Камертон майстра 

- 13:32Культура

Па першай вышэйшай адукацыі ён архітэктар, па другой — рэжысёр, а яшчэ ён вядомы і паспяховы тэатральны і кінаартыст. Сёння Валерый КАШЧЭЕЎ вядзе праграму “Сэнс жыцця” на канале “Беларусь 1” і ўжо трэці дзясятак выкладае ва ўніверсітэце культуры, навучаючы падапечных акцёрскаму майстэрству і рэжысуры. 

Талент — вялікая рэдкасць

— Валерый Яўгеньевіч, сярод вашых студэнтаў ёсць тыя, каго можна на­зваць таленавітымі?

— Ну, талент наогул вялікая рэд­касць! Існуе такое меркаванне: калі на курсе 2—3 чалавекі здольныя, падаюць на­дзеі, то можна сказаць, што курс удаўся. І на вялікае задавальненне маё і педагогаў, якія працу­юць разам са мной, сёлета сапраўды вельмі добры выпуск. Некалькі маладых людзей размеркаваліся акцёрамі ў сталічныя тэатры, у прыватнасці, у Тэатр-студыю кіна­акцёра.

Архітэктурная адукацыя сумяшчае ў сабе інжынерныя веды і творчыя прадметы: архітэктурнае праектаванне, кампазіцыя, малюнак, жывапіс. З такім багажом я потым больш упэўнена адчуваў сябе на тэлебачанні, гэта мой падмурак.

— Вы ж ужо вельмі даўно выкладаеце?

— Усё пачалося ў 1995 го­дзе, калі загадчыца кафедры майстэрства акцёра Лі­дзія Аляксееўна Манакова запрасіла мяне ў Акадэмію мастацтваў на двухгадовую асістантуру-стажыроўку, з адрывам ад вытворчасці. Час быў сур’ёзны, няўтульны. Я да таго ніколі не марыў аб педагогіцы. Але, уласна кажучы, выбару вялікага не было, таму пагадзіўся без ваганняў. Пасля было тэлебачанне, а тэатральны факультэт усё роўна заставаўся. У акадэміі спачатку выкладаў на кафедры майстэрства акцёра, потым на кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання.

— Вас самога вучылі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяперашняя акадэмія) вядомыя людзі?

— Безумоўна. У першую чаргу заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Паўлавіч Забела. Ён тады набіраў курс, нас было нямнога, спачатку 6 чалавек, потым засталося 5. Усе людзі дарослыя, старэйшыя за 25 гадоў, штосьці пабачылі ў жыцці. Шмат з таго, чаму я навучыўся ў прафесіі і чым зараз карыстаюся, атрымаў дзякуючы яму.

Акрамя іншага, у нас быў нейкі асаблівы чалавечы кантакт.

Вельмі цікава праходзілі лекцыі Таццяны Ратабыльскай, якая мела каласальныя, энцыклапедычныя веды па гісторыі тэат­ра. Скончыў я інстытут, дарэчы, з чырвоным дыпломам, атрымаўшы яго праз дзесяць гадоў пасля першага, аб заканчэнні архітэктурнага факультэта БПІ.

Тэатральна-сямейны раман

— А палітэх вы з якім дыпломам скончылі?

(Смяецца.) Без троек. Паступаў туды збольшага па пара­дзе бацькі, ваеннага інжынера-будаўніка. Архітэктурная адукацыя сумяшчае ў сабе інжынерныя веды і творчыя прадметы: архітэктурнае праектаванне, кампазіцыя, малюнак, жывапіс. З такім багажом я потым больш упэўнена адчу­ваў сябе на тэлебачанні, гэта мой падмурак.

Тэатральны ж інстытут нібы рассунуў мае межы. Прафесія прафесіяй, але ён даў мне шмат і ў асабістым плане. У 30 гадоў я быў ужо чалавекам, які практычна сфарміраваўся, а тут многае давялося пераглядаць. Рэжысёрская і акцёрская дзейнасць разняволіла мяне. Хаця я не публічны чалавек, мне гэтага не трэба. Куды важней унутраны стан, свой уласны свет.

— Ваша жонка ж таксама актрыса?

