Камішыбай — сторытэлінг па-японску

- 13:38Метадычная скарбонка

Як зацікавіць вучняў сваім прадметам? Як стварыць умовы для якаснага навучання? Як зрабіць адукацыйны працэс займальным і цікавым? Кожны творчы настаўнік у сваёй педагагічнай скарбонцы мае адпаведныя прыёмы, знаходкі і сакрэты. Мая метадычная знаходка называецца камішыбай.

Як настаўніцу мастацтва і гісторыі мяне зацікавіла праблема фарміравання ў вучняў метапрадметных кампетэнцый, асабліва камунікатыўнай — умець весці вусны і пісьмовы дыялог, вало­даць прыёмамі маналагічнага маўлення, спосабамі сумеснай дзейнасці ў групе, прыёмамі дзеянняў у сітуацыях зносін, уменнямі шукаць і знаходзіць кампрамісы, мець пазітыўныя навыкі зносін у полікультурным, поліэтнічным і шматканфесійным грамадстве, заснаваныя на веданні гістарычных каранёў і традыцый розных нацыянальных супольнасцей і сацыяльных груп.

Пазнаёмілася з камішыбай я падчас фестывалю гісторыі і культуры ў Брэсце ў 2019 годзе, дзе адным з пунктаў праграмы значылася, што спецыяльна для фестывалю тэатр “Камішыбаі” стварыў спектакль “Брэсцкі Цмок-ахоўнік” (тэкст Наталлі Герасімюк, ілюстрацыі Хрысціны Дацкевіч (Польшча). Маёй увазе паўстала невялікая драўляная скрынка, замест лялек у ёй былі малюнкі. Апавядальнік расказваў гісторыю пра Цмока, дзе на кожны фрагмент сюжэта быў свой малюнак. У камішыбай я ўбачыла вялікія магчымасці для развіцця вуснага маўлення і выяўленчых здольнасцей навучэнцаў праз тэатральную дзейнасць на ўроках мастацтва, а таксама для выхавання грамадзянскасці і духоўна-маральных якасцей.

Вучэбныя праграмы “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” для 5—6 класаў распрацаваны на аснове прынцыпу вобразна-тэматычнай дыферэнцыяцыі. Дзецям гэтага ўзросту хочацца праявіць сябе праз твор­часць, яны любяць маляваць, штосьці прыдумляць і расказваць. Але не сакрэт, што сучаснае дзіця вельмі часта не валодае ў поўнай меры прыгожым маналагічным маўленнем, не ўмее пісьменна весці не толькі вучэбныя, але і бытавыя дыялогі. Творчыя заданні на занятках з выкарыстаннем камішыбай дапамагаюць вучням узбагаціць маўленне, зрабіць яго гнуткім, навучыцца прыёмам дыялогу з парт­нёрам. Набытыя на занятках навыкі творчых зносін дапамагаюць дзецям у вучобе, побыце, зносінах з аднагодкамі. Элементы тэатралізацыі выкарыстоўваю на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці, шмат гадоў паспяхова вяду беларускі народны тэатр батлейку.

Кamishibai (камішыбай — яп. 紙芝居, складаецца з кан­дзі “камі” (“папера”) і “шы-бай” ( 芝居 , “драма”, “тэатр”), перакладаецца як “казачныя карціны на вуліцы” — гэта японскі папяровы тэатр, папярэднік кінематографа, тэлебачання, японскіх коміксаў манга, увогуле найцікавейшая з’ява ў японскай і сусветнай культуры. Напісанне і гучанне слова адрозніваюцца ў розных крыніцах: камішыбай, камісібай. Камішыбай больш падобны на праекцыйнае слайд-шоу, чым на кнігу з малюнкамі, на звычайную прэзентацыю, з тым адрозненнем, што замест нуднага дакладу прымяняецца сторытэлінг, а замест слайдаў з тэкстам — маляўнічыя ілюстрацыі. Гэта пастаноўка, якая складаецца з паказу шэрага ілюстрацый да аповеду і суправаджаецца вусным тлумачэннем.

