай дывізіі. Музей спрыяе грама­дзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў, якія праз вывучэнне гістарычных эпох і па­дзей пачынаюць усведамляць сваю сувязь з роднай зямлёй, разумець і прымаць духоўна-маральныя каштоўнасці сваіх продкаў, і ў іх адбываецца ўсведамленне і разуменне значнасці міру, краіны і народа”.

Падводзячы вынікі пасяджэння, міністр адукацыі Ігар Карпенка выказаў упэўненасць, што “сумесная” зладжаная работа дазволіць паспяхова вырашаць агульныя маштабныя задачы, а таксама запрасіў усіх прысутных наведаць XIX Рэспубліканскую выставу навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечаную Году народнага адзінства, што адбудзецца 14—16 красавіка ў адміністрацыйным комплексе на пр.Пераможцаў, 14.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.