— Так, Алена Акулёнак. Яна працавала ў Маладзёжным тэатры, шмат здымаецца ў кіно, праводзіць трэнінгі па сцэнічнай мове, вядомы і аўтарытэтны спецыяліст у сваёй галіне. У Алены выдатная адукацыя — Шчэпкінскае тэатральнае вучылішча. Вядома, асяроддзе, у якім ёй давялося знаходзіцца, сфарміравала яе як творчую асобу, загартавала характар. Зараз мы абое выкладаем ва ўніверсітэце культуры на кафедры тэатральнай творчасці. Я рэжысуру і акцёрскае майстэрства, а Алена — акцёрскае майстэрства і сцэнічную мову.

— Яна расказвала пра сваіх аднакашнікаў па знакамітай “Шчэпцы”?

— У іх быў зорны курс. У майстра Віктара Коршунава разам з ёй вучыліся Аляксандр Дамагараў, Алена Валюшкіна, якая сыграла галоўную гераіню ў “Формуле кахання”, Андрэй Рудзенскі, цэлы шэраг вядомых акцёраў. Лена да гэтага часу падтрымлівае сувязь са сваімі аднакурснікамі, сустракаецца з некаторымі на здымках. Яна патрабавальны педагог. Нашы студэнты рэгулярна ўдзельнічаюць у конкурсах чытальнікаў і нязменна заваёўва­юць высокія месцы — становяцца дыпламантамі і лаўрэатамі. У гэтым годзе на фестывалі “Чытаем класіку ў Траццякоўскай галерэі” наша дзяўчынка стала лаўрэатам. Жонка і ў Куйбышаве паспела папрацаваць, але ў выніку вярнулася да бацькоў у Мінск.

— Дзе вы пазнаёміліся?

— Мы працавалі на адным курсе ў БДТМІ, яна выкладала сцэнічную мову разам з Ільёй Львовічам Курганам, а я тады яшчэ быў на стажыроўцы. Разам мы ўжо больш за 20 гадоў. Яна мой анёл-ахоўнік.

“Наша раніца” і падарунак Шаранговіча

— А як з’явілася ў вашым жыцці тэлебачанне?

— Мой педагог Уладзімір Забела працаваў у Літдрамрэдакцыі на ТБ і яшчэ падчас вучобы пастаянна мне гаварыў — ідзі, маўляў, на тэлебачанне, я табе дапамагу. Але тады я быў захоплены тэатрам і тэлебачанне мяне мала цікавіла. А ў 2002 годзе аб’явілі кастынг на вядучых навінавых праграм на АНТ, і мой добры знаёмы рэжысёр літаральна ўгаварыў мяне туды прыйсці. Бадай, адзіны раз вядучых вызначалі гледачы — ініцыятыўная група прымала ўдзел у галасаванні. Па сутнасці, мы сталі “народнымі выбраннікамі”. Гэта вельмі адказна.

— Хутка адаптаваліся?

— Спачатку вельмі хваляваўся. Прамыя эфіры бацькі запісвалі на відэамагнітафон, я прыбягаў дадому і глядзеў. Праглядаў навінавыя выпускі маскоўскіх тэлеканалаў. Не ўсё атрымлівалася адразу. Потым я 13 гадоў быў вядучым праграмы “Наша раніца”. Тэлебачанне крута змяніла маё жыццё. Я сустракаў шмат цікавых і вядомых людзей, здымаўся ў розных тэлевізійных праек­тах. Незабыўныя ўражанні засталіся пасля работы над дакументальным фільмам “Савецкі Саюз”, дзе я быў вядучым. За чатыры месяцы група праехала тысячы кіламетраў ад Ташкента да Парыжа і ад Ка­рэліі да рэспублік Закаўказзя.

Зараз ужо на праграму “Сэнс жыцця” да мяне прыходзяць госці і часта ка­жуць: “Добры дзень, даўно мы вас не бачылі!” Вельмі хочацца, каб тэлегледачы таксама адчулі душэўную атмасферу гэтых гутарак.

— Хто з гасцей “Сэнсу жыцця” на вас зрабіў незабыўнае ўражанне?

— Усе, каго мы запрашаем на праграму, — людзі незвычайнага лёсу, якія рэалізаваліся ў сваёй прафесіі, цікавыя суразмоўнікі. Але некаторыя інтэрв’ю запамінаюцца асабліва. Калі я вучыўся ў
БДТМІ, народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч быў рэктарам. Прыгожы мужчына, таленавіты, высокі, статны, з раскошнай шавялюрай… І вось мы сустрэліся ў студыі “Сэнсу жыцця” ў снежні мінулага года.

Хвароба, вядома, змяніла яго, і наша праграма аказалася апошнім прыжыццёвым інтэрв’ю мэтра. Гутарка атрымалася цёплая, душэўная. На развітанне Васіль Пятровіч падарыў альбом з ілюстрацыямі да паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Гэта дарагі падарунак.

