Кампетэнтна — значыць якасна

На базе Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы праведзена пасяджэнне творчай лабараторыі намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Навагрудскага раёна па тэме “Арганізацыя метадычнай работы на падставе кампетэнтнаснага падыходу”. У семінары ўзялі ўдзел намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Мікалаеўна Барыкіна і дырэктар Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Міхайлаўна Стасевіч.

Адна з асноўных задач метадычнай дзейнасці нашай установы адукацыі — рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў рабоце з педагогамі. Метадычная вучоба педагогаў арыентавана на канчатковы вынік. Для граматнай арганізацыі і планавання метадычнай работы штогод на аснове дыягнастычных даследаванняў ва ўстанове вывучаецца задаволенасць педагогаў арганізацыяй метадычнай работы, ступень прыросту іх ведаў, праблемы. Акрамя таго, вывучаюцца запыты педагогаў на наступны навучальны год.

Кіраўнікі школьных метадычных фарміраванняў А.М.Кліменка, А.А.Яблонская, Ж.І.Антановіч, Т.С.Якубоўская, І.М.Радзюк прадставілі работу па рэалізацыі адукацыйных праграм у форме выступлення агідбрыгады.

Падчас семінара быў прэзентаваны віртуальны метадычны кабінет як шматаспектнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, арыентаванае на стварэнне неабходных умоў для павышэння творчага патэнцыялу і ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Прысутным было прапанавана наведаць “Кірмаш метадычных ідэй”, вучэбныя заняткі А.А.Цераховіч і В.Ф.Марушка. Настаўніца англійскай мовы Т.Я.Крылавец падрыхтавала творчую справаздачу па тэме самаадукацыі “Выкарыстанне гульнявых тэхналогій пры вывучэнні англійскай мовы як сродку развіцця моўных кампетэнцый вучняў”, а настаўніца рускай мовы і літаратуры А.М.Кліменка прэзентавала абагульнены вопыт работы па тэме “Кейс-тэхналогіі як метад актыўнага праблемна-сітуацыйнага аналізу”. Настаўніца матэматыкі І.М.Радзюк паказала адкрытае пасяджэнне фізіка-матэматычнай секцыі школьнага навуковага таварыства вучняў “Талент”, а настаўнік-дэфектолаг Т.С.Якубоўская прапанавала ўдзельнікам семінара наведаць майстар-клас па лэпбукінгу.

Важнае значэнне ў фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў адыгрывае і вучэбны кабінет. Настаўнік гісторыі Л.Б.Шапуцька пазнаёміла прысутных з экспазіцыяй “Летапіс школы”, якая створана ў кабінеце гісторыі.

Напрыканцы семінара педагог-псіхолаг К.В.Лебедзева з мэтай прафілактыкі прафесійнага выгарання правяла псіхалагічны трэнінг “Разам мы — адна каманда”.

У ходзе семінара не раз адзначалася, што любы педагог здольны павышаць сваю прафесійную кампетэнтнасць. Для гэтага неабходна намесніку дырэктара, на аснове дыягнастычных даследаванняў, граматна спланаваць метадычную работу.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.