Кампанія не на адзін год

Год малой радзімы ў Беларусі будзе насычаны знакавымі падзеямі, адзначыла ў размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Наталля Качанава расказала, што ўрад распрацоўвае план мерапрыемстваў па правядзенні Года малой радзімы. “Плануецца насыціць яго знакавымі мерапрыемствамі”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле яе слоў, шырокамаштабная кампанія, прымеркаваная да Года малой радзімы, прадоўжыцца і ў 2019 годзе, паколькі рэалізаваць усё за адзін каляндарны год немагчыма.

Правядзенне Года малой радзімы прадугледжвае не толькі, напрыклад, будаўніцтва інфраструктурных аб’ектаў у рэгіёнах. Больш увагі ўдзяляецца ідэалагічнаму аспекту. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта падкрэсліла, што любоў да родных мясцін жыве ў душы кожнага чалавека і адлюстраваць гэта ў адным плане немагчыма.

Наталля Качанава нагадала, што акцэнт на гэтым рабіў і кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заклікаў кожнага задумацца, што канкрэтна ён можа зрабіць для сваёй малой радзімы не толькі ў матэрыяльным, але ў стваральным, асветным, творчым плане.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” выказала меркаванне, што развіццю рэгіёнаў неабходна ўдзяляць больш сур’ёзную ўвагу не толькі з боку рэспубліканскіх органаў улады, але і на месцах.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, людзі на месцах — асноўнае звяно, якое павінна вырашаць пастаўленыя задачы. Там, дзе яны працуюць больш адказна, ёсць вынікі. Выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не самамэта. Галоўнае — стварэнне рабочых месцаў, дасягненне добрага ўзроўню заработнай платы. У гэтых пытаннях мясцовым органам улады трэба праявіць большую актыўнасць, падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Таксама на кантролі павінны быць праблемы, якія хвалююць мясцовых жыхароў: водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне або занятасць.

Наталля Качанава асобна спынілася на тэме працаўладкавання, асабліва маладых людзей. “Мы бачым, што 30 працэнтаў беспрацоўных — моладзь. Вельмі важна на гэтым этапе падтрымаць маладога чалавека, даць яму першы штуршок у жыццё”, — адзначыла яна, дадаўшы, што Адміністрацыя прэзідэнта ўдзяляе сур’ёзную ўвагу пытанням занятасці. На гэта накіраваны і дэкрэт № 1, у кожным горадзе будуць створаны спецыяльныя камісіі.

“Рэалізацыя гэтага дэкрэта дасць магчымасць больш дзейсна вырашаць пытанні, якія тычацца занятасці. Мы бачым, што сітуацыя мяняецца ў лепшы бок”, — адзначыла Наталля Качанава.