Даследчыкі лічаць, што на з’яўленне прынцыпу камішыбай паўплывала японская будысцкая практыка этокі (“расказ па малюнку”) — тлумачэнне асноў будызму пры дапамозе нагляднага дапаможніка ў выглядзе малюнка. Першымі камішыбаямі (апавядальнікамі) і стваральнікамі гэтага віду тэатра былі найбольш адукаваныя людзі таго часу — будысцкія манахі. Вандроўныя манахі выступалі з тлумачэннямі рэлігійных паняццяў на кірмашах і людных сходах і пры гэтым збіралі ахвяраванні. Такая практыка была апісана ўжо ў Х стагоддзі, але страціла папулярнасць да ХVІІ стагоддзя. Вядома, што будысцкія школы выкарыстоўвалі камішыбай для распаўсюджвання свайго вучэння сярод малапісьменнага насельніцтва ў канцы 1920-х гадоў. І дагэтуль існуе такая практыка пры будысцкіх манастырах, асабліва падчас фестываляў.

Канструкцыя тэатра даволі простая, мабільная, кампактная і зручная для пераноскі і захоўвання малюнкаў. Уяўляе сабой спецыяльны драўляны кораб (рамку), скрыню з дзверцамі або без іх, з экранам для малюнкаў. Вырабляецца з тонкіх драўляных дошак. Раней камішыбай перавозілі на багажніку веласіпеда, падчас паказу скрыня так і стаяла на ім. Так было зручна гастраляваць з аднаго населенага пункта ў іншы. Апавядальнік-камішыбай быў звычайна прадаўцом цукерак і іншых прысмакаў, якія знаходзіліся ў асобнай скрыні. Тыя, хто купіў прысмакі, слухалі і гля­дзелі паказ бясплатна ў першых радах, астатнія — непадалёк. Памер скрыні мог быць розным, але, як правіла, стандартным (крыху большы за малюнкі (фармат А3 ці А2), каб свабодна перамяшчаць лісты кардону, паперы або тонкія дошкі (фанеру), асабліва пасля таго, як камішыбай ператварыўся ў бізнес. Малюнкі ўстаўляюцца загадзя. Па меры развіцця сюжэта гісторыі карцінкі адна за адной выцягваюцца збоку і на пярэднім плане аказваецца новы малюнак. Першапачаткова карцінкі былі просценькія па тэхніцы выканання, натуралістычныя, не перагружаныя лішнімі фактамі. Але ўжо мелі рысы, якія потым будзем знаходзіць у анімэ: пацешныя вялікія галовы, простая, але вядомая рысоўка, нескладаныя колеры. Спрошчаны тэкст скарачаўся, набываючы выгляд кароткага пераказу або смешнага дыялогу, які пазней можна будзе пабачыць у “бурбалцы” над галовамі персанажаў комікса.

Перад пачаткам паказу ў чаканні публікі дзверцы скрыні зачынены. Камішыбай (апавядальнік) для прыцягнення ўвагі звычайна выкарыстоўваў драўляныя палачкі (калатушкі “хёсігі”, “хіяшыгі”), гучна стукаючы адна аб адну. Спачатку павольна, а потым часцей і часцей, каб аповед гучаў захапляльна. Гэта прыйшло з будысцкай традыцыі і з’яўлялася своеасаблівым музычным суправаджэннем апавядання.