А наогул, паўтаруся, сустрэч было шмат цікавых — спартсмены, музыканты, мастакі, дырыжоры. Нядаўна гутарылі з дырэктарам Вялікага тэатра Кацярынай Дулавай. Зносіны з такімі людзьмі дазваляюць нешта зразумець і ў сваім жыцці.

Палкоўнік ГРУ і Кіса Вераб’янінаў

— У вашай фільмаграфіі звыш 80 роляў…

— Кіно, у асноўным серыялы, у нас здымаюць, як правіла, расіяне. Таму галоўныя ролі дастаюцца маскоўскім артыстам, а нам у лепшым выпадку другога плана. Таму сур’ёзных работ, якімі я задаволены, не так і шмат.

У 2010 годзе я сыграў палкоўніка ГРУ ў шаснаццацісерыйным фільме “Псеўданім Албанец”. Галоўную ролю выконваў Алег Штафанко. З першага дня ў нас склаліся добрыя творчыя адносіны. Здымкі вельмі многаму мяне навучылі дзякуючы рэжысёру з Санкт-Пецярбурга Аляксею Карэліну. Пазней ён неаднаразова запрашаў мяне ў свае карціны. Цікава было працаваць з масцітым Уладзімірам Краснапольскім.

— На здымках стужкі “Вольф Месінг: той, хто бачыў скрозь час”?

— Так. Рэжысёр ён выдатны. Яўген Князеў, які сыграў Месінга, дзіўны артыст, плас­тычны, жывы, арганічны… Наогул жа мне па­шчасціла выходзіць на здымачную пляцоўку, няхай у эпізодах, з Алегам Табаковым, Ірынай Разанавай, Багданам Ступкам, Аленай Якаўлевай у “Каменскай”, многімі выдатнымі акцёрамі. У кіно важна пападанне ў тыпаж. Таму ў маёй фільмаграфіі больш роляў сацыяльнага плана: дырэктары прадпрыемстваў, ваенныя, чыноўнікі, урачы. Вось яўных нягоднікаў сыграў ня­шмат. Але прымерыць на сябе такі вобраз таксама кайф. Кіно быццам пытаецца: кім ты хочаш стаць? На, паспрабуй. І табе за гэта нічога не будзе! (Смяецца.)

Існуе меркаванне: калі на курсе 2—3 чалавекі здольныя, падаюць надзеі, то можна сказаць, што курс удаўся. І на вялікае задавальненне маё і педагогаў, якія працуюць разам са мной, сёлета сапраўды вельмі добры выпуск.

— У тэатры, лічу, асаблівы вопыт для вас — Кіса Вераб’янінаў у мюзікле “12 крэ­слаў”?

— Канечне! Я ніколі не меў ніякага дачынення да музычнага жанру. Але аднойчы Дзмітрый Якубовіч і Настасся Грыненка, кіраўнікі тэатра “Тэрыторыя мюзікла”, пазванілі і прапанавалі ролю Кісы Вераб’янінава ў спектаклі “12 крэслаў”. Маўляў, нам не патрабуецца прафесійнае спяванне, патрэбен драматычны акцёр з вострахарактарнай манерай, які сыграў бы трагічны фінал — вар’яцтва Вераб’янінава, калі ўсе надзеі на цётчыну спадчыну пайшлі марна.

Узялі ў работу, дапамаглі з вакалам, далі каштоўныя парады. Гэтая роля стаіць асобна сярод астатніх маіх работ. Са спектаклем мы шмат гастралявалі, ігралі ў Вільнюсе, Таліне, Клайпе­дзе, Санкт-Пецярбургу, і ўсюды нас вельмі цёпла прымалі.

— Валерый Яўгеньевіч, не магу не задаць вам непазбежнае пытанне…

— У чым сэнс жыцця? Я шмат разоў задаваў яго сваім гасцям, спрабаваў адрасаваць сабе і ніколі не мог знайсці вычарпальнага азначэння. Ніколі. Леў Талстой сказаў: “Сэнс жыцця ў тым, каб жыць”. Бацькі заўсёды гаварылі: “Жыві сумленна, дапамагай людзям, каб цябе ўспаміналі добрым словам”. Я дадаў бы: у гармоніі з сабой, прыслухоўваючыся да ўнутранага камертона.

Уладзімір ПІСАРАЎ.
Фота з інтэрнэту.