З часам былі створаны спецыяльныя канторы, якія прапаноўвалі ў пракат скрыні, малюнкі, апавяданні. Да з’яўлення тэлебачання ў Японіі ў 1953 годзе што­дня было каля 10 тысяч апавядальнікаў-камішыбаяў і 5 мільёнаў гледачоў. У канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў у Токіа існавала больш за двац­цаць кампаній, якія выраблялі малюнкі камішыбай. Дарэчы, у такіх кампаніях працавалі Санпей Сірата і Сігэру Мідзукі, якія пасля сталі вядомымі мастакамі коміксаў. Самая вядомая работа Мідзукі, GeGeGenoKitar, заснавана на п’есе Kamishibai, якая была папулярная ў 30-х гадах. Паказы дзяліліся на “сёнэн” (для хлопчыкаў) і “сё­дзё” (для дзяўчынак) — гэта адны з самых папулярных жанраў сярод сучасных японскіх коміксаў манга. Звычайна яны складаліся з камедыйнай гісторыі, меладрамы і прыгодніцкага экшн. Таксама былі вельмі распаўсюджаны гістарычныя драмы, “самурайскія баевікі”, фальклор, гарадскія легенды і нават навуковая фантастыка. Самі апавядальнікі часта перапынялі сваю гісторыю на паўслове, падахвочваючы гледачоў прыйсці на наступны дзень, спадзеючыся пра­даць яшчэ больш цукерак. Яшчэ адна асаблівасць: старыя майстры камішыбай падчас сваіх паказаў заўсёды актыўна працавалі з аўдыторыяй, умелі зацікавіць і выклі­каць рэакцыю гледачоў. У камішыбай было мноства папулярных гісторый і тэм, якія можна ўбачыць у сучасных манзе і анімэ.

У цяперашні час камішыбай вядомы ў Еўропе як педагагічны метад апавядальнага тэатра. Яго выкарыстоўваюць у школах і дзіцячых садах на ранішніках і фестывалях. Для яго выпускаюцца камплекты ў выглядзе малюнкаў у фармаце А3 і А4. Ёсць людзі, якія захоўваюць і папулярызуюць гэтае мастацтва, паказваюць турыстам. Адным з самых вядомых апавядальнікаў гісторый папяровага тэатра з’яўляецца Юсі Ясуна, яго псеўданім Ясан. Ён захапіўся гісторыяй развіцця камішыбай і яго сувяззю з мангай у 1972 годзе. У 2006 го­дзе ён некалькі разоў выступаў з паказамі ў Міжнародным музеі мангі ў Кіёта. Часам яго можна сустрэць на вуліцах Кіёта і паглядзець унікальныя пастаноўкі. Макі Са­джы (будысцкая манашка) стварыла камішыбай на аснове гісторыі пра дзяўчынку Садака Сасакі, якая пацярпела ў выніку выбуху атамнай бомбы ў Хірасіме ў 1945 го­дзе. У маі 2010 года яна была дэлегатам на сустрэчы ўдзельнікаў Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзер­най зброі ў ААН (Нью-Ёрк), дзе выступала з мэтай садзейнічання міру, гармоніі і свабоды ад ядзернай зброі.

Пры вывучэнні тэмы “Вобразы жывёл у мастацтве” на ўроках мастацтва я аб’ядноўваю вучняў праектам “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”. Адчыняюцца дзверцы настольнага тэатра камішыбай. Дзеці выходзяць па чарзе, настаўнік (або вядучы, ён жа рэжысёр-пастаноўшчык) мяняе малюнкі дзяцей у рамцы-шырме тэатра, а дзеці расказваюць аб тым, каго, што і чаму намалявалі. У выніку атрымліваецца цікавы і непадобны на арыгіналы аповед пра дамашніх гадаванцаў, пра сваю сям’ю, захапленні. З кожнага па малюнку — у выніку міні-галерэя (у класах па 25—30 навучэнцаў). Так дзеці вучацца імправізаваць, складаць, прыдумваць. Для рэалізацыі міні-праекта “Усе мы адзіная сям’я” па тэме “Сям’я ў мастацтве” дзеці зага­­д­зя рыхтуюць фотакалажы пра сваю сям’ю, склада­юць аповед. Некаторыя зачытваюць загадзя падрыхтаваны тэкст, некаторыя імправізу­юць. У сям’і ву­чаць нас любіць, рабіць дабро і шанаваць самае дарагое — сямейныя адносіны. Пры вывучэнні тэмы “У свеце казак” аб’ядноўвала юных творцаў праектам “Суніцы пад снегам” (японская народная казка). У праекце былі задзейнічаны 15 навучэнцаў, сем дзяцей малявалі (16 малюнкаў), чацвёра рыхтавалі пераказ, двое сканіравалі малюнкі, чацвёра рабілі кніжку-малышку, двое складалі пытанні для дыялогу з гледачамі. Задзейнічаць можна ўвесь клас. На другі варыянт работы можна даць заданне зрабіць кароткі пераказ любімай казкі і праілюстраваць яго.

З тэмай “Заняткі і захапленні дзяцей” знаёмімся праз праект “Непрыдуманыя гісторыі”. Для дзяцей, якія не могуць маляваць, можна дазволіць рабіць фотакалаж (у парадку выключэння), акцэнтаваць увагу на ўменні прыдумляць сюжэт і весці дыялог з гледачом. Дзеці па чарзе падыходзяць, змяшчаюць свой малюнак у рамку-сцэну, расказваюць сваю рэальную незвычайную гісторыю. Для камішыбай важна ведаць “мову цела апавядальніка”, умець выказваць эмоцыі праз міміку, жэстыкуляваць, здзіўляцца і хвалявацца разам з гледачом, гуляць інтанацыяй.

Вывучэнне тэмы “Свет прыроды ў мастацтве” можна арганізаваць праз галерэю гатовых рэпрадукцый жывапісцаў. Закладваю іх у скрыню і па чарзе вымаю, вучні разглядаюць іх, аналізуюць, складаюць свае кароткія тэксты і расказваюць перад класам. Тэму “Свет прыроды ў мастацтве — гля­дзім і слухаем” разглядаем у кірунках: “На прыродзе з Іванам Шышкіным”, “Які настрой у мора?”, “Які характар у прыроды?”. На ўроках сусветнай гісторыі ў 5 класе “экранізавалі” праз камішыбай тэмы, якія выклікаюць у дзяцей жывую цікавасць: “12 подзвігаў Геракла”, “7 цудаў свету”, “Алімпійскія багі”. Замацаванне і прымяненне вывучанага матэрыялу, развіццё камунікатыўных кампетэнцый такім чынам адбываецца ў розных відах дзейнасці.

Сумесна з настаўнікам англійскай мовы падрыхтавалі аповед “Цар Мідас” для 6 класа (зараз рыхтуем “Легенду пра Барбару Радзівіл” на англійскай мове), а з настаўнікам нямецкай мовы — “Выдатныя асобы Беларусі” ў 7 класе і інш. Паспяхова камішыбай мо­гуць выкарыстоўваць настаўнікі-дэфектолагі, лагапеды, складаючы свае кароткія апавяданні па тэмах, бібліятэкары падчас правядзення тыдняў дзіцячай кнігі, прэзентацый новых выданняў, выхавальнікі ў рабоце з дашкольнікамі, а таксама бацькі для баўлення вольнага часу з дзецьмі.

У інтэрнэце я знайшла кароткія артыкулы, відэа пераважна на англійскай, нямецкай, японскай мовах, зрэдку на рускай, як зрабіць драўляную скрынку. Зрабіць яе з дзецьмі вырашылі на беларускі манер. Праект назвалі “Камішыбай па-беларуску”. Свой першы камішыбай размалявалі ў стылі лубка, змясціўшы на ім выявы сонца і месяца. Першыя пастаноўкі — гэта прытчы, кароткія змястоўныя апавяданні з павучальным сюжэтам. У той час мы рыхтаваліся да выступленняў з батлейкай на Каляды і Новы год і выбралі хрысціянскія прытчы “Тры дрэвы” і “Тры кедры”. Так у нас пасябравалі беларуская батлейка і японскі камішыбай. Потым зрабілі аўтэнтычны японскі камішыбай пад фармат малюнкаў А3, а ў гэтым навучальным годзе — скрыню большага памеру пад фармат малюнкаў А2, што дазваляе дзецям выступаць не толькі ў класе, але і са сцэны, выкарыстоўваць яе не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці. Для кожнага паказу камішыбай мы робім скрыню для цукерак, запаўняем прысмакамі і частуем імі ўдзельнікаў праекта і лепшых гледачоў. Са сваімі пастаноўкамі выступалі ў музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, гарадской дзіцячай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна, у дзіцячым доме.

Падрабязней аб праекце чытайце па спасылцы:

Вольга ПЯШКО,
настаўніца айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 33 Брэста.